Вы тут

Перакладчык Google супраць класікаў


Гадоў дваццаць пяць таму пра інтэрнэт у Беларусі яшчэ і не чулі (пра яго тады і ў свеце мала хто чуў), а тэма "беларусізацыі беларускай мовы" была, як кажуць, у трэндзе. Маўляў, далоў усе русізмы, паланізмы, іншыя "ізмы", пакідаем у мове толькі сваё. Мы тады з аднакурснікамі на журфаку з гэтай ідэі нацешыліся ўдосталь. "Перакладалі" тэксты з агульнапрынятай літаратурнай мовы на "ачышчаную ад слоў-чужынцаў", пасля зачытвалі ўслых і дружна рагаталі. Бо лухта атрымлівалася яшчэ тая. Асабліва запомнілася, як хтосьці з хлопцаў выдаў пераклад нейкага газетнага паведамлення, якое пачыналася словамі "спецыяльны прадстаўнік Белага дома" — "адмысловы рэпрэзентант Белай хаты"... Зрэшты, тэма гэтая была актуальнай нядоўга, пакпілі ды забыліся як пра нешта недарэчнае і нявартае асаблівай увагі, маўляў, усё роўна ніхто так гаварыць і пісаць не дадумаецца.

Наіўныя, мы тады не ведалі, што дажывём да з'явы, страшнейшай, чым любая моўная рэформа, — інтэрнэт-перакладчыка. І ў нашым двухмоўным грамадстве, з сучаснай шалёнай хуткасцю перадачы інфармацыі мы вымушаны будзем ім карыстацца. І нашы забаўкі з тэкстамі — сапраўды толькі дзіцячыя бяскрыўдныя забаўкі ў параўнанні з тым, што нас чакае ў ХХІ стагоддзі.

Зрэшты, супраць самой праграмы перакладу я асабіста, як яе пастаянны, актыўны карыстальнік, нічога супраць не маю. І шчыра ўдзячна тым, хто яе распрацаваў, бо праграма насамрэч вельмі дапамагае пры неабходнасці хутка зрабіць у нумар пераклад з рускай мовы на беларускую. І асаблівай бяды ў тым, што праграма гэтая перакладзе "проблема на лицо" як "праблема на твар", "работали всем миром" як "працавалі ўсім светам", "привести в чувства" як "прывесці ў пачуцці", няма... Што яна не бачыць сэнсавых нюансаў паміж "аказацца" і "апынуцца" — у нашай мове перакладчык ведае толькі апошні варыянт. Што "впереди у тружеников еще много работы" будзе гучаць у ёй: "наперадзе ў працаўнікоў яшчэ шмат працы", бо слова "работа" у беларускім варыянце адсутнічае зусім, гэтаксама як і слова "дамашні", таму не здзіўляйцеся, калі і жывёла, і работа акажуцца "хатнімі" (хаця зразумела, што дамашнія заданні вучні робяць не "ў хаце", а "дома"). "Управление" будзе "кіраваннем", няважна — установа гэта ці дзеянне, "сарай" — "адрынай", не зважаючы на тое, стаіць там скаціна ці ляжаць мяхі...

Праграма, якой бы дасканалай яна ні была, — усяго толькі праграма: яна не адчувае, не сумняваецца, не выбірае паміж некалькімі варыянтамі. Гэта — задача для яе карыстальніка, жывога чалавека, носьбіта мовы. Я, напрыклад, успрымаю падобныя практыкаванні як зарадку для мазгоў, як нагоду ўсміхнуцца і абмеркаваць чарговы перакладчыцкі ляп з калегамі.

У чым жа тады праблема? Праблема, як кажа Google, "на твар". У нас падрастае пакаленне (дакладней, ужо вырасла), якое лічыць інтэрнэт самай кампетэнтнай (а нярэдка і адзінай) крыніцай ведаў. У асяроддзі моладзі беларуская мова становіцца своеасаблівым трэндам. Але якая мова? Прыслухайцеся, як яны гавораць, пачытайце, як яны пішуць. Гэта мова інтэрнэт-перакладчыка. Не давучыўшы яе калісьці на ўроках у школе, рэдка чуючы яе ў побыце, нашы дзеці часцей звяртаюцца па дапамогу не да класікаў літаратуры, у якіх мова жывая і сапраўдная, а да перакладчыка ў сеціве. Бо так прасцей і хутчэй. Бо — і ў нашым выпадку гэта галоўнае — ніхто са старэйшых не спяшаецца ім сказаць, што гэта няправільна, што ёсць пэўныя нюансы, якія зразумець і адчуць можна, толькі чытаючы мастацкія творы на мове арыгінала. Што толькі так можна пачаць на мове думаць, гэта значыць мець падставу сцвярджаць, што ты ёй валодаеш.

Мы павінны ім гэта казаць, хаця б у школах і ўніверсітэтах. Інакш яны, новыя носьбіты мовы, проста зменяць яе да непазнавальнасці, пазбавіўшы і прыгажосці, і мілагучнасці, пра якія мы так любім згадваць у патрыятычным запале. І здарыцца ў рэшце рэшт так, што славуты верш Сяргея Грахоўскага, які мы сёння цытуем, калі хочам засведчыць адметнасць нашай мовы і яе непадобнасць да іншых, для іх будзе проста наборам прыгожых, але мала зразумелых ці зусім незразумелых слоў:

У выраі ветразь знікае

За хваляй, нібы на спачын,

І змора яго не злякае,

Не спыніць тугой далячынь.

 

У змроку зіхоткая здрада

Завабіць хлуснёй у віры,

На золку сканае прынада

І кволы прамень на жвіры.

 

Раптоўна згаданыя мроі

У карунках пяшчотнай тугі

Павольна знікаюць, як строі,

У бязважкасці кволай смугі.

 

Знікае ўсхвалёваны ветразь:

З кунегаю пільна сачу,

Як водар аздобіў паветра,

І ў бездані знічкі лічу...

 

Бо разумець яны яго будуць прыкладна так:

В выражении парус исчезает

За волной, словно на покой,

И усталость него не злякае,

Не остановить тугой даль.

 

В сумраке сверкающая измена

Завлечь ложью в водовороте,

С рассветом скончается приспособление

И хилый луч на гравии.

 

Внезапно упомянутые мечты

В кружевах нежной тоски

Медленно исчезают, как наряды,

В невесомости хилой тумана.

 

Исчезает всхвалёваны парус:

С кунегаю пристально слежу,

Как аромат украсил воздуха,

И в пучине свечи считаю...

 

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.