Вы тут

Сляды на зямлі


Не абавязкова таптаць свежы асфальт, каб іх пакінуць.

На ўскрайку тратуара ля нядаўна заасфальтаванай праезнай часткі дзве дзяўчыны гадоў па шаснаццаць займаліся дзіўнай справай. Трымаючы адна адну за рукі, каб не паваліцца, яны з усёй моцы тупалі адной нагой па свежым бліскучым асфальце. Мінакі здзіўлена на іх пазіралі, а я нават спынілася, спрабуючы даўмецца, што яны робяць. Нарэшце зразумела: чорная маса на адрамантаванай дарозе яшчэ не зусім застыла ў такую спёку, і, калі некалькі раз тупнуць, трапіўшы дакладна ў адно і тое ж месца, застанецца след. Застанецца надоўга, прынамсі да наступнага дарожнага рамонту, і можна будзе, усякі раз праходзячы ці праязджаючы міма, з гонарам усведамляць, што вось тут ёсць знак, які ты пакінуў на зямлі...

Напэўна, яны так і думалі, наіўныя гарадскія падлеткі, засяроджана стараючыся адціснуць адбіткі ног на асфальце. Так і карцела спагадліва патлумачыць ім, што не такія сляды на зямлі трэба імкнуцца пакінуць. Але я проста рушыла далей. Гэта не трэба тлумачыць. Да гэтага чалавек павінен дайсці сам. Або не дайсці — калі б даходзілі ўсе, не было б у нас столькі зламаных лавак і ліфтаў, пакалечаных і парэзаных дрэў, пакрэмзаных сцен і будынкаў... Спадзяюся, гэтыя незнаёмыя дзяўчынкі дойдуць. Стануць дарослымі і зразумеюць. Бо гэта насамрэч проста, як дыхаць. І прыкладаў вакол — безліч, калі захочаш іх заўважыць.

У нашай вёсцы 16 жніўня было свята — дзень Святога Роха. Адзін са шматлікіх святых, у каталікоў ён лічыцца заступнікам ад эпідэмій. Праўда, на маёй радзіме ён ужо даўно страціў сваю канфесійную прыналежнасць. Бо, незалежна ад таго, праваслаўны ты, каталік ці ўвогуле бязбожнік, у гэты дзень абавязкова трэба выйсці з хаты насустрач абразу з выявай Святога, пацалаваць яго, далучыцца да працэсіі, якая павольна абыходзіць вёску, замкнуць разам з землякамі гэты ахоўны магічны круг.

Так доўжыцца ўжо больш за паўтара стагоддзя. Мясцовае паданне, якое бабулі ўжо не аднаго пакалення расказваюць унукам, гаворыць пра тое, што абраз з'явіўся ў вёсцы падчас эпідэміі халеры. Гэта дзесьці ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, бо, як сведчаць гістарычныя крыніцы, тады якраз была апошняя эпідэмія на нашай зямлі. Яго знаходжанне не было звязана з нейкім цудам — мясцовая пані проста замовіла яго ў Варшаве. Заплаціла, пэўна, немалыя грошы: выява Святога (дакладней, цэлы сюжэт з яго жыцця) напісаны алеем на палатне ўнушальных памераў — з добрае вясковае акно. Купіла яго не для сябе — аддала людзям. Ратавала іх ад смерці. Паданне сведчыць — выратавала. Абраз абнеслі вакол вёскі, і хвароба, якая лютавала ў наваколлі, дзівосным чынам прайшла міма.

З таго часу мае землякі выконваюць гэты рытуал — у сярэдзіне жніўня абносяць выяву Святога вакол вёскі. Войны, рэвалюцыі, рэпрэсіі, ваяўнічы атэізм — нішто не прымусіла іх адрачыся ад традыцыі. Абраз за ўвесь час свайго існавання ні разу не пакідаў вёску. Можа, таму яна і ацалела сярод пажарышчаў самай страшнай вайны (суседняе Скірмантава фашысты спалілі разам з людзьмі), можа, таму і самыя разбуральныя ўраганы, што праносіліся па наваколлі, менавіта ў нас нібы страчвалі сваю сілу? Нехта скептычна ўсміхнецца, маўляў, прымхі і супадзенні, а я вось асабіста, як і ўсе аднавяскоўцы, у гэта веру. Абраз нас і сёння ахоўвае і ратуе. Не толькі ад хвароб і стыхійных бедстваў.

Дзіўна, але менавіта гэта, па сутнасці сваёй — проста напісаная зусім невыбітным невядомым мастаком копія некага з італьянскіх майстроў, стала, як гэта зараз модна казаць, кансалідуючым фактарам для адной асобна ўзятай невялікай вёскі. Для ўсіх, хто нарадзіўся ў ёй, чые бацькі, бабулі-дзядулі тут жылі, для тых, хто прыехаў з іншых мясцін і пасяліўся тут. Здавалася б, трэць хат на вясковай вуліцы ўжо ператварылася ў лецішчы гараджан, і дзверы ў іх часцей замкнёны, і фіранкі на вокнах нават удзень завешаны, а нясуць Святога Роха — і сустракаюць яго ля кожнай брамкі. Дзеці, унукі, зяці, нявесткі — «на Роха» ў вёску прыязджае ўся радзіна. І ідзе «за Рохам» па вёсцы, у якой на зіму добра калі застаецца дваццаць чалавек, вялікая грамада, і ўсе адно аднаму не чужыя, бо ў іх адны і тыя ж успаміны дзяцінства, адна першая настаўніца, адна сунічная паляна з самымі смачнымі ягадамі, адны і тыя ж — самыя родныя — назвы, мянушкі, слоўцы, якіх больш нідзе не пачуеш. Што адчуваеш, ідучы ў гэтым урачыстым шэсці? Я не ведаю, як назваць гэта пачуццё адным словам. Свой на сваёй зямлі. Можа, гэта і ёсць пачуццё Радзімы?..

Дык вось, пра сляды на зямлі. Прозвішча той пані, што замовіла абраз, было Свідава. Прайшло паўтары сотні гадоў, а людзі не забыліся.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.