Вы тут

Вось бы сустрэцца...


Сёлета нашаму выпуску Шышаўскай сярэдняй школы споўніцца 50 гадоў. У далёкім 1967-м нас было 34 выпускнікі — 20 дзяўчынак і 14 юнакоў. Дзеці, народжаныя ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, скончылі вучобу ў год пяцідзесяцігоддзя савецкай улады. Тады мы на гэта не вельмі звярталі ўвагу, бо ўсё цікавае ў жыцці было наперадзе. Мо толькі на сачыненні па рускай літаратуры, што пісалі ў выпускным класе, адной з тэм была тэма пра Леніна, яго адлюстраванне ў творах Уладзіміра Маякоўскага і Максіма Горкага...


На зва­рот­ным ба­ку фо­та­здым­ка на­пі­са­на дзі­ця­чым по­чыр­кам: «Чэр­вень. 1963 год. Мы, шэсць вуч­няў 7 «А» кла­са, са­бра­лі­ся ў па­ход у Ор­шу. На здым­ку (зле­ва на­пра­ва): Мар­чан­ка Ула­дзі­мір, Аза­ран­ка Аляк­сандр, Сі­лі­вест­ра­ва Ва­ля, Па­та­пен­ка Ра­і­са, Мі­ха­лё­ва Ра­і­са і пі­я­нер­ва­жа­ты дру­жы­ны Ар­лоў­скі Ва­сіль Іо­сі­фа­віч. Гэ­ты зды­мак зроб­ле­ны ка­ля шко­лы на­стаў­ні­кам фі­зі­кі. Ся­род дзя­цей ня­ма Лі­ліі Ар­лоў­скай. Яна па­бег­ла да­до­му збі­рац­ца».

Няма нашай старой драўлянай двухпавярховай школы, якую ў пачатку мінулага стагоддзя будаваў і мой дзед. Аб чым даведалася намнога пазней у размове са сваёй маці. Дзеці вучацца ў новай школе, каля якой шуміць бярозавы гай, які мы садзілі ў старшых класах. Пэўна, няма і той алеі з акацый ды горкі, з якой мы коўзаліся на партфелях. І ў школьных класах не замярзае чарніла ў чарніліцах зімовымі халоднымі днямі. Мы ж вучыліся ў другую змену, як пачаткоўцы, а печы палілі да першай змены. Сцюдзёны вецер дзьмуў у вокны, і ў класе было вельмі холадна. Але на гэта мы не звярталі ўвагі, бо верылі: некалі будзе лепш. З надзеямі на цудоўнае заўтра мы ўсе пайшлі ў самастойнае жыццё...

Са школьных гадоў здымкаў захавалася нямнога. Час быў такі, мала фатаграфавалі. У мяне захаваўся адзін цікавы здымак з допісам на адвароце, як напамінак аб першым турыстычным паходзе пасля шостага класа за 45 кіламетраў у Оршу. Што ўспамінаецца, калі гляджу на гэты здымак? Адзенне ў «турыстаў» адпавядае часу — у каго што ёсць. Грошай амаль не было. З сабой неслі клункі, пэўна, з хлебам, салам, варанымі яйкамі. Частку дарогі ішлі пешшу, спынялі грузавыя машыны, якія маглі нас падвезці.

У горадзе мы пабылі на льнокамбінаце, сыраробным і піваварным заводах, дзе нас частавалі плаўленымі сыркамі і ліманадам. Начавалі ў нейкай школе, а вечарам на беразе Дняпра распалілі вогнішча і смажылі сала. Для мяне гэта было першае падарожжа далей чым да райцэнтра — горада Горкі. А кіраваў намі піянерважаты, выпускнік нашай школы — Васіль Арлоўскі, у якога таксама было ўсё жыццё наперадзе. Я ведаю, што ён стаў урачом (гэта была яго мара). Следам за ім стала ўрачом і яго меншая сястра Ліля, мая аднакласніца. Жыццё раскідала нас па ўсім Савецкім Саюзе.

Вельмі цікава было б сустрэцца праз 50 гадоў, успомніць школьныя прыгоды, каб атрымаць добры зарад успамінаў пра юнацтва на наступныя гады жыцця.

Раіса ПАТАПЕНКА

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Здымкі (не больш за тры) з невялікай гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск або іnfo@zvіazda.by. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

P.S. Неўзабаве пасля таго, як мы аб'явілі пераможцаў конкурсу за мінулы год (і даслалі шчасліўчыкам электрычныя грэлкі і фірмовыя звяздоўскія нататнікі), прыйшоў ліст удзячнасці ад нашай пастаяннай чытачкі Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў. «Ніколі і не думала пра перамогу ў конкурсе «Фотаздымак з гісторыяй» — і вось такая прыемная нечаканасць. Шчыра дзякую, дарагія звяздоўцы, за падарунак, за ўвагу, за клопат. І пішаце, і дорыце тое, што сапраўды важна. Калі даймае немач ці стома, ці проста холад — пагрэцца не шкодзіць. Таму такая грэлка — рэч незаменная, асабліва для людзей сталага ўзросту. А ў нататнік запішу са свайго, на мой погляд, лепшае. Чым жа магу вам аддзячыць? Адно — даслаць свае немудрагелістыя вершы як віншаванне са святамі... Усім звяздоўцам — здароўя, шчасця, дабрабыту. Будзем жыць, будзем трымацца адно аднаго — і газета і чытачы».

Шчыры дзякуй, шаноўная спадарыня Валянціна, і за зваротную сувязь, і за зімовую песеньку з вясновым вершам, і, вядома, за тое, што застаяцеся вернай «Звяздзе» на працягу многіх гадоў. Вы пішаце: «...Як гляну ў люстэрачка — /Там сівізна нястрымная, /А думкі маладзенькія/Бягуць няспынныя». Хочацца пажадаць, каб і надалей беглі няспынна Вашы думкі маладзенькія. Дзяліцеся імі з роднай газетай на роднай мове, паказваючы добры прыклад астатнім нашым чытачам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.