Вы тут

Як заахвоціць школьнікаў цікавіцца гісторыяй свайго краю?


Першае месца на Нараўляншчыне, куды прывозяць усіх высокіх гасцей, — школьны музей. І не адзін, а цэлых пяць. Так склалася, што адну з галоўных славутасцяў раёна сваімі намаганнямі стварыў школьны настаўнік, неабыякавы да мінуўшчыны роднага краю. Ужо больш за тры дзесяцігоддзі ён збірае экспанаты, якія без лішніх слоў змогуць адлюстраваць жыццё пакаленняў, што жылі да нас...


Кіраўнік краязнаўчага гуртка сярэдняй школы №2 Нароўлі, педагог дадатковай адукацыі Васіль ЧАЙКА — ідэйны натхняльнік стварэння музеяў, але не адзін ён ажыццяўляе калісьці задуманае. Разам з вучнямі ён у выхадныя і канікулы ладзіць паходы, вандроўкі па родных мясцінах, ездзіць з дзецьмі на веласіпедах...

Але яго мэта — не наўпрост прайсці ад пункта «А» да кропкі «В», а наведаць разам з падлеткамі малавядомыя мясціны, што таксама маюць уласную, унікальную гісторыю, праз дробязі, праз прыватнае пабачыць тое, што можна назваць «эпохай». А яшчэ паспрабаваць адшукаць прадметы, якія змогуць пасля стаць экспанатамі для ўласнаручна створаных музеяў.

Адзін з самых маладых школьных музеяў — «Дзяцінства» — адкрылі 1 верасня 2015 года разам з абноўленым будынкам сярэдняй школы №2 Нароўлі. Па словах яе дырэктара Наталлі ПРЫНЕСЛІК, два гады збудаванне знаходзілася на рэканструкцыі, але пры дапамозе старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка былі выдзелены дадатковыя сродкі і работы скончаны. Цяпер ва ўстанове навучаецца амаль паўтысячы школьнікаў. Прытым рамонт у будынку, як мы змаглі пераканацца, не горшы за сталічны. На базе школы працуе два музеі (другі — гісторыі Нараўлянскага раёна).

За та­кой пар­тай ка­лісь­ці ся­дзе­лі са­вец­кія школь­ні­кі.

— Дзеці таксама дапамагаюць Васілю Васілевічу, — расказвае Наталля Прынеслік. — А яшчэ пачынаюць шчыра цікавіцца гісторыяй родных мясцін. Пастаянна даследуюць іх, часам нават знаходзяць нешта, даводзяць да ладу, а пасля ставяць на паліцы музея. І, вядома ж, гутараць з людзьмі. На жаль, з кожным годам карэнных жыхароў вёсак, якія змаглі б расказаць пра гісторыю, што адбывалася перад іх вачыма, становіцца ўсё менш. Бо ўсе экспанаты дастаюцца нам менавіта ад нашых продкаў.

Летась Васіль Чайка стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Педагог дадатковай адукацыі года», на якім атрымаў дыплом трэцяй ступені. На чацвёртым міжнародным форуме музеяў створаны ім школьны музей «Дзяцінства» таксама атрымаў дыплом трэцяй ступені. Каштоўна тое, што Васіль Васілевіч заахвочвае да ўдзелу ў паходах, да велапрабегаў і дзяцей з праблемных сем'яў, «цяжкіх» падлеткаў. Падчас такіх вандровак школьнікі разам з педагогам адшукваюць невядомыя магілы, даведваюцца пра іх гісторыю, а затым пішуць творчыя і навуковыя работы.

Самае цікавае, што экскурсіі ў музеях праводзяць самі вучні. У настаўніка ёсць цэлая кагорта паслядоўнікаў, здольнасцям якой можа пазайздросціць прафесійны экскурсавод. Напрыклад, пятнаццацігадовая Лізавета Шміт у музеі «Дзяцінства» бадзёра расказвае пра тое, як стваралася савецкая сям'я. Пачынаецца ўсё з вясельных строяў жаніха і нявесты. «Людзі сустрэліся, упадабалі адно аднаго і жаніліся, — расказвае Лізавета. — У іх з'яўляліся карапузікі (бярэ на рукі ляльку). Сосак не было, таму карысталіся суслам — загорнутым у анучу хлебам, а калі нарэшце ўбачылі пустышкі і соскі, іх надзявалі на звычайныя бутэлькі. І толькі напрыканцы 1980-х з'явіліся спецыяльныя малако і сумесі».

Да пэўнага моманту (сучаснікам у гэта складана верыцца) не было дэкрэтных адпачынкаў, таму маці брала дзіця ў поле, саджала ў спецыяльнае крэсельца з перакладзінай, каб малое не збегла. «Былі выпадкі, калі маці прыходзіла да дзіцяці, а тое, седзячы ў крэсельцы, гуляла з вужом. Бо той прыпаўзаў на пах малака, што сыходзіў ад малога, — вядзе аповед Лізавета. — У вайну часы былі цяжкія, таму дзеці насілі лапці, якіх хапала ў лепшым выпадку на тыдзень».

З гэтага некалі пачыналася сям'я.

Асобная паліца музея прысвечана цацкам. Адну з іх — жалезны, але лёгкі самазвал — наш экскурсавод бярэ ў рукі і кідае на паліцу. Ён, на наша агульнае здзіўленне, застаецца абсалютна цэлым. «Раней цацкі рабілі як мае быць, таму яны служылі дзесяцігоддзямі. Некалькі пакаленняў магло карыстацца такой аднойчы набытай машынкай», — расказвае школьніца. Экспазіцыя заканчваецца драўлянай партай і рарытэтнай крэйдавай дошкай. У суседнім пакоі пачынаецца музей Нараўлянскага краю. У ім юныя экскурсаводы асобна расказваюць пра тое, якім чынам іх родную зямлю закранула Вялікая Айчынная вайна і аварыя на Чарнобыльскай АЭС.

У Галоўчыцкай сярэдняй школе Васіль Чайка зладзіў музей «Пошты», а ў сярэдняй школе №3 Нароўлі музеі промыслаў і рамёстваў, а таксама «Сельпо». Калі першы нагадвае традыцыйны гістарычны музей, толькі ў паменшаным памеры, то другі — краму савецкіх часоў. У ім сабраны самыя разнастайныя тавары: соль, бацінкі, адзенне, тэхніка, вагі, каробкі для прадуктаў. Нават паліцы вытрыманы ў стылі мінулага стагоддзя. Кніга для гасцей музея поўніцца станоўчымі водгукамі.

— Тое, наколькі Васіль Чайка адданы сваёй справе, уражвае, — кажа Алена РАДЗІВОНАВА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №3 Нароўлі. — Заўжды адчуваецца, калі чалавек неабыякавы да таго, што робіць. А справа яго жыцця дужа каштоўная: ён вучыць дзяцей успрымаць гісторыю як штосьці блізкае, як неад'емную частку нашага жыцця. І галоўнае — памятаць пра яе і клапатліва захоўваць.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

г. Нароўля.

Загаловак у газеце: Чалавек-музей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.