Першыя акцёры скончылі курс знакамітага Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра.
Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа, аднаму з найстарэйшых у рэспубліцы, споўнілася 90 гадоў.
Галоўныя святочныя падзеі адбыліся на гэтым тыдні. Афіцыйна 21 лістапада — дзень нараджэння тэатра. Калектыў атрымаў віншаванне ад Прэзідэнта краіны. Першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына ДРЫГА падкрэсліла, што тэатр імя Якуба Коласа — адзіны нацыянальны калектыў, які працуе ў абласным цэнтры.
У тэатры сярод іншых дзясяткі гадоў служаць мастацтву два народныя артысты.
Адзін з іх — старэйшы акцёр Тадэвуш КОКШТЫС — народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Францыска Скарыны, «Знак Пашаны», медалём «Ветэран працы»... У Коласаўскім тэатры — з 1958-га года. Тут сыграў больш за 150 роляў. З цеплынёй успамінае, як яго, маладога акцёра, шчыра прынялі ў калектыве. Сярод карыфеяў, якія з бацькоўскім клопатам адносіліся да навічка, быў і легендарны народны артыст СССР Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі.
— Ён быў прафесіяналам з вялікай літары. І шмат чаму я ў гэтага творчага чалавека навучыўся. У прыватнасці, як я часта гавару журналістам, «хадзіць па сцэне». З першага дня віцебскі тэатр мне здаўся вельмі цёплым, гасцінным. Мяне і яшчэ двух выпускнікоў інстытута сустрэлі вельмі добра, — успамінае Тадэвуш Антонавіч.
Святлана Акружная — народная артыстка Беларусі. Узнагароджаная ордэнам Францыска Скарыны, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне». У тэатры — з 1969 года.
— Коласаўскі ўваходзіў у дзясятку лепшых тэатраў СССР. І дзе б мы ні выступалі, былі аншлагі. Добра памятаю, як пасля спектакля «Улада цемры» падчас гастроляў у Маскве нас чакалі гледачы, каб пазнаёміцца. І вялікія кошыкі кветак дарылі... У Маскве крытыкі сказалі, што гэты спектакль — адзін з найлепшых. Добра ўспрымалі і спектаклі «Зацюканы апостал», «Таблетка пад язык», «Клоп»... Традыцыі ў Коласаўскага тэатра выдатныя, бо рабілі пастаноўкі розных жанраў і высокага ўзроўню, — распавядае актрыса.
Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Таццяна КАТОВІЧ лічыць адкрыццё тэатра ў лістападзе 1926 года апошнім акордам «Віцебскага рэнесансу».
— У 1926-м у Віцебску адкрыты БДТ-2 (Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр) на базе выпускнога курса Беларускай драматычнай студыі пры Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры. Уявіце, у правінцыю прыехалі творчыя людзі, якія чулі і чыталі пра тое, што тут адбывалася ў пачатку 1920-х. Я пра дзейнасць Шагала, Малевіча і іншых, якія эксперыментавалі... І нават, калі сітуацыя ў горадзе кардынальна змянілася, прайшоў час творчай свабоды, дух, энергетыка эксперыментаў, думаю, не зніклі. І трупа адчула гэта. У выніку і ў тэатры таксама былі творчыя пошукі, якія апярэджвалі час, — разважае мастацтвазнаўца.
Падчас святкавання юбілею адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Беларускі нацыянальны тэатр: традыцыі, пошук, эксперымент». Была прэзентавана кніга, прысвечаная гісторыі тэатра. У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі праходзіць тэматычная выстава.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?