Прайшлі святочныя дні. Згубілася за іншымі клопатамі і падзеямі інфармацыйная нагода згадваць і юбілей Васіля Быкава, і нядаўняе адкрыццё музея на дачы пісьменніка ў Ждановічах. А між тым...
Так, а між тым нагода ўсё ж ёсць. Пройдуць цёплыя восеньскія дзянькі. І музей закрыюць. Аказваецца, музей павінен працаваць з мая па верасень уключна — такія ўмовы работы філіяла «Музей-дача Васіля Быкава ў Ждановічах» Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Галоўная прычына сезоннай працы — адсутнасць патрэбных умоў: дом вельмі халодны (дарэчы, і Быкавы ніколі ці амаль ніколі не начавалі тут, прыязджалі, як правіла, на дзень), ацяпляць яго можна, толькі добра напаліўшы печ.
Але супрацоўнікі музея — загадчык філіяла журналіст і пісьменнік Алесь Гібок-Гібкоўскі (на здымку) і малодшы навуковы супрацоўнік Ірына Часнок — вырашылі, што было б несправядліва закрываць музей, які зусім нядаўна адчыніў свае дзверы. І Алесь Сямёнавіч вядзе нас, праўда, да дрывотні, дзе загадзя да халадоў нарыхтаваны дровы, якія ахвяраваў спецыяльна для музея беларускі фермер з-пад Ракава Валерый Гараўцоў. Дзякуючы гэтаму музей пры неабходнасці мае магчымасць прадоўжыць працу яшчэ і ў кастрычніку-лістападзе.
Разам аглядаем сядзібны ўчастак. Шмат сталага веку бяроз. Аказваецца, што яны раслі тут яшчэ да ўзвядзення дома. Адну з іх падчас будаўніцтва зачапіў экскаватар. Але пісьменнік выхадзіў дрэва. І зараз гэтая бяроза таксама расце на ўчастку.
Алесь Сямёнавіч распавядае пра суседзяў, якія жывуць ці жылі побач:
— Заходзіць да нас у госці кампазітар Ігар Лучанок. Частым госцем стаў і яго сын Андрэй. А насупраць — дача вядомага музыканта Аляксандра Мільто і яго сястры Ірыны, якая шмат гадоў аддала працы на Беларускім радыё. Яны вельмі цёпла сябравалі з сям'ёй Быкавых. Сярод экспанатаў, матэрыялаў, сабраных у філіяле, і паштоўкі, падораныя гэтымі людзьмі, адрасаваныя ім ад Быкавых.
Алесь Гібок-Гібкоўскі ў гасцёўні дачы звяртае ўвагу на вялікую грампласцінку «И пока на свете существует любовь». На канверце чытаем: «Мой родны кут, як ты мне мілы... Дарагім Ірыне Міхайлаўне і Васілю Уладзіміравічу. Жадаю толькі здароўя на радасць добрым людзям. 22-XІ. 88 г. Ігар Лучанок». На пласцінцы — «Майскі вальс», «Здымак у газеце»... Можа быць, гэтыя запісы гучалі, калі на дачу да Быкавых завітвалі Віктар Астаф'еў, Валянцін Аскоцкі, Ігар Дзядкоў, тыя з пісьменнікаў і крытыкаў, якія не аднойчы размаўлялі з аўтарам «Мёртвым не баліць» пра пякучыя памяткі вайны?..
На дачы — шмат мастацкіх твораў. Гэта і выдатныя малюнкі самога пісьменніка, і работы Наталлі Паплаўскай, Валерыя Славука, Віталя Дударэнкі. У пакоі Васіля Уладзіміравіча — сёння ўжо амаль антыкварная — пішучая машынка. І — паліцы з кнігамі. Кідаецца ў вочы, што ў Ждановічах сабрана нямала выданняў твораў Быкава на замежных мовах. Але сярод іх — і кнігі, якія браліся на адпачынак з разлікам на чытанне. Гэта відавочна. Непрачытаная кніга вылучаецца, яна сама за сябе гаворыць, што яе старонкі не гарталіся. Вось зборнік крытыкі, эсэ, эпісталярыі Веніяміна Каверына «Пісьмовы стол». На авантытуле: «Дарагому Васілю Уладзіміравічу — з удзячнасцю за ўсё, што вы зрабілі для нашай літаратуры. В. Каверын. 29/ ІІІ 1985». У гэтым невялікага памеру томіку — і кароткае, але яркае эсэ прысвечана Васілю Уладзіміравічу. Гартаю кнігу «ваенвыдатаўскай» серыі «Ваенныя мемуары» — «Атаку пачыналі танкісты». Аўтар — генерал арміі Я. Іваноўскі. Ёсць у аўтографе славутага генерала і такія словы: «...З удзячнасцю за Вашу праўду і шчырасць пра вайну...» Напісана ў 1984 годзе. Тады не мінула яшчэ і двух дзесяцігоддзяў, як шмат хто з генералаў лупіў словамі па пісьменніку і па зробленым ім. Дзякуй таму ваеначальніку, які падзякаваў Васілю Быкаву, няхай сабе ўжо ў 1984-м — Герою Сацыялістычнай Працы, прызнанаму ва ўсім свеце пісьменніку — за праўду і шчырасць.
Гартаем старонкі кнігі Івана Ласкова «На падводных крылах» з яго цёплым аўтографам Васілю Уладзіміравічу. Хаця і выйшла яна ў Мінску, а належыць пяру чалавека, які доўгі час правёў за межамі Беларусі. Іван Ласкоў — пісьменнік няпростага лёсу, гранічна шчыры і адкрыты чалавек. Такія, відаць, болей за ўсё і цягнуліся да Быкава. Як і Уладзімір Караткевіч, чый падарунак — вялікая карціна на гістарычную тэму — захоўваецца ў мансардзе.
Дарэчы, мансарда да дачы была прыбудавана пазней, чым асноўны дом. І пабудаваў яе сваімі рукамі пісьменнік Ганад Чарказян. «Васіль Уладзіміравіч сапраўды адчуў сябе ўтульна, калі ўзвялі мансарду, якая заўжды была напоўнена сонцам, — расказвае загадчык філіяла. — І ствараючы музейную экспазіцыю, мы пастараліся гэта падкрэсліць. Зразумела, што дача, якая будавалася з падтрымкай сакратара ЦК КПБ Аляксандра Кузьміна, узводзілася якраз з той мэтай, што тут ніхто не будзе дакучаць, тут будзе адпаведная працы атмасфера. Але ў выніку пісьменніку на дачы не вельмі працавалася. У адным са сваіх запісаў ён згадвае: «Не пісалася мне на дачы, усё тут шкодзіла — і размовы суседак побач, і брэх сабак, і дзіцячая гамана з піскам і крыкам...» І Васіль Уладзіміравіч болей проста адпачываў на лоне прыроды. Але ж ёсць і такая яго згадка ў кнізе «Доўгая дарога дамоў» пра 26 красавіка 1986 года, калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай станцыі: «... сядзеў на дачы і замест таго, каб паліваць ружы, пісаў нейкі артыкул...».
У мансардзе цяпер ужо як экспанаты ляжаць часопісы «Огонёк», газета «Неделя», «Новый мир» з «Архіпелагам ГУЛАГам» Салжаніцына, нумар «Военно-исторического журнала», шмат газет таго часу, да якіх дакраналася рука Васіля Уладзіміравіча....
У музея-філіяла — яшчэ першыя месяцы жыцця. Магчыма, некалі напішуць і яго дакладную гісторыю. Але ўжо сёння ясна адно: каб болей спасцігнуць сутнасць творчага лёсу вялікага пісьменніка, класіка нацыянальнай літаратуры, нельга абмінуць гэты яго адрас колішняга жыцця. Што і раім зрабіць усім, хто неабыякавы да самой згадкі пра Васіля Быкава. Едуць жа ў Ждановічы з Санкт-Пецярбурга, Ніжняга Ноўгарада, Масквы... То не абмінуць варта і нам, беларусам. Дзверы музея-філіяла ў Ждановічах адчынены з 11.00 да 17.00 у сераду, чацвер, пятніцу, суботу і нядзелю.
Мікола Раўнапольскі
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.