Вы тут

Абрад, што дорыць радасць і здароўе на ўвесь год


Мясцовыя кажуць: чым больш падчас свята назбіраеш «чырачак» — адмысловага пячэння ў форме птушкі, тым шчаслівейшым і багацейшым будзе год. І гэта не дзіўна, бо кожная гаспадыня, дорачы «чырачку», зычыць добрага здароўя, шчасця і сілы. Вось і наш карэспандэнт пад канец зімы разам з камандай праекта «Наперад у мінулае» выправілася на Палессе — гукаць вясну, вітаць птушак і набірацца моцы на ўвесь год. Тут, у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна, у апошні дзень перад пачаткам Велікоднага посту традыцыйна ладзяць унікальны абрад «Чырачка». Праграма выйдзе ў эфір тэлеканала «Беларусь 3» у нядзелю, 5 сакавіка, мы ж ужо сёння раскажам, як гукалі вясну на Гомельшчыне.


Ста­рэй­шыя жан­чы­ны ў вёс­цы То­неж збі­ра­юц­ца ў ха­це, да­па­ма­га­юць ад­на ад­ной  пры­бі­рац­ца да свя­та, спя­ва­юць пес­ні  і ад­зна­ча­юць «Чы­рач­ку» за тра­ды­цый­ным ста­лом.

Удзельнікам агульнага вялікага свята тут можа зрабіцца кожны: жанчыны з радасцю пазычаць каляровую ваўняную хустку, якая засцеражэ ад зімовага холаду і стане знакам далучанасці да грамады. Яшчэ адзін знак, што аб'ядноўвае ўсіх падчас абраду, — самі чырачкі, якіх не шкадуюць для гасцей. Дарэчы, у кожнай гаспадыні — свой рэцэпт гэтага вясновага пячэння. Нехта замешвае цеста на сыроватцы, а нехта — на малацэ. Так, Надзея Дрынеўская, у чыёй хаце зазвычай пачынаецца святкаванне, падзялілася з намі сваім рэцэптам.

— У муку дадаём малако, два яйкі, соду, соль, цукар, лыжачку маянэзу — каб было смачней. Цеста замешваецца, раскачваецца, і з яго нажом выразаюцца чырачкі, якія па форме павінны нагадваць птушак. Вочкі я раблю з сухіх чарніц. Чырачак мы кладзём у кошыкі. Каго сустрэнем па дарозе да месца святкавання — таго і частуем, жадаем добрага здароўя. Нехта адразу з'ядае пячэнне, а нехта захоўвае на акенцы цэлы год — да наступнага гукання вясны.

Рыхтавацца да свята ў Тонежы пачынаюць загадзя. Гаспадыні пякуць бліны і аладкі, вараць кашу, кісель — гэтымі стравамі на Чарнышоўскіх горах, месцы правядзення абраду, будуць частаваць усіх удзельнікаў. У лесе знаходзяць прыгожую пышную ёлачку, якую ўпрыгожаць дзеці і якая стане сімвалам надыходу вясны. Таксама ладзяць пудзіла зімы — яно сімвалічна згарыць у цэнтры агульнага вялікага карагода.

Да падрыхтоўкі абраду далучаюцца літаральна ўсе вяскоўцы. Мужчыны запрагаюць коней і ўпрыгожваюць іх збрую. Жанчыны адзяваюць святочныя строі, а пасля, сабраўшыся ў хаце Дрынеўскіх, спяваюць песні. Загадзя рыхтуецца талая вада. Лічыцца, што яна надзвычай чыстая і ў гэты дзень набывае гаючую сілу. Перад тым як выйсці з двара, усе ўдзельнікі свята абмыюць твары — каб былі прыгожымі і моцнымі, гаючай вадой напояць кароў і коней.

Дзеці збіраюцца ў адной з хат і стужкамі, папяровымі кветкамі ўпрыгожваюць ёлку. У даўнія часы, калі не было каляровай паперы, адмыслова для свята белую паперу фарбавалі рознымі колерамі. Імкнуліся, каб ёлка выглядала як мага прыгажэйшай. Гэтае святочнае дрэва тут лічыцца сімвалам роду і знакам пачатку новага года. Існуе павер'е, што кветак на дрэве павінна быць цотная колькасць — тады дзеўкі і хлопцы знойдуць сабе пару, у іх з'явяцца дзеці, і вёска будзе жыць далей.

Вось пачуліся галасы дзяцей, якія нясуць упрыгожаную ёлачку ў двор. Абрад пачаўся.

Ой ты, ёлачка кучарава.

Стаяла, шумела,

У бору стаяла, шумела.

На горы стала — зацвяла,

Ой ты, ёлачка кучарава.

Гра­ма­да дзя­цей кі­ру­ец­ца да мес­ца па­чат­ку аб­ра­ду з упры­го­жа­най ёлач­кай — сім­ва­лам ро­ду і па­чат­ку го­да.

З дапамогай такой песні ўжо ў хаце захапляюцца ёлачкай. Раз яна зацвіла — значыць зіма скончылася, трэба на высокім месцы гукаць вясну і заклікаць птушак. Гаспадыня нясе гаршчок з зернем, у яго паставяць ёлачку — каб год быў багаты, усе былі здаровыя і вясёлыя.

Для абраду «Чырачка» жыхары і госці Тонежа (а іх у гэты дзень прыязджае ў вёску нямала) збіраюцца разам і ідуць на Чарнышоўскія горы. Нехта едзе на вазах, запрэжаных прыбранымі коньмі, нехта ідзе пешкі да месца агульнага святкавання.

Але нельга лічыць, што тыя, хто не трапіў на гару, застаюцца па-за атмасферай радасці і весялосці. Самыя старэйшыя жанчыны вёскі, якія не маюць сіл узняцца на пагорак і вадзіць карагоды, таксама збіраюцца разам, надзяваюць касцюмы, дапамагаюць адна адной прыбрацца для абраду і спяваюць песні. Напрыклад, вось гэтую:

Ой, чырочко-пташэчко,

не залетай далечко,

Не занось мого венчыка,

Бо мой венчык — потрэбчык:

Трэба братка жаніці,

А сестрыцу й отдаваць.

А сестрыцу отдаваць,

Да веселлейко спраўляць.

Яны адзначаць «Чырачку» за традыцыйным сталом з пячэннем, блінамі і кісялём.

Мы ж рушым на гару, адкуль ужо чуецца вясновая-заклікальная: «Ой, гу, вясна, ой, гу, красна... Ой, што ты нам вунесла...» Падчас абраду гукання вясны водзяць карагоды, якія складаюцца з трох колаў. Першае ўтвараюць дзеці, другое — маладыя людзі ў перадшлюбным узросце, а трэцяе — жанчыны сталага ўзросту. Усе разам гуляюць у традыцыйную гульню «Грушка», спяваюць песні. Спачатку спальваюць пудзіла зімы на вялікім вогнішчы, а затым — развітваюцца з ёлачкай. Крыху пазней адзін хлопчык возьме ўпрыгожанае дрэўца, пабяжыць да самага высокага дрэва на гары, залезе як мага вышэй на яго — бліжэй да сонейка — і ўладкуе ёлачку на галінах. Гэта стане сімвалам прыходу вясны, а гаршчок з зернем, у якім неслі ёлачку на гару, застанецца ахвярай для птушак, якія прыляцяць з выраю.

Пазней усіх чакае пачастунак і, бадай, самая вясёлая частка абраду — качанне з гары. Пакачацца не адмаўляюцца нават самыя сталыя ўдзельнікі свята. Лічыцца, што ў гэты час зямля дае сілы арганізму, таму хваробы адступяць і чалавек застанецца здаровым цэлы год. Верце ці не, але сталыя ўдзельнікі «Чырачкі» пацвярджаюць праўдзівасць гэтай прыкметы.

...Мы вярнуліся з Тонежа з добрым настроем, цэлым выраем «чырачак» і мноствам добрых зычанняў. Так, вясна прыйшла!

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Вясну-красну — на вулачку, а зімачку — у каморачку»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Што і пачым можна набыць сёння на Камароўскім рынку

Што і пачым можна набыць сёння на Камароўскім рынку

У звычайныя дні тут бывае 30 тысяч пакупнікоў.

Калейдаскоп

5 прычын, з-за якіх сталеюць непаслухмяныя дзецi

5 прычын, з-за якіх сталеюць непаслухмяныя дзецi

Гэта павінен ведаць кожны з бацькоў.