Вы тут

Якім чынам развіццё краіны залежыць ад адказнасці грамадзян


На змену глабальным інтэграцыйным працэсам прыходзіць усведамленне пярвічнасці нацыянальных інтарэсаў. Адпаведная тэндэнцыя назіраецца як у вядучых краінах Захаду, так і ў Беларусі. Спачатку павінны быць абаронены такія каштоўнасці, як стабільнасць дзяржавы і спакой грамадства. Гэта — задача нумар адзін. Далей такой краіне, як наша, якая мае адкрытую экспартаарыентаваную эканоміку, трэба ўлічваць бягучыя сусветныя тэндэнцыі і аператыўна на іх рэагаваць. Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр ЛУКАШЭНКА гаварыў учора падчас нарады па актуальных пытаннях развіцця краіны, на якой былі закранутыя і надзённыя тэмы.


Бухгалтэрыя — не найлепшы падмурак інтэграцыі

Змена акцэнтаў з інтэграцыі на нацыянальныя інтарэсы ў эканоміцы заўважная па імкненні краін абараніць унутраныя рынкі, развіваць вытворчасць на сваёй тэрыторыі і, безумоўна, пры ўсім гэтым абмяжоўваць доступ канкурэнтаў на свой рынак. У палітыцы ўвага канцэнтруецца ў першую чаргу на ўласных праблемах, якія ў пераважнай большасці развітых краін набываюць усё большую вастрыню.

— Праглядаюцца як станоўчыя, так і негатыўныя аспекты. У цэлым арыентацыя на прыярытэтнасць нацыянальных інтарэсаў адпавядае і нашым імкненням — гэта факт. Тут мы ідзём у рэчышчы сусветных тэндэнцый, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Аднак негатыўны бок такога працэсу заключаецца ў тым, што цяпер сур'ёзна пагаршаюцца магчымасці выхаду нашай прадукцыі і паслуг на рынкі іншых краін, якія ўводзяць усё новыя бар'еры. Што насцярожвае — нашы сяброўскія, блізкія краіны гэтым таксама не грэбуюць.

Падчас пасяджэння міжурадавага савета Еўразійскага эканамічнага саюза, якое адбылося некалькі дзён таму ў сталіцы Кыргызстана, зноў было закранута пытанне цаны на расійскі газ для нашай краіны. У прыватнасці, прэм'ер-міністр Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што калі б Беларусь не ўваходзіла ў склад ЕАЭС, то плаціла б за газ па еўрапейскіх цэнах.

— Гэта падобна на намёк усім і ў Расіі, і ў Беларусі, што мы з'яўляемся нахлебнікамі. Не хачу ўнікаць у дэталі, але Мядзведзеў павінен разумець: калі мы будзем плаціць як у Еўропе, яму таксама прыйдзецца заплаціць. Цана будзе неймаверна вышэйшая, чым цана на прыродны газ. Мне здавалася, і я так думаю дагэтуль, і, відаць, пераважная большасць рускіх людзей разумеюць, што нашыя адносіны з Расіяй — гэта не бухгалтэрыя. Бухгалтэрыя, цана на прыродны газ не павінны ляжаць у аснове нашых адносін. У аснове нашых адносін ляжыць нешта большае, — заявіў учора Прэзідэнт Беларусі датычна выказвання расійскага прэм'ера.

Пазіцыя нашай дзяржавы ранейшая: мы патрабуем, па-першае, каб кіраўніцтва Расіі выконвала свае абавязкі, як слушна адзначыў кіраўнік дзяржавы, «па змесце і па духу». Па-другое, калі мы будуем наш саюз, то ў нашых прадпрыемстваў, бізнесу павінны быць роўныя ўмовы на гэтым рынку.

Сэнс і «падводныя камяні» Дэкрэта №3

Асобна Прэзідэнт засяродзіў увагу на сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ўжо не ўпершыню закранаецца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы.

— Дэкрэт не з'яўляецца эканамічным і фінансавым, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта ідэалагічны маральны дэкрэт, ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэтай гэтага дэкрэта з'яўляецца адно — прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта галоўнае.

У той жа час многія пенсіянеры яшчэ могуць працаваць, але гэта — іх жаданне і ўласны выбар. Прынамсі, сваё яны ўжо адпрацавалі. Або людзі з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетныя маці — іх таксама ўладкоўвацца на працу ніхто не прымушае. Наадварот, дзяржава іх імкнецца ўсяляк падтрымліваць — за кошт бюджэтных сродкаў. Але ж у бюджэт далёка не ўсе, хто павінен, робяць свае ўнёскі. Частка кошту камунальных паслуг, адукацыя, медыцына — усё гэта пакрываецца дзяржавай, якая таксама мае неабходнасць у падтрымцы.

Прыняцце названага дэкрэта ўзварухнула грамадства. Калі казаць пра пазітыўныя моманты, то рэзка знізілася цякучасць кадраў у арганізацыях і на прадпрыемствах, беспрацоўныя пачалі актыўна звяртацца ў службы занятасці. Такім чынам, людзі зразумелі, што трэба зарэгістравацца і шукаць працу. А гэта і ёсць, як неаднаразова падкрэсліў Прэзідэнт падчас нарады, галоўная мэта дэкрэта.

Але выкрыліся і не вельмі прыгожыя нюансы.

У многім прыняцце дакумента паспрыяла правядзенню своеасаблівага перапісу. Была сфарміраваная рэальная інфармацыйная база — спісы аб занятасці насельніцтва. Але, на жаль, гэта атрымалася не адразу. Спачатку выкананне дэкрэта пераклалі на падатковыя службы, і «лісты шчасця», як іх цяпер называюць, накіравалі амаль 500 тысячам чалавек. І толькі пасля рэзкай рэакцыі Прэзідэнта гэтыя спісы пачалі пераправяраць — у кароткі тэрмін колькасць лістоў скарацілася прыкладна да 300 тысяч.

Кіраўнік дзяржавы зрабіў заўвагу чыноўнікам за безадказнае выкананне дэкрэта.

— Мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час. Тыя, хто сёння па 200, 300, 500 чалавек выходзіць на вуліцы і пачынае крычаць, гэта не тыя людзі, якія сапраўды ўтрыманцы. Гэта ў асноўным людзі, якія пакрыўджаныя, якім мы ні з таго ні з сяго паслалі гэтыя апавяшчэнні, — зазначыў Прэзідэнт.

Таму Аляксандр Лукашэнка загадаў яшчэ раз вызначыць спісы тых, хто абавязаны ўносіць адпаведны плацеж. Тэрмін — да першага красавіка бягучага года. Акрамя гэтага, падчас нарады Прэзідэнт прыняў наступныя рашэнні па дэкрэце №3. Па-першае, на працягу 2017 года не спаганяць з так званых сацыяльных утрыманцаў, па якіх будуць створаны спісы ў першым квартале, гэты падатак. Тым, хто аплаціў у 2016 годзе, гэтая сума пойдзе ў залік 2017 года, калі гэты чалавек і ў бягучым годзе працаваць не будзе. Калі ж ён паступіць на працягу гэтага года на працу, то грошы яму вернуцца — па патрабаванні. Такім чынам, выбар за чалавекам.

Па-другое, складзеныя за першы квартал бягучага года ўсе спісы плацельшчыкаў павінны быць прыведзены ў ідэальны парадак — да першага кастрычніка 2017 года. Калі ў некага ёсць прэтэнзіі, мясцовыя ўлады павінны сустрэцца з кожным такім чалавекам і дапамагчы знайсці яму працу.

Па-трэцяе, за 2017 год узносы павінны быць выплачаны да 1 сакавіка 2018 года, але людзям пра гэта трэба сказаць загадзя. Усе грошы, якія будуць атрыманы за кошт гэтага плацяжу, застануцца менавіта ў раённых бюджэтах і цалкам пойдуць на дзяцей.

— Людзі павінны разумець, што яны перш за ўсё павінны шукаць сабе працу, а мы ім павінны дапамагчы. Самае галоўнае, да першага мая ўсе павінны быць працаўладкаваны, — даручыў кіраўнік дзяржавы. — Гэтая задача цалкам рэальная.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў пра заданне забяспечыць сярэднюю зарплату па краіне на ўзроўні 500 долараў. Яно абавязковае і патрабуе тэрміновага выканання.

Права выказацца

У краіне неабходна стварыць усе ўмовы для цывілізаванага дыялогу ўлады з грамадствам, у тым ліку ў пытанні правядзення масавых мерапрыемстваў, — яшчэ адна задача, якую паставіў на нарадзе Прэзідэнт.

«На плошчу чалавеку нельга забараніць хадзіць. Падключыцеся да гэтай работы, паколькі гэта работа правалена ў Мінску, абласных, буйных гарадах. Вызначыце ў гарадах тую плошчу, на якую людзі могуць прыйсці і выказаць сваё меркаванне. Там будуць начальнікі вертыкалі ўлады», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Але ніякай перашкоды нармальна жыць тым, хто працуе, быць не павінна. Вы ведаеце, што нашы «майданутыя» паехалі ў Кіеў шукаць там «майданутых» арганізатараў. Вы ж разумееце, што гэтыя людзі (якія ўдзельнічаюць у масавых акцыях. — Заўв. аўтара) будуць гарматным мясам, масоўкай. Яны ж не з палітычнымі лозунгамі туды ідуць. А 300—400 чалавек на чале з нашымі адмарозкамі, якія ў Кіеў ездзілі, — яны будуць правакаваць. Яны знойдуць 10—20 прафесіяналаў, якія ў Кіеве адкрылі стральбу. А калі пральецца кроў, тады ўжо бяда. Таму працаваць трэба на папярэджанне. Я гавару гэта публічна», — сказаў Прэзідэнт.

«Мы павінны навучыцца весці дыялог з людзьмі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы не супраць шэсцяў, дэманстрацый. Мы і на дзяржаўным узроўні гэта праводзім (нядаўна да Дня міліцыі правялі). Людзям для выказвання сваіх меркаванняў таксама павінна быць адведзена сваё месца, як у развітых краінах Захаду. Няхай туды прыходзяць і выказваюць уласнае меркаванне», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць жорсткую адказнасць за парушэнні. «Спыняць усялякія спробы (гэта не датычыцца людзей, якія хочуць звярнуць на сябе ўвагу і якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю). Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупліваць правакатараў. І адказваць яны павінны па ўсёй строгасці закона», — заявіў беларускі лідар, дадаўшы, што «майдана ў Беларусі не будзе. Нават перадумоў да гэтага няма. Але заўсёды трэба працаваць на далёкіх подступах да той ці іншай праблемы».

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

 

Загаловак у газеце: Захаваць галоўныя каштоўнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.