Вы тут

Учора ў ніжняй палаце адкрылася першая сесія шостага склікання


Дэпутаты выбралі старшыню — ім стаў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, які займаў адпаведную пасаду ў Палаце прадстаўнікоў чацвёртага і пятага скліканняў. Акрамя гэтага, у ніжняй палаце былі сфарміраваны працоўныя органы сесіі — лічыльная камісія і сакратарыят, таксама дэпутаты зацвердзілі назвы і колькасць пастаянных камісій — яны, дарэчы, засталіся тыя ж.


Прадстаўнікоў партый стала больш

На ўчарашнім пасяджэнні прысутнічаў поўны склад Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў.

Па традыцыі першую сесію новага склікання адкрыла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія ЯРМОШЫНА. Яна коратка ахарактарызавала новы склад Палаты прадстаўнікоў. Па яе словах, 27 дэпутатаў працавалі ў пятым скліканні.

— Гэта дазволіць захаваць пераемнасць у працы парламента, а ўпершыню выбраныя дэпутаты, якіх большасць, дадуць імпульс праватворчай дзейнасці, — лічыць старшыня Цэнтральнай камісіі.

У Палаце прадстаўнікоў шостага склікання 38 жанчын, што складае 34,5% ад агульнай колькасці дэпутатаў. Для параўнання, па выніках выбараў 2012 года было выбрана 29 жанчын.

— Гэта сведчыць пра імкненне грамадства павялічыць ступень удзелу жанчын у вырашэнні дзяржаўных спраў, — выказала меркаванне Лідзія Ярмошына.

Яна звярнула ўвагу на тое, што павялічылася прадстаўніцтва палітычных партый у парламенце. Зараз у складзе Палаты прадстаўнікоў 16 дэпутатаў, што прадстаўляюць пяць палітычных партый. Тры дэпутаты, у тым ліку кіраўнік партыі — Мікалай Улаховіч — прадстаўляюць Патрыятычную партыю. Камуністычную партыю Беларусі прадстаўляюць 8 дэпутатаў, Ліберальна-дэмакратычную — адзін дэпутат, Аб'яднаную грамадзянскую партыю — адзін дэпутат і Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці — 3 дэпутаты.

— Мінулыя выбары паказалі, што выбаршчыкі аддаюць перавагу людзям годным, паспяховым у прафесійнай дзейнасці, — заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама. — 40 выбраных дэпутатаў з'яўляліся кіраўнікамі, 22 — намеснікамі кіраўнікоў арганізацый, 7 — кіраўнікамі мясцовых прадстаўнічых і распарадчых органаў, 4 дэпутаты былі членамі Савета Рэспублікі пятага склікання. 34 дэпутаты ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 4 маюць ганаровыя званні, 15 — вучоную ступень. Сярод дэпутатаў ёсць юрысты, эканамісты, педагогі, інжынеры, аграномы, ваеннаслужачыя, урачы, дзеячы культуры, вядомыя спартсмены, прадстаўнікі іншых прафесій.

У прыярытэце — экспарт і бізнес

Пасля таго як былі аб'яўлены вынікі таемнага галасавання па выбранні старшыні Палаты прадстаўнікоў, Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА адказаў на пытанні журналістаў.

— Безумоўна, выбранне — гэта прыемна, але гэта накладвае і вельмі вялікую адказнасць, — адзначыў ён. — Гэта ацэнка работы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання, маіх калег, з якімі я працаваў чатыры гады. Таму такая ацэнка вельмі прыемная. Што да перспектыў, то, лічу, яны заданы нам Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падчас звароту да парламентарыяў пятага і шостага скліканняў. Думаю, што мы павінны наладзіць канструктыўную працу ў імя павышэння дабрабыту нашай краіны, стабільнасці ў грамадстве, каб суверэнітэт нашай краіны развіваўся і ўмацоўваўся. Прыярытэтныя кірункі — гэта, перш за ўсё, рэалізацыя задач Усебеларускага народнага сходу.

На думку спікера Палаты прадстаўнікоў, асноўныя пытанні, якія трэба вырашаць, — гэта нарошчванне экспартных паставак.

— Што б мы ні казалі, 70% прадукцыі, якая вырабляецца ў нашай краіне, мы павінны паставіць на экспарт, — заявіў кіраўнік ніжняй палаты парламента.

Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, вялікія нявыкарыстаныя магчымасці ў нас у малым, сярэднім бізнесе.

— У Еўрапейскім саюзе, Злучаных Штатах Амерыкі, Японіі 62—65% валавога ўнутранага прадукта дае менавіта малы і сярэдні бізнес. У нас гэта лічба складае прыкладна 25—27%. У развіцці гэтых кірункаў у Беларусі ў апошні час многае зроблена, але сказаць сёння, што кардынальна вырашаны гэтыя пытанні, нельга. Ёсць шмат перашкод. Не толькі ў плане адкрыцця бізнеса, працы. Сёння нават закрыць сваю справу — і тое складана. Ёсць даручэнне Прэзідэнта, дэпутатам разам з урадам трэба падключыцца і ўнесці адпаведныя змяненні ў заканадаўства, каб усё-такі даць магчымасць развярнуцца малому і сярэдняму бізнесу на поўную магутнасць.

Ад мецэнацтва да барацьбы з нацызмам

Многія з дэпутатаў ужо ведаюць адзін аднаго, некаторыя, наадварот, у перапынках пасяджэння толькі знаёміліся з новым калектывам, дзяліліся законатворчымі планамі.

Ірына ДАРАФЕЕВА, дэпутат ад Старавіленскай выбарчай акругі №105, прызналася журналістам, што напоўнена працоўным энтузіязмам.

— Усё-такі першы працоўны дзень, шмат станоўчых эмоцый, — расказала новавыбраны дэпутат. — Многіх людзей я тут добра ведаю. Адчуваю хваляванне толькі з-за таго, у якую камісію магу папасці. Хацелася б, каб гэта была камісія па адукацыі, культуры, навуцы. Гэта сфера мне блізкая, таму буду максімальна актыўна ўдзельнічаць у заканадаўчым працэсе, каб палепшыць наша жыццё.

На думку Ірыны Дарафеевай, у адукацыі ёсць вельмі шмат праблем, асабліва калі казаць пра творчыя спецыяльнасці.

— Часам нашы студэнты, школьнікі настолькі загружаныя агульнаадукацыйнымі прадметамі, якія яны вывучаюць яшчэ ў школе, што ім вельмі складана надаваць шмат часу спецыяльнасці, — звярнула ўвагу яна. — Хочацца, каб прадметы з праграмы былі практыкаарыентаванымі, каб людзі ў далейшым маглі рэалізаваць сябе як прафесіяналы.

Парламентарый таксама хоча ўдасканаліць заканадаўства ў плане мецэнацтва:

— Я ўжо казала пра Закон аб мецэнацтве. Хацелася б яго добра прапрацаваць, бо, безумоўна, не хапае бюджэтных сродкаў на развіццё вялікіх творчых ініцыятыў.

Ігар МАРЗАЛЮК, дэпутат ад Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акругі №84, таксама падзяліўся сваімі заканатворчымі ініцыятывамі.

— Беларусі неабходна, як і ўсёй Садружнасці Незалежных Дзяржаў, нармальнае антынацысцкае заканадаўства, — лічыць Ігар Марзалюк, — закон, падобны да таго, які ёсць у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія. Гэта для таго, каб мы маглі жорстка караць усе рэчы, што маюць дачыненне да неафашызму.

У трэндзе — адукацыя і міжнародка

Падчас учарашняга пасяджэння адбылося таксама папярэдняе размеркаванне дэпутатаў па пастаянных камісіях. Самай папулярнай аказалася камісія па адукацыі, культуры і навуцы — там пажадалі працаваць ажно 16 дэпутатаў. Таксама парламентарыяў зацікавіла камісія па міжнародных справах, куды папярэдне запісалася 14 чалавек, і камісія па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы — за ўключэнне ў апошнюю прагаласавалі 12 чалавек.

Дакладны склад камісій, а таксама іх кіраўніцтва будуць выбраны падчас наступнага пасяджэння, якое, па папярэдніх даных, адбудзецца ўжо заўтра, 13 кастрычніка.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Ініцыятывы ўжо ёсць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.