Вы тут

Прэйскурант паслуг


Пра законы рынку, пракіслыя парэчкі і шпалеры пад ганкам.

У нашым парэчкавым краі ўраджай сёлета не такі вялікі, як летась. Больш урадзіла смародзіна — менавіта так у нас завуцца парэчкі чорныя. Пэўна, першы куст прывезлі людзі рускамоўныя (а іх у нашай вёсцы ў 20-я — 30-я гады мінулага стагоддзя хапала, бо стаяла пагранічная застава на колішнім памежжы з Польшчай, і служылі на ёй у асноўным ураджэнцы Курскай і Разанскай абласцей). Чорныя вітамінныя ягады і сёння маюць статус далікатэсу, прынамсі, вырошчваюцца толькі для ўласнага карыстання: перакручаныя з цукрам на мясарубку, яны могуць стаяць у халадзільніку да наступнага года. Смаката! А вось родныя парэчкі (менавіта чырвоныя) у нас на вытворчы паток пастаўлены. У кожным двары кустоў па пятнаццаць, а то і больш, і кіслыя ягады кожнае лета даюць добры прыбытак. Ва ўсякім разе, на цукар, каб з астатняга садовага ды ляснога ўраджаю зварыць варэнне і паставіць кампоты, хапае.

Раней здача гэтых самых парэчак ператваралася ў сапраўдную эпапею для дарослых і цікавую прыгоду для дзяцей. Нарыхтоўчы пункт знаходзіўся ў суседняй вёсцы, таму везці ягады даводзілася на падводах. Тут у выйгрышы былі тыя, хто працаваў у саўгасе: у іх коні былі ў руках, астатнія ж дзейнічалі па прынцыпе «з кім дамовішся». Нярэдка на адну падводу нагружалі столькі выварак, вёдраў і мяхоў з-пад мінеральных угнаенняў, што сесці ўжо не было дзе нават таму, хто за лейцамі. Прыехаўшы, стаялі ў даўжэзнай чарзе з гэткіх самых падвод, што з'язджаліся з усяго наваколля. Прымалі ягады павольна: узважвалі кожную ёмістасць на вагах з гірамі, адымалі вагу посуду, вылічвалі зніжку за лісце, занатоўвалі ўсё ў сшытак з цыратовай вокладкай (разлік праводзілі праз колькі дзён).

Прастаяць у той чарзе можна было да вечара. Але гэта яшчэ паўбяды — горш за ўсё было, калі ў нарыхтоўшчыцы заканчвалася тара — вялізныя пластыкавыя бочкі. Тады, не зважаючы на ўмольныя просьбы, яна зачыняла дзверы прыёмнага пункта проста перад носам у людзей. Тыя, каму не пашанцавала, выказаўшы абурэнне, раптам успаміналі, што ў вёсцы за чатыры кіламетры ёсць яшчэ адзін прыёмны пункт, і кідаліся туды. Вось гэта было весела! Коней гналі адно перад адным ледзь не галопам, вываркі бразгалі, кабеты вішчалі на падводах ад страху, дзеці — ад захаплення, колы на незаасфальтаванай дарозе ўздымалі клубы белага пылу, і парэчкі станавіліся, нібы прысыпаныя цукровай пудрай. Праўда, нярэдка гэтыя гонкі не мелі выніку: на прыёмным пункце маглі чакаць замкнутыя на цяжкі замок дзверы і надрапанае на шматку паперы «Няма тары» (не тое што сотавыя — звычайныя тэлефоны былі на вёсцы гадоў трыццаць таму вялікай рэдкасцю, таму даведацца пра гэта паперадзе было проста немагчыма).

Хтосьці, у каго ягады былі зеленаватыя, ехаў ні з чым дадому, спадзеючыся, што заўтра пашанцуе больш, хтосьці, у каго спелыя парэчкі пасля гонак па гарачыні патаўкліся, пусцілі сок і нават паспелі забрадзіць, праклінаючы ўсё на свеце, ссыпаў не здадзены і ўжо ні на што не прыдатны ўраджай проста на ўзбочыне дарогі. Здаралася, такімі вось рудымі гнілымі кучамі былі засыпаны ўсе ўзбочыны. Але налета ўсё паўтаралася зноў: млоснае сядзенне ў кустах пад гарачым сонцам і гудзеннем аваднёў, пошук падводы, стаянне ў доўгай чарзе. Бо калі шанцавала, можна было за здадзенае купіць дзіцяці поўную экіпіроўку да школы, напрыклад. І нам тады гэта было патрэбна больш, чым нарыхтоўшчыкам, у якіх план (а з ім — і прэмія) залежаў выключна ад напоўненасці бочак, што былі на той момант у наяўнасці...

Пра ўсё гэта мы нядаўна з лёгкім адценнем настальгіі па вясковым вольным дзяцінстве ўспаміналі з сястрой, пільнуючы каля брамкі перасоўны нарыхтоўчы пункт, які павольна праехаў па вёсцы, сігналячы, каб на зваротным шляху сабраць тое, што людзі за апошнія два дні паспелі назбіраць. Цяпер у тых, хто хоча парэчкі здаць, толькі адзін клопат: сёлета з-за халоднай вясны гронкі не такія доўгія ды ягады не такія буйныя. Ды яшчэ машыну, што збірае, не правароніць.

Зрэшты, за апошняе людзі асабліва і не хвалююцца: прапусціш гэту — будзе іншая. Нарыхтоўшчыкі з'язджаюцца да нас, без перабольшвання, з усёй краіны. Той, якога чакалі мы, прыпісаны да Жлобіна (адтуль да нашай вёскі кіламетраў, пэўна, трыста). Хуценька ўскінуў на электронную вагу нашу выварку, падлічыў на калькулятары, аддаў грошы (сто адзінаццаць тысяч — як з куста, за пару гадзін), паехаў далей. Усім добра, усе задаволеныя. Законы рынку і новага, больш імклівага стагоддзя: твая справа будзе паспяховай толькі тады, калі яе вынікі будуць зручнымі і выгаднымі для спажыўцоў. Інакш на тваё месца вельмі хутка прыйдуць іншыя, якія прапануюць спажыўцу тое, што ён хоча, а ты застанешся ні з чым. Вельмі нават правільна і справядліва.

Не ўсе, праўда, пакуль гэта разумеюць. Давялося нядаўна рабіць рамонт на кухні. У будаўнічым супермаркеце ў сваім мікрараёне купіла ўсё, што трэба было, адным заходам. І з дастаўкай праблем, здавалася, не будзе: па Мінску яна ў магазіна бясплатная. «Але толькі да пад'езда»,— папярэдзіла ветлівая дзяўчына, якая выпісвала накладную. Фактычна паставіўшы перад фактам, бо ва ўсіх аб'явах аб дастаўцы пра гэта — ні слова. «Як жа так? — разгублена залыпала я вачыма, уяўляючы, як цягну на ганак і да ліфта мяшкі з тынкоўкай і скрынкі з пліткай. — Я гатова даплаціць, колькі скажаце, абы паднялі ў кватэру». «Ну, не ведаю, можа, на месцы дамовіцеся...»

Адступаць не было куды, за матэрыялы ўжо былі заплочаны немалыя грошы. З грузчыкамі, што прывезлі пакупку, дамовіцца не ўдалося: хлопцы, спачуваючы беднай жанчыне, падняць мяшкі і скрынкі хаця б да ліфта (вядома ж, не бясплатна!) не пагадзіліся ні за што. Сказалі: іх за гэта звальняюць без папярэджання.

Не буду расказваць пра тое, як дошкі, тынкоўка і плітка трапілі тады на мой сёмы паверх. Пасля я папрасіла ў магазіне кнігу заўваг і прапаноў і напісала... не, не скаргу і нават не заўвагу — менавіта прапанову. Маўляў, шаноўныя, калі хочаце не прайграць у канкурэнцыі з іншымі, зрабіце паправачку ў дастаўцы. Зрабіце яе платнай, напрыклад. Ці за дастаўку ад пад'езда ў кватэру ўстанавіце таксу. Без розніцы, але каб было па-людску.

Сёлета я пакой узялася рамантаваць. Першае, што зрабіла, — патэлефанавала ў той супермаркет, пацікавілася пра ўмовы дастаўкі. Усё тое ж — да пад'езда бясплатна, а там хоць ты танцуй на выкінутых пад ганкам шпалерах ды паркеце...

Карацей, як мінімум, на аднаго пакупніка ў іх дакладна стала менш. Законы рынку жорсткія, але справядлівыя.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.