Вы тут

Дай Бог здароўя нашым медыкам!


У рэдакцыю «Звязды» звярнулася наша 83-гадовая чытачка, якая хоча падзякаваць урачам з РНПЦ анкалогіі і радыяцыйнай медыцыны, што выратоўваюць чалавечыя жыцці.

«Больш за 10 гадоў таму я ўжо сутыкалася з анкалогіяй, — піша яна. — І да гэтага часу бясконца ўдзячная нашым урачам з Бараўлянаў, якія вылечылі мяне, можна сказаць, падарылі мне жыццё. Але ў гэтым годзе са мной зноў здарылася бяда: я зноў захварэла, але ўжо на іншае анкалагічнае захворванне (а тое, ранейшае, як сказалі дактары, да мяне так і не вярнулася). Мяне накіравалі ў Гродзенскую бальніцу. Там доўга абследавалі, але аперыраваць урэшце рэшт адмовіліся: маўляў, сэрца ў мяне хворае, можа і не вытрымаць.

Тады сын папрасіў у медыкаў накіраванне і адвёз мяне зноў у Бараўляны, у РНПЦ анкалогіі і радыяцыйнай медыцыны — так цяпер называецца былое НДІ анкалогіі. Там доўга вагаліся, але ўсё ж такі шпіталізавалі мяне, падарыўшы тым самым шанц на выздараўленне. Я разумею, што нялёгка, напэўна, было прыняць рашэнне зрабіць мне аперацыю: і ўзрост у мяне паважны, і сэрца, зноў жа... Тым не менш бараўлянскія дактары адважыліся на гэта. І я бясконца ўдзячная загадчыцы гінекалагічнага аддзялення №1 Даламанавай Алене Веніамінаўне за тое, што яна ўзяла на сябе такую адказнасць, і хірургу Плятнёву Андрэю Сяргеевічу, які зрабіў мне аперацыю. Ён зусім яшчэ малады, на выгляд яму ледзь за трыццаць, я яго нават сынком называла. Але, тым не менш, гэта ўжо прафесіянал з вялікай літары, вельмі добры хірург і выдатны чалавек. Ганаруся нашымі дактарамі! А яшчэ медсястрычкамі — вельмі цяжкая ў іх праца, яны не проста добрасумленна выконваюць свае прафесійныя абавязкі, але і знаходзяць для нас, хворых, добрыя словы падтрымкі і суцяшэння. Дай ім Бог усім здароўя! Выдатныя ў нас медыкі, па меншай меры, большасць з тых, з кім мяне сутыкала жыццё. Урачоў сёння многія крытыкуюць, але вы паглядзіце, якая цяжкая і адказная ў іх праца, а зарплата не вельмі ёй адпавядае. Сёй-той, не вытрымаўшы, кідае гэтую працу, але большасць усё ж застаецца! І нізкі паклон ім ад мяне і іншых удзячных пацыентаў за гэта. Яны ратуюць нашы жыцці!»

З павагай, Марыя Іванаўна Грыцкевіч, Карэліцкі раён.

Ад рэдакцыі: Нам было прыемна чытаць гэты ліст. Гэта выдатна, што наша чытачка не здаецца ў барацьбе з цяжкай хваробай і што медыкі дапамагаюць ёй, нягледзячы на неспрыяльныя абставіны. Ды і заўсёды прыемна чытаць лісты, у якіх падзяка, а не чарговая скарга. Няхай бы іх было як мага больш у нашай рэдакцыйнай пошце... Марыі Іванаўне мы жадаем здароўя, доўгіх гадоў жыцця і падзяляем яе павагу і захапленне нашымі ўрачамі, большасць з якіх — таленавітыя і неабыякавыя людзі, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы.

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.