Вы тут

Новая паслуга з'явілася ў сталічным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання


Раней, калі трэба было адлучыцца па сваіх справах на некалькі гадзін, Кацярына Шаўко пакідала 6-гадовага сына Мішу са сваякамі ці знаёмымі. Цяпер жа, каб не абцяжарваць блізкіх, 30-гадовая матуля плануе прыводзіць малога ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Кастрычніцкага раёна.


«Пра «Хвілінку для мамы» я прачытала ў газеце, — расказвае Кацярына. — Дзіця пакідала ў цэнтры пакуль што толькі адзін раз: Мішка знаходзіўся там каля трох гадзін. Расказваў, што разам з добрай цёцяй гартаў кніжкі, гуляў у «лега», глядзеў мультфільм. Яму вельмі спадабалася, пытае, калі зноў пойдзем. Я засталася вельмі задаволеная. Калі не будзе з кім пакінуць дзіця, абавязкова зноў звярнуся па дапамогу да супрацоўнікаў цэнтра».

Ідэя «Хвілінкі для мамы» належыць псіхолагу цэнтра Вользе Зуевай: «Я лічу, што малы не павінен заставацца без нагляду. У апошні час здараецца безліч выпадкаў дзіцячага траўматызму: то вывальваюцца з вокнаў, то глытаюць манеты. Сутнасць новай паслугі ў некалькіх гадзінах вольнага часу для матулі. Ёй трэба выканаць за дзень шмат розных абавязкаў. Згадзіцеся, ісці ў краму з дзіцем не вельмі зручна. У паліклініку браць малога таксама не варыянт: не хочацца, каб ён нахапаўся інфекцыі».

Новай паслугай ужо скарысталіся больш як 10 чалавек. Прычыны розныя: камусьці трэба на аднаўленчыя працэдуры пасля аперацыі, хтосьці спяшаецца закрыць сесію ў інстытуце, іншыя вядуць старэйшых дзетак у паліклініку ці працуюць у гнуткім рэжыме і маюць патрэбу адлучыцца. «Да нас звяртаюцца не так званыя «гультаяватыя матулі», а жанчыны, якія насамрэч вымушаны пакінуць дзіця на некаторы час у бяспецы і пад наглядам, — працягвае Вольга. — У сярэднім за тыдзень два звароты. Ужо былі і пастаянныя кліенты: двух дзетак пакідалі рэгулярна. Аднаго — з-за работы, другога — па прычыне рэабілітацыі матулі пасля захворвання».

Гульнявы пакой, дзе пакідаюць дзетак, хоць і невялікі, але даволі ўтульны і па-дамашняму абсталяваны. Светла-ружовыя сцены і мяккі дыван, адсутнасць вострых вуглоў і небяспечных прадметаў, мноства разнастайных цацак... Увесь час, на які пакінулі дзіця, спецыяліст неадлучна займаецца малым — робіць усё магчымае, каб яму было камфортна і спакойна.

— У цэнтр прыводзяць дзетак розных узростаў — ад 6 месяцаў да 6-7 гадоў. З самымі маленькімі застаюся я, таму што ў мяне ўжо ёсць вопыт: я сама — маці. Матулі імкнуцца падстроіцца так, каб малы быў накормлены і каб у яго быў сухі памперс. Тады яны найчасцей прывозяць яго на сон. Мая калега, таксама псіхолаг, займаецца са старэйшымі дзеткамі. Яны будуюць «ваенныя базы», гуляюць у цырк, спрабуюць розныя ролевыя гульні. Для маленькіх у нас ёсць пальчыкавыя гульні, мяккі бяспечны канструктар. Старэйшыя забаўляюцца з канструктарам «Лега». Яшчэ дзецям вельмі падабаецца маляваць манкай: яны робяць розныя ўзоры, варушаць паднос — і зноў атрымліваюць чыстае палатно. Таксама пішам лічбы, літары, гуляем з дзіцячым посудам і бальнічкамі.

Скарыстацца «Хвілінкай для мамы» можна па адрасе: вул. Ляўкова, 19 у Мінску з 08.00 да 20.00 (субота, нядзеля — выхадныя). Дарэчы, прывесці малога ў цэнтр можа не толькі матуля, але і тата або іншыя сваякі. На месцы патрэбна прадставіць пашпарт і падпісаць дагавор па аказанні разавай паслугі. Псіхолагі гатовыя прыняць дзіця не больш чым на чатыры гадзіны (адна — каштуе 3 рублі 33 капейкі). Няню за такія грошы знайсці ў сталіцы немагчыма, тым больш яна, як правіла, згаджаецца працаваць толькі поўны дзень. Калі матуля затрымліваецца, супрацоўнікі цэнтра ідуць насустрач і працягваюць займацца дзіцем — пры ўмове далейшай даплаты. Дзяцей прывозяць з розных раёнаў Мінска, спецыялісты не выключаюць магчымасці прыняць на некалькі гадзін іншагародніх пры неабходнасці. Як паказала практыка, попыт у новай паслузе ёсць, праўда, пра яе не ўсе яшчэ ведаюць. Магчыма, іншыя гарадскія цэнтры сацыяльнага абслугоўвання падтрымаюць эстафету і таксама прапануюць карысную для бацькоў паслугу.

Вераніка УЛАСЕВІЧ

veronіka.ulasevіch@maіl.ru

Загаловак у газеце: Хвілінка для мамы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.