Вы тут

Мінскае «Дынама» стартуе ў дзясятым сезоне КХЛ


Матч-адкрыццё адбыўся яшчэ ў панядзелак, у ім піцерскі СКА нанёс паражэнне маскоўскаму ЦСКА. А вось мінскія хакеісты пачынаюць новы хакейны год сёння, з дамашняй серыі на «Мінск-Арэне», дзе сустракаюцца з фінскім «Ёкерытам». Напярэдадні першага матча мы пазнаёміліся з новым трэнерам «зуброў» і даведаліся пра задачы каманды ў гэтым сезоне.


У міжсезонні каманду ўзначаліў Гордзі Дуаер, 39-гадовы канадскі трэнер, які з 2015 года ўзначальваў харвацкі «Мядвешчак», а таксама ўваходзіў у трэнерскі штаб зборнай Канады. Раней ён быў галоўным у швейцарскім «Амбры-Піёта» і асістэнтам галоўнага трэнера юнацкай зборнай Канады. У якасці гульца Дуаер правёў 108 матчаў у НХЛ за «Тампу», «Нью-Ёрк Рэйнджарс» і «Манрэаль». Гуляў у АХЛ, камандах Швецыі і Германіі.

У Мінск Дуаер прыехаў з сям'ёй, ён адзначае, што яшчэ не вельмі добра пазнаёміўся горадам, а вось тры сыны і жонка ўжо арыентуюцца ў беларускай сталіцы.

— Ім асабліва спадабаўся Чырвоны касцёл. Яшчэ дзеці эмацыйна дзеляцца ўражаннямі пасля паходу ў аквапарк, — расказвае Гордзі. — Спадзяюся, у найбліжэйшы час наведаем музей Вялікай Айчыннай вайны. Што датычыцца горада, то магу сказаць пра яго толькі пазітыўнае. Адчуваю сябе ў Мінску як дома.

Цяпер бліжэй да хакея. Новы трэнер «зуброў» кажа, што быў прыемна здзіўлены, калі зразумеў, якая важная для Беларусі гэтая гульня — як для журналістаў, так і для балельшчыкаў. У якасці сваёй галоўнай асаблівасці трэнера ён называе адкрытасць у адносінах да хакеістаў і творчы падыход. «Неабходна канцэнтравацца не толькі на глабальных аспектах, але і на дробязях», — лічыць Дуаер.

Многія гульцы «Дынама» напярэдадні прызнаваліся журналістам, што цяперашняя перадсезонная падрыхтоўка была вельмі цяжкай, вялікі акцэнт канадзец зрабіў менавіта на фізічную падрыхтоўку спартсменаў. Ён абгрунтоўвае гэта тым, што ў 2018-м будуць Алімпійскія гульні, а значыць, трэба, каб гульцы на працягу ўсёй «рэгуляркі» знаходзіліся ў тонусе і былі гатовыя да жорсткага графіка, бо потым падцягнуць іх «фізуху» магчымасці ўжо не будзе.

Падчас міжсезоння «зубры» згулялі толькі 7 матчаў, правесці больш сустрэч проста не было магчымасці. Аднак, на думку трэнера, і гэтыя паядынкі аказаліся важныя і паказальныя.

— На «Кубку Мінска» мы змаглі ацаніць магчымасці многіх маладых беларускіх хакеістаў — тады яшчэ не ўсе легіянеры далучыліся да каманды. Затое ў Рызе ўжо правільна размеркавалі трэніровачныя нагрузкі і знайшлі аптымальны гульнявы час для ўсіх. Латвійскі турнір стаў вельмі каштоўным этапам падрыхтоўкі да рэгулярнага чэмпіянату. Галоўнае — пасля яго з'явілася разуменне, што трэба мяняць і над чым працаваць.

Што датычыцца задач мінскага клуба ў цяперашнім сезоне, то Дуаер адзначае: галоўнае — з цягам часу станавіцца ўсё мацнейшымі. З аднаго боку, развіваць беларускую моладзь, а з другога — рабіць упор на камандную гульню, якая дазволіць прыйсці да галоўнай мэты — выхаду ў плэй-оф. Ясна канадзец разважае і пра адносіны нацыянальнай зборнай Беларусі і галоўнага хакейнага клуба краіны.

— Гэта дзве зусім асобныя арганізацыі. З моманту майго з'яўлення ў Мінску паміж імі ўсталяваліся добрыя адносіны. Мы ўжо правялі паспяховыя перагаворы, якія датычацца скаўтынга, прагляду некаторых маладых талентаў у «Дынама». Разам з кіраўніцтвам Федэрацыі хакея Беларусі шукаем таленавітых выканаўцаў, якія маглі б дапамагчы і «Дынама», і зборнай. Ягор Шаранговіч — паспяховы таму прыклад. У мяне можа атрымаць шанц любы, незалежна ад узросту.

Пажадаем камандзе і новаму трэнеру поспехаў у сезоне і адзначым, што пасля сённяшняга матча з «Ёкерытам» 25 жніўня «зубры» сустрэнуцца з пад-
маскоўным «Віцязем», а 27 жніўня — з маскоўскім ЦСКА.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Галоўная мэта па-ранейшаму — плэй-оф

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?