Вы тут

Пра субсідыі, звышнарматывы і «зайцоў» без рэгістрацыі


Выгляд новых паведамленняў на аплату паслуг ЖКГ, якія беларусы атрымаюць у маі, будзе аднолькавым для дамоў па ўсёй краіне, незалежна ад тыпу абслугоўвання. У жыроўках асобным блокам будзе ўказана, што жыхары аплачваюць па поўным тарыфе. Гэта дазволіць грамадзянам вырашаць, на чым эканоміць. А ў пустых кватэрах з'явяцца «ўяўныя» жыхары, колькасць якіх вылічаць праз метраж памяшканняў.


Колькасць метраў, аплата за якія налічваецца па субсідаваных дзяржавай тарыфах разлічваецца па прынцыпе 20 м2 на кожнага прапісанага плюс 10 м2 на сям'ю. «Лішнія» метры грамадзяне будуць аплачваць па поўным (эканамічна абгрунтаваным) тарыфе, згодна з адпаведнай пастановай урада.

Напрыклад, у кватэры памерам 76 м2 з трыма жыльцамі па субсідаваных тарыфах будзе аплачвацца 70 метраў. Тэхнічнае абслугоўванне астатніх 6 м2 разлічаць па поўнай і прапішуць асобна ў графе з лічбамі, якія налічваюцца за звышнарматыўнае карыстанне. Перарасход паслуг можа таксама атрымацца праз празмернае карыстанне вадой (у радках «халоднае водазабеспячэнне» і «водаадвядзенне» (каналізацыя), калі вылівалі больш за 140 літраў у суткі на чалавека.

Уяўныя жыльцы

Плата за пустыя кватэры, дзе ніхто не прапісаны, таксама будзе налічвацца па-іншаму. Агульную плошчу пустой кватэры падзеляць на належныя на асобу 20 м2 з акругленнем на карысць гаспадара. Выніковая лічба будзе адпавядаць прыкладнай колькасці чалавек, якія маглі б пражываць у гэтым памяшканні. Так, у кватэры памерам 73,2 м2 «паселяцца» тры чалавекі. Зыходзячы з гэтага, адлічэнні па субсідаваных тарыфах на тэхабслугоўванне ліфта і прыбіранне дамавых памяшканняў у кватэры, дзе ніхто не прапісаны, будуць памножаны на трох асоб. Аплата электраэнергіі, якая затрачваецца на асвятленне дапаможных памяшканняў і працу абсталявання (за выключэннем ліфта), таксама павялічыцца на трох. Па поўным кошце налічаць сумы за тэхнічнае абслугоўванне і ацяпленне ўсіх 73,2 м2 кватэры.

— Калі казаць пра сацыяльную справядлівасць, то бюджэт павінен субсідаваць чалавека адзін раз. А калі ў цябе шмат кватэр, то атрымліваецца, што дзяржава пры набыцці кожнага новага памяшкання праз субсідаваныя тарыфы на аплату паслуг працягвае дапамагаць, — расказаў Алег ПАСКРОБКА, першы намеснік міністра ЖКГ, які прадставіў новыя формы жыровак. — Як член сумеснага домаўладання чалавек абавязаны несці расходы па ўтрыманні агульнай маёмасці. Ты можаш прапісацца ў адной кватэры і частку метражу аплачваць па зніжаных тарыфах, у астатніх кватэрах метры таксама павінны аплачвацца, зыходзячы з параметраў памяшкання.

Эканомныя тарыфы і неафіцыйныя жыхары

Жыроўка будзе друкавацца на аркушы фармату А4. На яе адваротным баку змесціцца інфармацыя пра фактычныя затраты ўсяго дома: плошча жыллёвых і дапаможных памяшканняў, колькасць зарэгістраваных па доме жыхароў і тых, на каго налічваецца плата за паслугі.

Нагадаем, што дзеці да сямі гадоў вызвалены, напрыклад, ад аплаты паслуг за карыстанне ліфтам. Хоць многія таварыствы ўласнікаў такім рашэннем былі незадаволеныя, бо некаторыя шматпавярховікі праз гэта пачалі не ўкладвацца ў сумы аплаты за карыстанне электраэнергіяй і ліфтам.

Застаюцца ў грамадзян і іншыя пытанні па налічэнні аплаты за паслугі ЖКГ, прынамсі, за вываз смецця ці аплату асвятлення месцаў агульнага карыстання. Участковыя пачалі выяўляць людзей, якія жывуць у кватэры, але не зарэгістраваны ў ёй. А гэтыя неафіцыйныя жыхары і ліфтам карыстаюцца, і смецце пакідаюць, — акрэсліў Алег Паскробка і дадаў:

— Цяперашнія тарыфы аптымальна разлічаны ў рэжыме сур'ёзнай эканоміі. І многія ўжо адзначаюць, што ўсталёўваюць прыборы ўліку, энергазберагальныя лямпачкі. Праўда, здараюцца і перагібы. Людзі ўбачылі, што плацяць за святло больш, і пачалі выключаць яго на ноч паўсюдна, нават крыху адкручваць лямпачку ў ліхтары перад уваходам у пад'езд. А міліцыя стала штрафаваць ЖЭСы за цёмныя месцы перад уваходнымі групамі ў пад'езд. Таму каб менш паліць, пачалі скарыстоўваць святлодыёдныя свяцільні. Адзінае, на што немагчыма паўплываць, — пераплата за вялікі метраж. У гэтым выпадку, каб сэканоміць, давядзецца мяняць кватэру на меншую.

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Жыроўкі падкажуць, як сэканоміць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.