Гераіня гэтага артыкула — 60-гадовая Аніта Санэ з Рыгі, якая ўжо два гады жыве і працуе ў Мінску. Жанчына аб'ездзіла больш за 50 краін, пабывала на ўсіх кантынентах, акрамя Паўднёвай Амерыкі: у Еўропе, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі... Апроч саміх падарожжаў Аніта вядзе блог і інстаграм, прысвечаныя ім. У апошні час у яе шмат запісаў і фатаграфій, у якіх яна ўсяму свету расказвае пра Беларусь.
«Я, якая вандруе па свеце ў адзіночку»
Аніта прыехала ў Мінск у 2014 годзе, пасля таго як атрымала працоўны кантракт у чэшскай фірме, філіял якой знаходзіцца ў Мінску. Яна — дырэктар па персанале. Яе асабісты сайт мае слоган «solo female travel websіte», г.зн. ён — аб падарожжах жанчыны-сола — у адзіночку. «Люблю незалежнасць і свабоду, — тлумачыць наша суразмоўніца. — І я — самадастатковая асоба. Вядома, жывучы сола, нешта губляеш, але і знаходзіш таксама. Да таго ж у мяне заўсёды ёсць чым заняцца, такое мноства ідэй і праектаў, што нават не хапае часу на ўсё!»
Свой сайт Аніта стварыла ў лістападзе мінулага года, каб весці блог пра падарожжы. Вядома, гэтаму трэба было спачатку навучыцца. «Першы час было складана, — успамінае Аніта. — І я, вядома, не навучылася прафесійна праграмаваць, але сама зрабіла свой сайт і цяпер пішу і публікую ў ім свае артыкулы і фатаграфіі, магу стварыць новы раздзел, калі спатрэбіцца. А калі з'яўляецца задача, з якой я не магу справіцца, тэлефаную выкладчыцы, якая мяне вучыла, і бяру дадатковыя ўрокі».
Навошта Аніце блог, работа з якім адбірае вельмі шмат часу? Справа ў тым, што яна так многа падарожнічала і працягвае гэта рабіць, што ў рэшце рэшт захацела падзяліцца сваімі ўражаннямі, расказаць пра іх іншым людзям. «Мой моцны бок — планаванне, я заўсёды дакладна планую кожную сваю паездку. І падумала: мае маршруты могуць быць цікавымі, могуць спатрэбіцца іншым людзям», — кажа яна. Цяпер Аніта мае зносіны з трэвелблогерамі (людзьмі, што пішуць у блогах пра свае падарожжы) з усяго свету ў сацыяльных сетках. «Я шмат чаму навучылася за апошні год і вельмі рада гэтаму», — кажа наша гераіня.
Акрамя блога, яна яшчэ вядзе інстаграм. Выкладвае туды фатаграфіі і «прывязвае» да іх свае гісторыі. І блог, і інстаграм у Аніты на англійскай мове. Яна добра размаўляе на ёй, але гаварыць і пісаць — гэта розныя рэчы, тым больш для публікі, для якой англійская мова з'яўляецца роднай і якая заўважае любыя агрэхі. Таму прыйшлося дадаткова падцягваць мову. Вядома, гэта патрабуе часу. Затое цяпер у яе 12 600 падпісчыкаў і чытачоў з усяго свету, якім цікавыя яе фота — гэта ўжо дастаткова сур'ёзны ўзровень. Напрыклад, напярэдадні нашай гутаркі Аніта выклала ў інстаграме здымак Нясвіжскага палаца, і 538 чалавек з розных краін адзначылі, што ім падабаецца гэта фота.
«Да Мінска мне здавалася, што Рыга вельмі дагледжаны горад»
Да прыезду ў Мінск два гады таму Аніта была ў Беларусі ўсяго адзін раз, яшчэ за савецкім часам. Кажа, што ў памяці засталіся шырокія вуліцы нашай сталіцы.
— Зараз я магу адзначыць тое, што, напэўна, адзначаюць усе замежнікі, якія пабывалі ў Беларусі — чысціню і парадак, — расказвае яна. — Цяпер, калі я прыязджаю ў Рыгу, адразу бачу: вось тут трава не пакошана, там будынак не пафарбаваны... А да Мінска мне здавалася, што Рыга вельмі дагледжаны горад, што ў нас усюды парадак. Але ў параўнанні з вашай сталіцай я бачу, што гэта не зусім так. У нас больш кантрастаў, бо на ўсё прыватная ўласнасць. У кагосьці з уладальнікаў ёсць сродкі на догляд за домам і падтрыманне яго ў парадку, а ў кагосьці — няма. Таму ў Рызе побач з дагледжаным будынкам можа знаходзіцца будынак у трохі занядбаным стане. А ў вас у роўнай ступені ўсё дагледжана. Прычым я шмат езджу па Беларусі і бачу, што ўсюды парадак, а не толькі ў цэнтры сталіцы. І гэта мяне здзіўляе. Гэта тое, што адразу кідаецца ў вочы...
Так, цяпер Аніта шмат падарожнічае па Беларусі. Тлумачыць: «Мне цікава глыбей зразумець краіну, дзе я цяпер жыву». Як і ў падарожжах па ўсім свеце, так і тут яна ніколі не ездзіць з турыстычнымі групамі, толькі адна: «Гэта мой спосаб падарожнічаць».
— У вашай краіны вельмі складаная гісторыя — столькі сутыкненняў, войнаў і падзелаў тут было! — кажа наша суразмоўніца. — Нядаўна я была ў Трасцянцы — яшчэ адна вельмі цяжкая старонка ў вашай гісторыі, якая ілюструе трагедыю габрэйскага народа. Зараз я рада, што ў вас аднаўляюцца сінагогі. Дарэчы, я ўпершыню ў жыцці пабывала ў сінагозе менавіта ў вас, у Гродне... А на днях я была на пешаходнай экскурсіі па Мінску, і самае вялікае ўражанне на мяне зрабіў той факт, што былі часы, калі ў горадзе ўсе надпісы былі на чатырох мовах: беларускай, рускай, польскай і ідыш!
«У вас ёсць шмат таго, што варта ўбачыць, — кажа Аніта, але наракае на вялікія адлегласці. — Беларусь — вялікая краіна, і трэба лічыцца з тым, што, каб нешта паглядзець, трэба выдаткаваць шмат часу на дарогу». А першыя месцы, з якіх яна пачала знаёмства з нашай краінай — гэта традыцыйныя Мір і Нясвіж. На іх конт у Аніты сваё меркаванне.
— Гэтыя месцы маюць доўгую гісторыю. І заўсёды ёсць пытанне, які час мы хочам «вярнуць»: 200 гадоў таму або 300, а можа, 100... Бо ў розныя часы гістарычныя месцы былі рознымі... — разважае Аніта. — Які час мы выбіраем для аднаўлення? Мяне гэтая тэма заўсёды цікавіла. Тут можа быць шмат спрэчак... Асабіста для мяне важна ў такіх месцах адчуць дух часу, павінна прысутнічаць пачуццё сапраўднага. Таму што пры рэстаўрацыі можна крыху перастарацца і зрабіць трохі прыгажэй, чым было. У Нясвіжы самае вялікае ўражанне на мяне зрабіў не палац, а магільны склеп роду Радзівілаў у Фарным касцёле — таму што там у мяне было пачуццё сапраўднага...
Пра Мірскі замак Аніта кажа, што такога нідзе не бачыла: «Ён вельмі асаблівы па сваёй архітэктуры, унікальны. Я пабывала больш чым у 50 краінах, шмат чаго бачыла, мне ёсць з чым параўнаць»...
Яна з захапленнем расказвае пра сваю апошнюю паездку, якая была ў брэсцкім напрамку: «Я знайшла ў інтэрнэце здымкі Косава і вельмі захацела ўбачыць гэты палац ужывую. Там яшчэ ідзе рэканструкцыя, але тое, што зроблена, ужо ўражвае! Гэта надзіва прыгожы палац, мяне ён вельмі ўразіў».
«Ёсць толькі адна Радзіма — свая»
У Мінску Аніта не плануе заставацца назаўсёды. «Дзе б я ні была, я добра ўсведамляю, што ёсць толькі адна Радзіма — свая краіна. У любой іншай, нават самай прыгожай, якая табе вельмі падабаецца, ты ўсё роўна будзеш чужым». І хоць Аніта сама і дзве яе дачкі жывуць у іншых краінах (адна — у Швецыі, другая — у Аўстраліі), жанчына адзначае, што ў яе ўвесь час прысутнічае пачуццё, дзе яе сапраўдны дом, і ён — у Латвіі. «Сваім ты будзеш толькі ў сваёй краіне, у іншай ты застанешся госцем, — кажа яна. — Для мяне гэта даўняя ісціна».
Святлана БУСЬКО
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.