Вы тут

Абвясцілі вынікі фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы»


Абвясцілі вынікі ІІІ Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы».

Фестываль заўсёды ладзіцца ў святочныя дні. Такое рашэнне вельмі арганічнае: калі ж яшчэ паказваць спектаклі пра нараджэнне Сына Божага, як не на Каляды, на стары Новы год? Можна казаць, што арганізатары «Нябёсаў» аднаўляюць народныя традыцыі, але са сваімі асаблівасцямі: калі раней батлейшчыкі вандравалі з вёскі ў вёску і самі прыязджалі да гледачоў, то зараз зацікаўленая аўдыторыя збіраецца ў будынку нядзельнай школы Свята-Елісавецінскага манастыра.


Цяжка паверыць, што тры гады таму на фестываль «Нябёсы» сабралася толькі адзінаццаць калектываў. Першы фэст быў аматарскі: ён працягваўся ўсяго два дні і быў арганізаваны за некалькі тыдняў. Але прайшоў так паспяхова, што на наступны год да каманды далучыліся арганізатары-прафесіяналы, якія прапанавалі зрабіць «Нябёсы» міжнароднай падзеяй. Запрасілі калектывы з-за мяжы, і ў 2016 годзе на чатыры дні ў Мінску сустрэліся 19 тэатраў. Сёлета ўдзельнікаў крыху больш: у нядзельнай школе перад гледачамі прайшло 20 спектакляў. Дзевяць тэатраў прыехалі ў Беларусь ад міжнароднай асацыяцыі «Вандроўныя лялечнікі». Акрамя чатырох фестывальных дзён, напярэдадні афіцыйнага адкрыцця праходзіла школа батлейкі. Кіраўнікі аматарскіх калектываў з усёй краіны з'ехаліся на семінар і майстар-класы, падчас якіх пра нюансы батлеечнага мастацтва расказалі беларускі этнограф, майстар музычных інструментаў Алесь Лось і кіраўнік маскоўскага тэатра «Вандроўны вяртэп» Аляксандр Грэф.

Узровень ІІІ каляднага фестывалю ўзрос: з'явілася прафесійнае журы з педагогаў ды тэатразнаўцаў, працягвае расці майстэрства канкурсантаў. Але і цяпер на фэст прыязджаюць сямейныя непрафесійныя тэатры, пераважна — вернікі. Для энтузіястаў гэта вельмі карысная практыка: паляпшаецца разуменне справы, фарміруецца густ, назапашваюцца веды. Тым больш што арганізатары «Нябёсаў» падтрымліваюць ініцыятыву: без узнагарод і спецыяльных дыпломаў амаль нікога не адпускаюць.

Сёлета ўладальнікам Гран-пры і дыплома «За лепшы спектакль» стаў маскоўскі тэатр «Душагрэі». Расіяне прывезлі ў Мінск вельмі насычаную і аўтэнтычную праграму, у якой, акрамя класічнага вертэпу, былі «жывое» тэатральнае выступленне перад гледачамі і інтэрактыў для дзяцей (рускія народныя гульні са спевамі). Другі дыплом «За лепшы спектакль» атрымаў польскі тэатр-студыя «БЛЮМ», дзе артысты замест звычайных лялек выкарыстоўвалі паленне, а трэці дыплом «За лепшы спектакль і наватарскае рашэнне традыцыйнай тэмы» адышоў да Малога тэатра марыянетак (г. Харкаў, Украіна) за спектакль «Батлейка».

— Галоўная мэта фестывалю, заключаная ў нашым дэвізе, — «З лялькай да Бога». Праз батлейку людзі розных прафесій, з розных краін, на розных мовах паказваюць свае таленты і такім чынам служаць Богу ў гэтыя святочныя дні, — патлумачыў мастацкі кіраўнік і вядучы фестывалю, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Аляксандр Ждановіч. — Гледачы, што прыходзяць на «Нябёсы», дакранаюцца да светлага і чыстага, нават дзіцячага — бо звязана яно з нараджэннем Боскага Немаўляці — свята Раства Хрыстова. Напярэдадні я стаў сведкам цікавай гісторыі: дзецям сказалі, што нябёсы знаходзяцца не ўверсе, а ўнутры чалавека, і пасля спыталі, як яны разумеюць гэтую фразу. Адзін хлопчык адказаў так, як, на мой погляд, не прыдумаў бы ні адзін мудрэц! Ён патлумачыў: «Гэта значыць — стаць нябёсамі для іншага». Напэўна, да гэтага нас і заклікае царква: не толькі браць, але і аддаваць. Такую атмасферу дабрыні імкнецца стварыць фестываль «Нябёсы».

Арганізатары фестывалю сапраўды займаюцца не толькі імпрэзай, але і дабрачыннай праграмай. Па традыцыі ўдзельнікі «Нябёсаў» — беларусы, расіяне, украінцы, палякі — прыязджалі ў дзіцячыя дамы, прытулкі, бальніцы са сваімі скрынямі, каб паказаць спектаклі тым, хто мае найвялікшую патрэбу ў калядных цудах.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Патрапілі на «Нябёсы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.