Вы тут

Віцебская аблфілармонія прапаноўвае «музычныя курсы» для дзяцей


Як паведаміла нашаму карэспандэнту дырэктар філармоніі Алена Падаляк, цыкл музычных праграм для двухгадовых і крыху старэйшых гледачоў «Казкі лялькі Лялі» — спроба прывучыць да высокага мастацтва самых маленькіх жыхароў нашай краіны.


У выніку дзеці навучацца адрозніваць тэмбры музычных інструментаў, будуць адгадваць гукапераймальныя загадкі, танцаваць «на балі», прапяюць свае імёны. Іх будуць вучыць іграць на званочках і бубнах, выконваць калыханку Моцарта. Для малых прагучыць класічная музыка вялікіх кампазітараў у жывым выкананні артыстаў філармоніі.

Гэты праект з'яўляецца лагічным працягам ужо папулярнага і таксама ўнікальнага праекта для будучых мам «Саткаць душу з нот». У аснове назвы — усходняе павер'е аб тым, што кожная жанчына, якая чакае дзіця, з гукаў, як з нітак, павінна саткаць яго душу.

— Цыкл для будучых мам — адзіны ў Беларусі. Можна паслухаць у жывым выкананні спецыяльна падабраную музыку. У канцэртах бяруць удзел вядучыя салісты і іншыя музыканты горада,— расказала кіраўнік філармоніі.

Дарэчы, 19 кастрычніка ў Віцебскай філармоніі адсвяткуюць дзясятую гадавіну аргана.

— У 2007 годзе ў нас быў усталяваны ўнікальны музычны інструмент — духавы арган нямецкай фірмы Glatter-Gotz. Ён другі ў Беларусі (пасля Беларускай дзяржаўнай філармоніі), размешчаны не ў касцёле. Прэзентацыя аргана адбылася з удзелам Прэзідэнта, — нагадалі музыканты.

На арганным канцэрце «Музыка па-за часам» выступіць лаўрэат міжнародных конкурсаў з Расіі Яўген Аўраменка. Ён — арганізатар штогадовага Міжнароднага каталіцкага фестывалю арганнай і камернай музыкі імя Святой Цэцыліі ў Калінінградзе, міжнароднага праекта «Арганныя Асамблеі», заснавальнік найбуйнейшага тэматычнага інтэрнэт-партала ў Расіі www.prіncіpal.su.

Новы творчы сезон артысты філармоніі распачалі з крэатывам: гледачоў сустракалі на вуліцы таленты з народнага маладзёжнага тэатра «Кола». На канцэрце-адкрыцці прагучалі творы Чайкоўскага, Легара, Кальмана і іншых класікаў у выкананні сімфанічнага аркестра. Сваім мастацтвам парадавалі найлепшыя вакалісты. Вольных месцаў у зале не было.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Эксперымент: юныя «Моцарты»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.