Вы тут

Запазычанасць па заробках абяцалі пагасіць да лютага


У мінулую суботу падчас «прамой тэлефоннай лініі» намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч нагадаў чыноўнікам, што трэба ставіць сябе на месца радавых грамадзян.


З Шумілінскага раёна не раз званілі наконт затрымкі заробкаў. Шматдзетная маці паведаміла, што трэці месяц сям'я вымушана жыць без зарплаты тых яе членаў, якія працуюць. Пры звароце ў райвыканкам жанчыне параілі... жыць на «дзіцячую» дапамогу. Маўляў, грошы нядрэнныя... Яе зямлячка таксама паведаміла, што з верасня чакае зарплату. Віцэ-губернатар жорстка паразмаўляў з прадстаўніком раённай вертыкалі ўлады. Адзначыў, што за абыякавасць трэба караць: у прыватнасці, можна панізіць клас дзяржслужачага. Чыноўнікам было даручана зняць праблему да 1 лютага. Наконт «парады» шматдзетнай маці будзе праведзена службовае расследаванне.

З Чашніцкага раёна таксама паведамілі пра запазычанасць па заробках. У адным з раёнаў не могуць выплаціць грошы жанчыне ў дэкрэтным водпуску. Віцэ-губернатар даў каманду выплаціць дзіцячую дапамогу на наступным тыдні.

Складаная сітуацыя і на недзяржаўным прадпрыемстве ў Бешанковіцкім раёне. Яно прызнанае банкрутам, і па законе выплаціць людзям заробак магчыма толькі ў выніку рэалізацыі маёмасці.

На «прамую лінію» традыцыйна паступілі і камунальныя пытанні. Паказальна, што на дрэнную прыборку снегу паскардзіліся толькі двое. Амаль усе астатнія — на праблемы, звязаныя з водазабеспячэннем і ацяпленнем. У прыватнасці, у адной з вёсак Аршанскага раёна няма вады ў калонцы, а да суседняй ісці далёка. З Полацкага раёна — аналагічная скарга. Некалькі грамадзян канстатавалі, што ў іх дамах холадна.

Паколькі на «лініі» прысутнічаў кіраўнік камунальнай службы вобласці, ён адразу ж выходзіў на сувязь з падначаленымі ў глыбінцы. Даваў заданні на працягу дня асабіста ўнікнуць у сутнасць праблем і пастарацца не зацягваць з іх вырашэннем.

Вельмі эмацыянальным быў зварот адзінокай маці з Оршы. Яна распавяла, што жыве ў інтэрнаце, работу па сваёй спецыяльнасці прадаўца знайсці не можа. Аліменты атрымлівае не заўсёды своечасова. Умаляла паспрыяць у вырашэнні яе праблем.

Жыхарка Віцебска папрасіла паўплываць на нядобрасумленнага прадпрымальніка, які няякасна ўсталяваў металічныя дзверы.

Падчас трохгадзіннага «дзяжурства пры тэлефоне» віцэ-губернатар выслухаў каля 30 грамадзян.

— Нейкіх вялікіх праблем сёння не агучылі. Пытанні былі традыцыйнымі: ацяпленне і гарачая вада, работа транспарту, выплата дапамог, у тым ліку і «дзіцячых» ... Камунальныя пытанні, якія не вырашаюцца гадамі, — над гэтым трэба задумацца. Неабходна на месцы разбірацца. І калі хутка праблему вырашыць нельга, так і трэба сказаць людзям. Пры гэтым удакладніць, калі яна будзе вырашана, — падзяліўся ўражаннямі Алег Мацкевіч.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды» наконт адсутнасці званкоў ад індывідуальных прадпрымальнікаў, сказаў, што нядаўна сустракаўся з імі.

— Ці гатовая ўлада да параўнальна вялікай колькасці патэнцыйных беспрацоўных, калі гандляры не змогуць рэалізоўваць тавары з сертыфікатамі? Так! У нас у вобласці сёння каля 4 тысяч вакансій. І нам ёсць што прапанаваць у пытанні ўладкавання на працу. І на недзяржаўных прадпрыемствах не хапае працаўнікоў. Ёсць магчымасць бясплатна атрымаць новую спецыяльнасць (па накіраванні «біржы працы»). Проста трэба хацець працаваць. Калі індывідуальныя прадпрымальнікі былі ў мяне на прыёме, я ўсё гэта казаў... А што тычыцца надзей на змяненне «правілаў гульні»: адмены ўказа, які так актыўна абмяркоўваецца, Прэзідэнт сваё меркаванне агучыў. І яшчэ вясной мінулага года прадпрымальнікі ведалі, што без адпаведных дакументаў прадукцыю нельга будзе рэалізоўваць, — падкрэсліў Алег Мацкевіч.

pukshanski@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.