Вы тут

Нароўля — з цэнтра адразу на гарадскі пляж


Гэтыя мясціны маглі стаць другім у Беларусі курортным пасёлкам. Да аварыі на Чарнобыльскай электрастанцыі ў Нароўлю любілі прыязджаць на адпачынак не толькі жыхары з розных беларускіх гарадоў, але і масквічы, і піцерцы. Ну дзе яшчэ вы знойдзеце горад, дзе з цэнтральнай плошчы можна выйсці на гарадскі пляж?


Горад абгінае прыгажуня Прыпяць, якую ў нашай краіне празвалі беларускай Амазонкай. З даўніх часоў на гэту прыгажосць ішлі людзі — у раёне знойдзены стаянкі каменнага веку, шматлікія прадметы, якія датуюцца эпохай бронзавага веку. Пра гэтыя мясціны пісаў яшчэ Герадот, а старажытныя пасяленцы неўры пакінулі пасля сябе багата тапонімаў, дарэчы, назва «Нароўля» — адзін з іх. У розныя гады землі Нараўляншчыны ўваходзілі ў склад Тураўскага, Кіеўскага княстваў, ВКЛ і Расійскай імперыі.

Сёлета Нароўлі спаўняецца 440 гадоў. Не прапусціце святкаванні, якія пройдуць у лістападзе.

Трагедыя і вяртанне

За год да трагедыі 1986 года ў маленькай Нароўлі адкрыўся сучасны кінатэатр. А ўсяго за дзень да бяды мясцоваму вучылішчу механізатараў было прысвоена званне гаспадаркі высокай культуры — сюды з усёй Гомельшчыны звазілі на рамонт сельгастэхніку. Жыхары гарадка бачылі добрыя перспектывы для яго развіцця, планавалі, марылі, чакалі гасцей. А ў маі 1986-га адсюль ужо вывозілі скот, калоны аўтобусаў з дзецьмі накіроўваліся ў незабруджаныя раёны. Да лета горад апусцеў, на вуліцах можна было сустрэць адзінкавых мінакоў. І толькі палівачныя машыны змывалі з дамоў і дарог альфа-часціцы. У верасні дзеці вярнуліся, запрацавалі школы, людзі, якія ўзводзілі новыя дамы, чакалі наваселляў. У 1991 годзе нават адкрылася школа мастацтваў. Нараўляншчына ўсё яшчэ спадзявалася на добрае.

У 1991 годзе пачалося адсяленне, людзі з'язджалі сем'ямі. І гэты працэс цягнуўся да 2007 года. Больш за 10 тысяч жыхароў пакінулі родныя мясціны. А да чарнобыльскай аварыі насельніцтва раёна складала каля 30 тысяч.

Штовесну тут згадваюць дату, калі адбылася трагедыя, праводзяць мітынгі. У цэнтры горада стаіць помнік, які нагадвае пра адсяленне з забруджаных тэрыторый, тры сотні вёсак перасталі існаваць. На месцы сцёртых Чарнобылем жылых мясцін знаходзіцца Палескі радыяцыйны запаведнік. Сёння там выдатна пачуваюць сябе жывёлы і расліны, у тым ліку чырванакніжныя...

Калі гуляеш па беразе Прыпяці, міжволі адчуваеш востры боль, праз які прайшлі адсяленцы. Ну як можна было з'ехаць з такіх чароўных мясцін!

Можа, таму людзі, якія тут жывуць сёння, не любяць гаварыць на тэму Чарнобыля. Тут не хочуць жыць шкадаваннем мінулага, а выбіраюць шлях надзеі, ствараюць умовы для таго, каб Нароўля квітнела сёння і заўтра. І зараз гэта адзіны раён Гомельшчыны, дзе хутка павялічваецца нараджальнасць, расце колькасць маладых сем'яў. Толькі за 2015—2020 годы ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю больш за 11 тысяч квадратных метраў жылля. Для шматдзетных сем'яў з дзяржпадтрымкай пабудавана 25 індывідуальных жылых дамоў агульнай плошчай 3175 квадратных метраў.

А школа мастацтваў, якая адкрылася ў Нароўлі ў 1991 годзе, кожную восень робіць вялікія наборы дзяцей, якія сваімі талентамі, творчасцю будуць прыносіць гэтай зямлі святло і радасць.

Каларыт мінулага

Любімае месца для прагулак моладзі і мам з вазочкамі ў Нароўлі — парк, які прымыкае да палаца, што ўзводзіўся тут у канцы ХІХ стагоддзя. Яго плошча 8,2 га. У час яго закладкі сюды завозілася багата розных саджанцаў. Толькі таполяў было пяць відаў, з'явіліся акацыі і шаўковіцы, персідскі бэз. Сёння парку патрабуецца «рэанімацыя». Ён моцна пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны — быў увесь перакапаны. Немцы разлічвалі, што былыя ўладальнікі, калі пасля рэвалюцыі ў спешцы пакідалі сваё жытло, маглі дзесьці закапаць клад. Таксама дрэвы высякаліся на дровы. Пасля аварыі на ЧАЭС паркам таксама ніхто не займаўся. Але мясцовыя жыхары вераць, што яшчэ ўдасца аднавіць былую прыгажосць, пакрысе ў парку з'яўляюцца новыя пасадкі.

Сёння тут дзейнічае футбольнае поле, яно знаходзіцца на месцы былога тэніснага корту (дарэчы, ён уваходзіў у дваццатку першых, што з'явіліся на беларускіх землях). У 1905 годзе ён ужо быў электрыфікаваны — і тут маглі праводзіцца працяглыя спаборніцтвы паміж аматарамі тэніса.

З набыццём гэтых зямель у Нароўлі родам Горватаў стаў мяняцца мясцовы ўклад. Актыўнасць новых гаспадароў спрыяла эканамічнаму пад'ёму краю. Тут працавала піваварня, гадавалі скот, які прадавалі ў Пецярбург, гандлявалі нават нараўлянскім сенам — яго сплаўлялі па Прыпяці ў бок Адэсы. Былі тут і шыкоўныя канюшні — нават іх афармленне было няпростым, з імітацыяй калон. Толькі людзьмі, якія абслугоўвалі дом, гаспадарку, парк, была заселена цэлая вуліца. Захавалася паданне, што гаспадары прывезлі з Адэсы каваля, прапанаваўшы таму працу на даволі выгадных умовах. Адзінае, што папрасілі майстра, — змяніць прозвішча на Пераход (як чалавек, які перайшоў на новае месца). Сёння гэта распаўсюджаная нараўлянскае прозвішча.

Калі ў Нароўлі на беразе Прыпяці ствараўся палацава-паркавы комплекс, над ім працавалі архітэктары з Еўропы. Ідэі збіраліся, пазычаліся, пераасэнсоўваліся. А пасля паўставалі ў выглядзе малых архітэктурных форм, якія ўмела дапаўнялі прыродныя краявіды. Адзін з сімвалаў Нароўлі — далікатная бялюткая альтанка. Яе, размешчаную на беразе, маглі бачыць падарожнікі, што плылі па Прыпяці. Ёсць паданне, быццам пан узвёў гэтую далікатную вежу ў памяць пра патанулую дачку, якую звалі Альтана.

Альтанка была своеасаблівай візітоўкай гаспадароў, сведчыла пра іх заможнасць, прэзентабельнасць, густ. Раней побач з ёй працавала прыстань, людзі на цеплаходах плавалі ў Мазыр і Кіеў, нейкі час тут выгружаліся грузавыя суды, захаваліся нават архіўныя здымкі, якія сведчаць пра бойкі гандаль. Сёння бераг ужо парос вялікімі дрэвамі, а ў былым партовым памяшканні месціцца бар.

Надзея на вяртанне

А вось капліца і ўсыпальніца, што знаходзіліся побач з ракой, не захаваліся — Прыпяць падмыла бераг.

За палацам можна заўважыць рэшткі фантана і каменныя крэслы ў рымскім стылі з вялікімі львінымі лапамі. Адразу адгадваюцца сляды былой раскошы. У свой час палац Горватаў называлі маленькім Версалем. Сюды з'язджаўся мясцовы бамонд, ладзіліся творчыя вечары.

Каля цэнтральнага ўвахода быў пад'ём для карэт, гасцей сустракалі бронзавыя львы памерам у натуральную велічыню, а паўночны фасад ахоўвалі вялізныя сфінксы. У адным з памяшканняў размяшчаўся музей прыроды Палесся. Тут былі чучалы жывёл, гнёзды птушак, заспіртаваныя яшчаркі... Далей размяшчаліся жылыя і ванныя пакоі. У палацы быў водаправод (з'явіўся ў пачатку ХХ стагоддзя). Правялі сюды і электрычнасць. У гасцявым пакоі стаяў французскі ложак, на якім госці не маглі заснуць, бо ён быў занадта шыкоўны. На другі паверх вяла парадная лесвіца. Горваты мелі цудоўную бібліятэку, прыгожыя салоны: блакітны — для гаспадыні, чырвоны — для гаспадара.

У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы выкарыстоўвалі палац як шпіталь, а ў сутарэннях размяшчалася гестапа. Пры адступленні акупанты ўзарвалі будынак. Дах абваліўся, усе драўляныя дэталі згарэлі. Пасля рамонту тут размяшчаўся дом-інтэрнат. Пасля яго закрыцця ў сувязі з чарнобыльскай аварыяй будынак каля трох дзесяцігоддзяў прастаяў у запусценні.

Сёння з'явілася надзея на яго вяртанне... Гэты будынак заўсёды любіў гасцей. У будучыні тут плануецца зрабіць міні-гатэль. І тыя, каго прываблівае Нароўля, будуць прывозіць адсюль здымкі не толькі з альтанкай, але і з маленькім Версалем.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.