Вы тут

Развіццё беларускай кітаістыкі патрабуе новых ініцыятыў


Развіццё беларускай кітаістыкі патрабуе новых ініцыятыў. Магчыма, першымі іх генератарамі павінны выступаць маладыя. Пра гэта мы і гутарым з Дар'яй Нечыпарук — выкладчыцай кафедры кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яна даўно займаецца кітаістыкай. Не аднойчы пабывала ў Кітаі. Аўтар многіх даследчых публікацый. Таксама працуе ў галіне мастацкага перакладу — кітайскай паэзіі на беларускую мову.


— Дар'я, вы вярнуліся з камандзіроўкі ў Кітай. Былі ў розных гарадах, пазнаёміліся з рознымі навуковымі школамі. Што самае прыкметнае вынеслі з паездкі ў Паднябесную?

— Кітай удзяляе ўсё большую ўвагу развіццю кітаязнаўства як за мяжою, так і ў сябе на радзіме. Гэта навуковая і творчая прастора ўключае ў свае абсягі кітайскую літаратуру, філасофію, паліталогію, сацыялогію, рэлігіязнаўства і іншыя навукі пра Кітай. Таксама з'явілася вялікая колькасць перакладаў кітайскай літаратуры, класічных канонаў на мовы народаў свету, па якіх вядуцца даследаванні. Як у самім Кітаі, так і ў спецыяльных адміністрацыйных раёнах — Ганконгу, Макао, а таксама на Тайвані. У сувязі з ростам інтарэсу ў сферы акадэмічных даследаванняў Кітая ў дадзеных рэгіёнах зараз ёсць спецыяльныя навукова-даследчыя праграмы гуманітарнага аспекта і ў галіне сацыяльных навук. Асобна варта адзначыць як у жыцці самога грамадства Кітая, так і ў навуковых даследаваннях зліццё старажытнай традыцыі і сучаснасці. Традыцыйная думка Старажытнага Кітая пераносіцца ў наш час, і розным з'явам надаецца сучаснае тлумачэнне праз прызму традыцыйнага ўкладу і канонаў жыцця.

— Вы добра ведаеце сучасны стан беларуска-кітайскіх гуманітарных сувязяў. Што, на ваш погляд, варта ажыццявіць перш за ўсё, каб стварыць стройную навуковую школу ў галіне вывучэння і прадстаўлення кітайскай літаратуры ў Беларусі сёння?

— Беларуска-кітайскія гуманітарныя сувязі сапраўды становяцца ўсё больш цеснымі. Гэта адлюстроўваецца ў з'яўленні новых перакладаў твораў кітайскай літаратуры на беларускую мову і даследаванняў літаратуры. Але, на жаль, прафесійных перакладчыкаў літаратуры з кітайскай мовы на беларускую ў нас у краіне не так і шмат. Дзеля таго каб расла зацікаўленасць да перакладаў і даследаванняў літаратуры Кітая, неабходна істотная матэрыяльная аснова. З разлікам на тое, каб перакладчык і даследчык маглі сябе цалкам забяспечыць, займаючыся прафесійна толькі перакладамі і даследаваннямі літаратуры. Неабходна стварэнне адзінай пляцоўкі, з дапамогай якой перакладчыкі і даследчыкі маглі б паміж сабою кантактаваць, абменьвацца вопытам і меркаваннямі, выбіраць праекты для вывучэння і перакладу. Таксама ёсць вострая патрэба ў перыядычных друкаваных выданнях, якія б прадстаўлялі працы па кітайскай літаратуры. Выданні, дзе змяшчаліся б анатацыі твораў, якія перакладзены з кітайскай мовы. Неабходна наладжваць і падтрымліваць сувязі з выдавецтвамі Кітая, якія могуць прадстаўляць каталогі новых выданняў і рэкамендаваць творы кітайскай літаратуры для перакладу.

— Мастацкі пераклад кітайскай літаратуры на беларускую мову ў першую чаргу патрабуе ведання мовы арыгінала. Ці хапае ў нас у краіне зацікаўленых у развіцці дадзенага кірунку перакладчыкаў?

— Зараз зацікаўленыя перакладчыкі ёсць. Не магу сказаць, што іх дужа шмат. Але з кожным годам павялічваецца колькасць студэнтаў, якія вывучаюць кітайскую мову. І шмат хто з іх, пачынаючы ўжо з другога года навучання, спрабуе свае сілы ў перакладах твораў кітайскай літаратуры з мовы арыгінала. І даволі паспяхова гэта робіць. Пасля таго як іх пераклады знаходзяць месца ў друку, з'яўляецца яшчэ большы творчы азарт. Мы як выкладчыкі і перакладчыкі-практыкі заўсёды аказваем пры неабходнасці моўную падтрымку, даём парады ў перакладчыцкім працэсе. Базы, якую студэнты атрымліваюць, вывучаючы кітайскую мову ва ўніверсітэце, цалкам хапае для паспяховага перакладу мастацкай літаратуры.

— Ці магчыма, на ваш погляд, стварыць у Беларусі кітаязнаўчы часопіс? Якім вам асабіста ён уяўляецца?

— Бачу вострую неабходнасць у стварэнні кітаязнаўчага часопіса ў Беларусі. Такога кшталту часопісы ствараюцца, напрыклад, асацыяцыямі кітаязнаўцаў і кітаязнаўчымі арганізацыямі шэрагу краін Еўропы і СНД. Такім чынам, у чытачоў з'явіцца магчымасць адсочваць сучасны стан і развіццё кітаязнаўства ў нашай краіне з разлікам на атрыманне болей цэласнай карціны. Я бачу такі часопіс шматпланавым, дзе былі б прадстаўлены даследаванні Кітая па розных галінах, уключаючы літаратуру, мовазнаўства, філасофію, гісторыю, палітыку, эканоміку, грамадскія навукі і іншыя галіны. Больш таго, важным складнікам таксама з'яўляецца жаданне заявіць пра дадзеныя даследаванні і калегам з Кітая. Так што часопіс можна ствараць на дзвюх (беларускай і кітайскай) альбо трох (беларускай, англійскай і кітайскай) мовах, што дазволіць нам пашырыць сферу зносін і акадэмічнага абмена з Кітаем.

— Дар'я, вы добра ведаеце сучасную літаратуру Кітая і адначасова перакладаеце класічную кітайскую паэзію. Намаганні ў чым болей патрэбны на сённяшні дзень — перакладзе класікі ці перакладзе сучаснай кітайскай літаратуры?

— Класічная паэзія Кітая займае важнае месца ў літаратурнай прасторы, без якой нельга зразумець традыцыйныя вобраз жыцця, мыслення прадстаўнікоў дадзенай краіны. І ўсё ж сёння сучасная літаратура займае лідзіруючыя пазіцыі. Класічная літаратура шмат цяжэйшая за сучасную для перакладу. Паколькі класічныя творы пісаліся на вэньяні, які ўяўляе сабой «класічную кітайскую мову», што мае істотныя адрозненні ад сучаснай кітайскай мовы. Больш таго, існуе сістэма грантаў на пераклады сучаснай кітайскай літаратуры. У Кітаі распрацоўваецца дапаможнік па творах сучасных кітайскіх пісьменнікаў. На дадзены момант намаганнямі супрацоўнікаў выдавецтваў, рэдакцый літаратурных выданняў Кітая, літаратурных крытыкаў і даследчыкаў былі адабраныя творы сучаснай кітайскай літаратуры, пачынаючы з 1977 года і да сённяшніх дзён. У агульным спісе — 30 раманаў, 50 навел і 100 апавяданняў. Агульны лік — 180 твораў, якія рэкамендаваны для перакладу на мовы народаў свету.

— Дзякуй, Дар'я! Застаецца пажадаць поспехаў у развіцці ўсіх вашых ініцыятыў!

Гутарыў Сяргей ШЫЧКО

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Поруч з эканамічным — літаратурны пояс Шаўковага шляху

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.