Вы тут

Ленін — сусед Пушкіна,


або Як я стаў... музейным экспанатам

Карэспандэнт «Звязды» пабываў у Полацку ў гасцях ва ўнікальнага чалавека, які са сваіх калекцый стварыў два музеі — «Эпоха Леніна» і «А. С.Пушкін. Погляд з мінулага». За ўваход Мікалай Глебавіч Панкрат плату не бярэ, як і за экскурсіі, якія сам праводзіць. Музеі размешчаны ў адным памяшканні: на двух паверхах прыбудовы да яго дома. Ён падкрэслівае, што яны — хатнія, а не прыватныя. Пры гэтым працуюць па графіку: штодня, акрамя панядзелка і аўторка.

«Я — народжаны ў СССР!»

У калекцыі Панкрата больш за 700 бюстаў і помнікаў Леніну, больш за 150 — Пушкіну, а таксама сотні — Сталіну, Дзяржынскаму, Лермантаву, Ясеніну, Высоцкаму, Талстому. Ён таксама збірае кнігі, паштоўкі, маркі, значкі, нават тэматычныя абгорткі ад шакаладу, цукерак…

Насамрэч дзіўна, што калекцыянер не баіцца паказваць экспазіцыю, пра якую мараць дырэктары многіх музеяў свету.

—Грошы за агляд калекцый не бяру прынцыпова, бо лічу, што любы музей — гэта свайго роду храм. А, як вядома, уваход у храмы — бясплатны. Збіраю экспанаты і ўтрымліваю музеі за свае грошы…

На пытанні, якія тычацца яго біяграфіі, Мікалай Глебавіч спачатку адказваў неахвотна. Маўляў, вы ж пра калекцыі пісаць прыехалі… А ёсць нагода напісаць менавіта пра яго, бо стаў першым іншаземцам і першым беларусам, узнагароджаным расійскім Ганаровым знакам імя Савы Марозава — за тое, што шануе памяць аб мінулым.

Мікалай Панкрат нарадзіўся ў Дзісне ў 1953 годзе. Яго маці працавала загадчыцай бібліятэкі. Яна любіла Пушкіна, магла на памяць працытаваць многія вершы. Захапленне маці перадалося і сыну…

—Мама, дарэчы, нарадзілася ў дзень смерці паэта — у Мёрскім раёне, у вёсцы, якая ўваходзіла ў калгас імя Пушкіна. Бацькі, калі ажаніліся, жылі на вуліцы Пушкіна, сын мой цяпер — у Полацку — таксама. Я ж 45 гадоў аддаў «служэнню» Пушкіну. А бюсты Леніна і ўсё, што звязана з СССР, пачаў збіраць, калі адчуў, што грамадства змяняецца. І тое, што раней было, можна сказаць, «святым», страціла сваю важнасць, павагу. Збіраў і захоўваў усё для душы. Але з гадамі захацелася зрабіць калекцыю даступнай для іншых, — працягвае палачанін.

21-30

Дзед Панкрата — з роду Наркевічаў, падпалкоўнік царскай арміі. З Піцера ўцёк, калі бальшавікі да ўлады прыйшлі. Афіцэр у выніку апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі…

—Многія з маіх сваякоў пацярпелі ад савецкай улады. І за што, здаецца, мне любіць яе? Я люблю сваю Радзіму — СССР! Я — народжаны ў СССР. І гэта не проста прыгожыя словы, а маё жыццё, якое я, упэўнены, не дарма пражыў. Я ж не магу перапісаць сваё жыццё і забыць Савецкі Саюз. У той краіне нарадзіўся, піянерам і камсамольцам быў. Вось, дарэчы, скульптура юнага Валодзі Ульянава, ля якой мяне прымалі ў піянеры. У арміі савецкай служыў, прапаршчыкам, і ганаруся гэтым званнем.

Без містыкі не абышлося…

Работнікі музея-запаведніка «Пушкінскія горы», паводле слоў калекцыянера, былі ў шоку ад убачанага.

—Сказалі, што мая пушкінская калекцыя багацейшая за тую, што ў іх ёсць, — усміхаецца Мікалай Глебавіч.

Зразумела, для яго ўсе экспанаты дарагія, але ёсць на самой справе ўнікальныя. Напрыклад, скульптура Леніна, зробленая ў 1924 годзе, газеты 1920‑х гадоў, календары… Ёсць у экспазіцыі і кубак з «Аўроры», скульптура Леніна з будынка ЦК ВЛКСМ, бюст правадыра, падораны Мікалаю Віктаравічу Падгорнаму (у ліку іншых пасад ён займаў і пасаду старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. — Аўт.), тое, што было на дачы Брэжнева…

Мой суразмоўца сказаў, што пакіне мяне аднаго на пару гадзін. І па маёй спіне чамусьці прабеглі мурашкі. Усякае было за час журналісцкай практыкі, але застацца аднаму сярод мноства Леніных, Пушкіных, у тым ліку і копіі яго пасмяротнай маскі, у кампаніі Маркса, Энгельса і іншых вядомых асоб… У гэтым было для мяне нешта містычнае. А раптам?

—Не, статуі не ажываюць. Хаця… — кажа калекцыянер. І раптам сярод экспанатаў пачуўся гук! — Ну, нешта ўпала. Калі б скульптура, гук быў бы іншы. У мяне скульптуры некаторыя кілаграмаў 250 і больш важаць…

Калекцыянера мала хто разумее 

—Калі нешта я купіў для калекцыі, значыць, сям'і менш грошай дасталася! Правільна? Сын — у Полацку, а дачка — у Германіі, ды не ў сваім доме, а кватэру там здымае… А я нават за ўваход у музеі грошай не бяру… Дзеці, як і многія іншыя, не разумеюць мяне, — прызнаўся пенсіянер.

На жаль, немагчыма апісаць усё, што ёсць у калекцыі. У ліку іншых гэта і экспанаты, прысвечаныя космасу. Імі калекцыянер асабліва даражыць. Напрыклад, ганарыцца тым, што валодае плітой з месца гібелі Гагарына, усталяванай у 1975 годзе. Калі ставілі новую, беларускаму калекцыянеру і падарылі папярэдніцу. Ёсць і жэтоны горада Полацка за 1870 год, іншыя рарытэты, звязаныя з Полацкай зямлёй.

Тут можна ўбачыць больш за 150 старых тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, радыёл — і ўсе працуюць! Пенсіянер слухае на іх шлягеры часоў СССР і песні Высоцкага.

—На афармленне экспазіцыі патраціў прыкладна два гады. Экскурсіі пачаў праводзіць сем гадоў таму. Можна сказаць, усё зроблена сваімі рукамі. А колькі я перацягаў бюстаў і помнікаў — гэта ж тоны! — гаворыць калекцыянер.

Ён не ўтойвае, што нораў мае, як той казаў, круты. У прыватнасці, пасварыўся з сябрам, які лаяў уладу. Маўляў, і тое дрэнна, і гэта…

—А ў самога некалькі гандлёвых пунктаў і ездзіць кожны год, ды па некалькі разоў, адпачываць на мора, за мяжу. Я выслухаў і сказаў, каб ён больш мне не тэлефанаваў. Не хачу, каб у нас было, як ва Украіне! — эмацыйна кажа пенсіянер.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Часта наведвальнікі прыемна здзіўляюць калекцыянера. Адны пасля ўбачанага спяваюць у музеі савецкія песні. Дашкольнік жа з вялікім інтарэсам агледзеў экспанаты, а потым дзеду свайму сказаў: «А ты скардзіўся, што дрэнна жыў, калі маладым быў. Вы ж так жылі добра!».

—Ужо больш за 10 тысяч чалавек з 40 краін наведалі мае музеі. І гэта, нягледзячы на тое, што няма паказальніка, які б паказваў дарогу да іх. Прадстаўнікі ўлады ўсё абяцаюць, але відаць, рукі да гэтага не даходзяць… А ад гэтага народ пакутуе, бо шмат часу людзі трацяць на тое, каб знайсці мой дом, — агучыў праблему пенсіянер.

Каму дастанецца?

Пажадаў Мікалаю Глебавічу мінімум 110 гадоў жыцця, але ж калі-небудзь яго не стане…

Што будзе з калекцыяй?

Ён з гонарам распавёў пра ўнучку, якая вучыцца ў Віцебскім медыцынскім універсітэце. Унук жыве ў Германіі.

—Дзяржаве сабранае за дзясяткі гадоў перадаць? Дык гэта не трэба музеям нашым, бо інакш і музейныя работнікі калісьці збіралі б тое, што валялася на сметніках. Маглі ж у свой час спакойна сабраць бюсты і іншае ў будынках абкамаў і райкамаў… Але ж ніхто гэтага не рабіў. Я наогул мару, каб у кожным больш-менш буйным населеным пункце ў нашай краіне быў музей, прысвечаны СССР. Пакуль сілы будуць, працягну папаўняць калекцыю. У гэтым праблемы няма, а вось месца, каб усё размясціць, мала. Прадаць? Думкі такія бываюць. Цяжка аднаму ўтрымліваць музеі, дзе я — дырэктар, экскурсавод, захавальнік фондаў і прыбіральшчык, — разважае калекцыянер.

На яго думку, іншыя калекцыянеры не спяшаюцца таксама нешта паказаць яшчэ і таму, што няма закона аб прыватных музеях.

Задаў пытанне аб маўзалеі Леніна. У Расіі вельмі актыўна абмяркоўваецца перспектыва пахаваць правадыра пралетарыяту.

21-28

—Я супраць таго, каб Леніна закапалі. Вы лічыце, што гэта адбудзецца ў 2017 годзе? Калі так, думаю, што знойдуцца людзі, якія яго пажадаюць «падзяліць» на часткі і будуць выстаўляць напаказ, як мошчы святых. А і гэта няправільна! Хай Ленін знаходзіцца на сваім месцы. Відаць, самаму Леніну не хапіла зямлі, якую ён аддаў народу. А прымуць яго з маўзалея, будзе вялікая сварка ў Расіі, — працягвае калекцыянер.

Спытаў яго і пра Бога, калі ўбачыў экспазіцыю на рэлігійную тэму.

—Улічваючы, што ў музеях паказваю мінулае, без такіх экспанатаў ніяк. Крыўдна за тое, што цэрквы аднаўляюць, а нашы музеі, бібліятэкі, клубы прыходзяць у запусценне. Нешта такое было, толькі наадварот, калі народ ладзіў танцы ў храмах, чытальныя залы, бібліятэкі там адкрывалі. Ці не так? Відаць, што гісторыя, як і ўрокі мінулага, мала чаму навучыла, — дзеліцца думкамі пенсіянер.

Калекцыянер заўважыў маё падабенства з Пушкіным. І на некалькі гадзін я стаў «жывым экспанатам». Мікалай Глебавіч вырашыў уключыць у экспазіцыю мае фота ў вобразе Пушкіна. Гэтыя здымкі, аўтарам якіх з'яўляецца Антон Сцепанішчаў, былі надрукаваны ў «Звяздзе» ў 2003 годзе. Тады я быў двайніком Пушкіна ля помніка паэту ў Віцебску. Ёсць і фота «ажыўшага Пушкіна» з нумарам «Звязды»…

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Полацк — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.