Вы тут

З «казённага» дома — у родны


У Мінску закрыты ўсе школы-інтэрнаты, а колькасць дзіцячых дамоў значна скарацілася.

Гэта вынік сумеснай міжведамаснай працы па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у сацыяльна небяспечных сем'ях». Асноўная яго мэта — не дапусціць умоў, калі дзяцей разлучаюць з бацькамі. Калі ж здараецца, што дзіця неабходна забраць з сям'і, то малых стараюцца адправіць на сямейную форму ўтрымання, а не ў інтэрнатную ўстанову, пры гэтым для бацькоў захоўваецца магчымасць аднавіцца ў сваіх правах.

2-141

Зінаіда Вараб'ёва, загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, расказала карэспандэнту «Звязды» пра разнастайныя формы працы з дзецьмі, якія засталіся без бацькоўскай апекі:

— Давайце, Зінаіда Васільеўна, разбяромся спачатку з самім тэрмінам «сацыяльнае сіроцтва»...

— Найперш за ўсё гэты тэрмін, да якога мы ўсе прывыклі, не адпавядае закладзенаму ў яго сэнсу, і мы пэўным чынам дэзынфармуем грамадскасць. Сіроты — дзеці, у якіх няма ў жывых ніводнага з бацькоў. Такіх у Беларусі (з улікам паўналетніх, што яшчэ вучацца ў розных навучальных установах і знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні) — 5 674 чалавекі. Астатнія 22 940 дзяцей
(і асоб з іх ліку, якія афіцыйна таксама адносяцца да сіроцкай катэгорыі) маюць бацькоў. Для такіх непаўналетніх з'явіўся добры тэрмін «патрабуюць дзяржаўнай абароны» (ПДА). Гэтая абрэвіятура найбольш поўна акрэслівае становішча дзіцяці.

За 10 гадоў у сталіцы ўтрая зменшылася лічба дзяцей, адабраных у грамадзян, якія страцілі свае бацькоўскія правы. У 2004-м — гэта 647 дзяцей, у 2014-м — 210. Больш чым на траціну знізілася колькасць малых, накіраваных жыць у інтэрнат. Дынаміка відавочная: у 2009 годзе новыя сем'і былі знойдзены для 63 дзетак са 100 асірацелых, у 2014-м — для 84. Толькі 14% малых летась трапілі ў мінскія інтэрнаты. Мінчане ў мінулым годзе ўсынавілі 116 дзяцей (у 2013-м — 82).

Формаў уладкавання дзіцяці ў сям'ю шмат. Гэта ўсынаўленне, апека, прыёмныя сем'і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (ДДСТ), дзіцячы гарадок Ленінскага раёна Мінска. Найбольш распаўсюджана ў нас апякунства. Апекунамі становяцца праз спрошчаную адміністрацыйную працэдуру. Не трэба праходзіць адпаведнага навучання, тут не ўлічваецца ўзрост (усынавіцель, напрыклад, павінен быць старэйшым за дзіця не больш як на 45 гадоў). Каб дзіця было абаронена, трэба стварыць аднолькавыя строгія ўмовы для ўсіх формаў.

— На вашу думку, якая форма ўладкавання ў сям'ю найлепшая і больш бяспечная для дзіцяці?

— Усе формы добрыя, калі ствараюцца якасныя ўмовы для жыцця малых. Непаўналетніх павінны выхоўваць у першую чаргу падрыхтаваныя для гэтага людзі. Пакуль самыя дасведчаныя ў гэтым плане — супрацоўнікі інтэрнатных устаноў. Там выхавальнікі маюць вопыт, адпаведную адукацыю, а некаторыя і не адну.

Пры стварэнні дзіцячага дома сямейнага тыпу падбіраюцца бацькі-выхавальнікі, якія таксама маюць вопыт выхавання ўласных дзяцей, ужо працавалі прыёмнымі бацькамі сірот, ведалі аб ранейшых умовах жыцця малых. Прыёмныя бацькі праходзяць спецыяльны курс, павышаюць сваю кваліфікацыю, органы апекі суправаджаюць і кантралююць замяшчаючыя сем'і, правяраюць, як жывецца дзіцяці.

У Мінску існуе 46 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, якія ствараюцца найперш для таго, каб не разлучаць дзяцей з адной сям'і. У кожным з дамоў — ад 5 да 10 выхаванцаў, але бывае і больш, калі ў дзяцей знаходзяцца браты і сёстры ў другой мясцовасці. Спецыфіка сталіцы не дае магчымасці такім сем'ям жыць у катэджах з кавалкам зямлі, як, напрыклад, на перыферыі. У нас гэта некалькі кватэр, аб'яднаных у адну, у звычайных «панэльках». Толькі тры памяшканні знаходзяцца ў элітных будынках у двухузроўневых кватэрах.

— Напэўна, падчас працы з бацькамі і апекунамі вы сутыкаецеся з шэрагам праблем?

— Так. Думаецца, што ў нас крыху спрошчаная працэдура апякунства. Праз сацыяльна-педагагічныя цэнтры (СПЦ) мы праводзім дыягностыку кандыдатаў, а гэта падабаецца далёка не ўсім. Працэдура неабавязковая, але мы настойваем на ёй і лічым, што яе трэба ўзаконіць ва ўсёй краіне, каб дзіця не трапіла ў горшыя ўмовы. Таксама неабходна ўводзіць курс падрыхтоўкі апекуноў да выхавання сваіх падапечных. Нездарма ж выпадкаў разусынаўлення ў Беларусі адзінкі (2 па Мінску, 18 — па Беларусі), а вось з-пад апекі штогод выходзіць значная колькасць дзяцей, бо часам апекуны не спраўляюцца з падрослымі дзецьмі. Вось і ўявіце, як павінна адчуваць сябе дзіця, якое з 4-5 гадоў жыло ў сям'і сваякоў, а ў 13-15 апынулася ў інтэрнаце.

Распаўсюджаны выпадкі, калі бабуля-дзядуля жадаюць забраць на выхаванне ўнукаў пасля пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Напрошваецца пытанне: вы не змаглі выгадаваць нармальнага чалавека са свайго дзіцяці — як жа справіцеся з унукам? З другога боку, іх заўжды шкада. Вось адна бабуля ў нас зараз хоча ўнучку забраць да сябе. А як мы можам гэта дазволіць, калі там жа прапісана і жыве яе бяспраўная маці-наркаманка? Па заканадаўстве, у адным памяшканні не могуць жыць чалавек, пазбаўлены бацькоўскіх правоў, і дзіця пад апекай. Бабуля можа працягваць бачыцца з унучкай, нават калі тая будзе ўладкавана пад апеку ці ў прыёмную сям'ю.

— Дамы-інтэрнаты плануецца закрыць, каб у Беларусі не засталося сіротаў. Як праходзіць гэты працэс?

— Колькасць інтэрнатных устаноў скарацілася напалову, але нельга закрыць іх усе, таму што ёсць катэгорыя дзяцей, якія не запатрабаваны сем'ямі — з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ВІЧ-інфіцыраваныя, тыя, хто мае асаблівасці паводзінаў, падлеткі, якія самі не хочуць жыць у чужой сям'і. Да таго ж, у інтэрнатах працуюць высокакваліфікаваныя педагогі-прафесіяналы, якія здольныя выхаваць дзіця і падрыхтаваць яго да дарослага жыцця.

— Як жа дапамагчы пасталеў-шым выхаванцам інтэрнатаў не згубіцца ў дарослым жыцці?

— Найперш за ўсё патрэбна стварыць умовы, каб гэтыя дзеці мелі магчымасць набыць першасныя прафесійныя навыкі. Гэта дапаможа ім вызначыцца, кім яны жадаюць быць. Магчыма, трэба на нейкім узроўні замацаваць сістэму ўзаемадзеяння прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў з інтэрнатамі.

Дарэчы, ад назвы «дзіцячы дом» таксама час пазбаўляцца. Пераў-тварыць яе, скажам, у «цэнтр дапамогі сям'і» або «цэнтр дапамогі дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі». Гэта дапаможа не навешваць на падлеткаў ярлыкі, да якіх яны прызвычайваюцца.

— Ці магчыма, Зінаіда Васільеўна, так удасканаліць працу, каб у Беларусі не было «нічыйных дзяцей»?

— Неабходна актывізаваць прэвентыўную працу з небяспечнымі сем'ямі і ўзмацніць міжведамасную дапамогу дзецям і сем'ям, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Працу з такімі бацькамі трэба наладжваць, каб прымусіць іх усвядоміць і прыняць на сябе адказнасць за выхаванне і ўтрыманне дзяцей. Найлепшы эфект ад прафілактычнай працы, калі малыя вяртаюцца дадому, а яшчэ лепш — не пакідаюць яго.

Увогуле, з сям'ёй трэба працаваць яшчэ да нараджэння дзіцяці, каб яно было жаданым. Часам трэба і своеасаблівую «інтэрвенцыю ў сям'ю» ажыццяўляць, каб своечасова заў-важыць праблему, папярэдзіць яе, каб дзіця засталося не проста ў сям'і, а ў якасных умовах з нармальнымі бацькамі. Добра было б пераняць замежны вопыт, калі сям'ю, пачынаючы ад рэгістрацыі ў ЗАГСе, яшчэ гадоў 5 суправаджаюць спецыялісты (псіхолагі, псіхіятры). Запрашаюць маладых на мерапрыемствы, лекцыі, падчас якіх людзі атрымліваюць веды, а спецыялісты вывучаюць паводзіны бацькоў, іх адносіны і стаўленне да дзяцей. Людзі прызвычайваюцца да гэтага і ўспрымаюць як нармальную практыку.

За 10 гадоў у сталіцы ўтрая зменшылася лічба дзяцей, адабраных у грамадзян, якія страцілі свае бацькоўскія правы. Больш чым на траціну знізілася колькасць малых, накіраваных жыць у інтэрнат. Дынаміка відавочная: у 2009 годзе новыя сем'і былі знойдзены для 63 дзетак са 100 асірацелых, у 2014-м — для 84. Толькі 14% малых летась трапілі ў мінскія інтэрнаты. Мінчане ў мінулым годзе ўсынавілі 116 дзяцей.

Ірына Сідарок

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.