Вы тут

Як я кветкі прадаваў


8 сакавіка карэспандэнт «Звязды» паспрабаваў сябе ў ролі... прадаўца цюльпанаў

Журналіст потым прызнаўся калегам, што гэта было самае цяжкае выпрабаванне пры падрыхтоўцы рэпартажу для рубрыкі «Выпрабавана на сабе». Праблемы пачаліся яшчэ падчас таго, як дамаўляўся з прадаўцамі кветак.

10-18

У гандляркі я пайшоў бы...

У святочны дзень у Віцебску было холадна, ішоў дождж. Але гэта зусім не сапсавала настрой тым, хто хацеў парадаваць каханых, блізкіх. Праўда, мне было не весела. А ўсё таму, што зараней ніяк не атрымлівалася дамовіцца з гандлярамі кветак! І ў дзень рэпартажу сумняваўся: ці атрымаецца?

— Дапамагаць прадаваць 8 сакавіка? Нельга, вядома! Калі з падатковай прыйдуць, што скажу? Вы ж без афармлення на працу! А потым штраф плаціць? — павышаным тонам адмовіла мне гаспадыня і паралельна прадавачка кветкавай «кропкі» на вуліцы Гагарына.

Хадзіў бы па крамах яшчэ не адну гадзіну, калі б не сустрэў знаёмага.

— Пачакай, пастараюся знайсці тэлефон. Запісвай. Аляксей Агеевіч.... У яго «кропка» па продажы кветак ля абласной бібліятэкі, — супакойваў мяне школьны таварыш.

Як потым высветлілася, з Аляксеем Піраговым мы знаёмыя! Ён — старшыня віцебскага народнага клуба кветкаводаў-аматараў, які працуе пры цэнтры культуры «Віцебск».

— 8 сакавіка — самы напружаны дзень у годзе для тых, хто кветкі прадае! Ну... калі ласка! — парадаваў Аляксей Агеевіч.

Два святы ў адзін дзень

Каля 10 гадзін раніцы зайшоў у павільён.

— Вы па кветкі? З газеты? Так, папярэдзілі! Нядаўна адкрыліся? Ды вы што? Мы з сямі раніцы працуем! — гаварыла прадавец кветак.

Мы і з ёй, аказваецца, знаёмыя! Раней Дзіяна працавала ў іншай кветкавай «кропцы». Запомніла мяне як пастаяннага пакупніка. Ветлівая, заўсёды дапаможа выбраць самыя свежыя кветкі. Ды і пагаварыць па душах можна.

Хутка радасць змянілася лёгкім расчараваннем. Пакупнікоў было так шмат, што я перашкаджаў актыўнаму гандлю.

Папрасіў мужчыну спартыўнага выгляду сказаць, каму купляе кветкі. Той так на мяне паглядзеў, што я, як герой фільма «12 крэслаў», зразумеў, што могуць і пабіць.

Наплыў пакупнікоў быў вялікі. Папрасілі пачакаць на вуліцы. Тут і фатограф падышоў.

— Не хачу ў газету! Навошта мяне здымаць? Я нявестцы купіла кветкі! Ай, спяшаюся! — на хаду адказвала жанчына.

З фатографам падумалі, што дарма час трацім. Але трэба ж зрабіць рэпартаж! Каб завабіць кліентаў, у падарунак абяцаў фірменны падарунак ад «Звязды». Мо трохі і паспрыяў продажу кветак.

Ніжэй сціплыя словы тых, хто пагадзіўся, каб пра іх напісалі.

— У мамы сёння дзень нараджэння! Вось кветкі выбраў у падарунак. Дзякуй за каляндар, прыемна! — расказаў малады праграміст.

— Жонцы букет падару, — адказаў рабочы.

— Ужо два букеты купіў у іншых павільёнах каб «не паўтарацца», — падзякаваў за ўвагу радыёінжынер.

Ружы — як... жанчыны!

Пацікавіўся, як выбраць такія кветкі, каб доўга радавалі вочы. Паважаныя прадаўшчыцы сказалі, што кветкі — як... дзяўчаты.

— Адным падабаюцца брунеткі, другім — бландзінкі... Вядома, самае галоўнае — першае ўражанне! Так і кветкі! Глядзець трэба не толькі на лісце, не важна і колькі пялёсткаў. Галоўнае, каб не пацёртыя і не памятыя, — кансультуюць мяне.

Дамы сказалі, што кветкі, якія прадаюць, экспартуюцца з Эквадора, Галандыі... А дзе беларускія? Здзівілі, што гаспадар «кропкі» вырошчвае цюльпаны, якія можна купіць.

Хутка да нас падышоў сам Аляксей Агеевіч. Гледзячы на яго, ніколі не прыйдзе ў галаву, што ён 1945 года нараджэння. Нават танцамі займаецца! Мо сакрэт маладосці ў захапленні кветкамі?

— Дзе нашы айчынныя? Пытанне не да мяне. Вось, напрыклад, калі напярэдадні свята патэлефанавалі б у аддзел збыту віцебскага прадпрыемства, на якім вырошчваюць кветкі, тыя ж ружы. Папрасілі б, напрыклад, 1000 штук оптам. І вам наўрад бы пайшлі насустрач... У іх свае пункты па продажы. Ведаю, што фермер беларускі спрабаваў вырошчваць кветкі. Ды не атрымалася, — расказаў Аляксей Пірагоў. — Няма ў нас, на жаль, традыцыі і культуры прамысловага вырошчвання кветак! Прыбытковая справа, але... Вось ужо каля 25 гадоў кірую клубам, які яднае каля 90 аматараў кветак. Па адукацыі я — біёлаг, настаўнік працы. Для таго, каб вырасціць нармальную кветку, трэба шмат умоў. У прыватнасці, кожны дзень павінен мяняцца тэмпературны рэжым. Гэта здаецца, што лёгка. Маўляў, раз у цяпліцы, то вырасце. Ды не ж! А ў тым жа Эквадоры прыродныя ўмовы ідэальныя: цёпла, амаль што няма ападкаў... Пры гэтым палякі з амаль што нашым кліматам вырошчваюць! ...Так, і я вырошчваў кветкі на прысядзібным участку. Але адчуў, што ўжо не той у мяне ўзрост.

Па дарозе ў карпункт заўважыў, што шмат прадаўцоў зарабляюць на кветках на вуліцах. І ніякіх дазволаў, падаткаў... Вядома, у гэты дзень можна зарабіць нядрэнна. Толькі адны робяць гэта законна, а «кветкавыя прышэльцы» — не!..

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.