Вы тут

У Калінкавіцкім раёне будуць створаны міні-кластары аграэкатурызму


На тэрыторыі Юравіцкага і Малааўцюкоўскага сельсаветаў Калінкавіцкага раёна будуць створаны міні-кластары аграэкатурызму.


У «круглым стале» прадстаўнікоў структур, зацікаўленых у развіцці сваіх населеных пунктаў, прыняло ўдзел кіраўніцтва раённага Савета дэпутатаў, старшыні сельвыканкамаў, гаспадары аграсядзіб, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і культуры, актывісты мясцовых ініцыятыўных груп, расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый ЦІХАНОЎСКІ.

— Міні-кластар — гэта сканцэнтраваная на вызначанай тэрыторыі група ўзаемазвязаных аб'ектаў і ўстаноў, якая заклікае змяніць стэрэатыпы ў рабоце агратурыстычных аб'ектаў і дазволіць выпрацаваць новы механізм развіцця сельскіх тэрыторый, — тлумачыць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана СЯЛЮК. — Для таго каб людзі зразумелі, што гэта такое, мы гаворым пра «дваровую тусоўку», якая будзе садзейнічаць мясцоваму развіццю і ўрэшце павінна дапамагчы зарабляць людзям грошы, забяспечваць іх самазанятасць. Дарэчы, рашэнне гэтага пытання з'яўляецца асноўнай мэтай мясцовай ініцыятывы, якая рэалізуецца ў рамках праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».

У склад міні-кластара «Юравічы» ўвайшлі Юравіцкі сельсавет, аграсядзіба «Літвін», Свята-Раства-Багародзічны мужчынскі манастыр, Юравіцкі дзіцячы сад—сярэдняя школа, Цэнтр народнай творчасці, філіял Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Удзельнікамі міні-кластара «Аўцюкі» сталі Малааўцюкоўскі сельсавет, аграсядзіба-музей народнага гумару «Аўцюкі», Малааўцюкоўская сярэдняя школа і сельскі Дом культуры.

Мяркуецца, што аб'яднанне намаганняў і рэсурсаў усіх структур і турыстычных аб'ектаў дапаможа фарміраванню самадастатковай у сваім развіцці і эканамічным стане тэрыторыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Традыцыі ў сучасным выкананні

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.