Вы тут

Як дажыць да ста гадоў?


— Ай, маці, ды ляжы ты, зараз дома холадна, не трэба засцілаць тое пакрывала...

— А раптам хто прыйдзе...

Так бывае і ў простыя дні, не тое што ў святочныя. Ефрасіння Паўлаўна Ермакова заўсёды рада людзям, вось толькі з кожным годам госці да бабулі заходзяць усё радзей. Яно і не дзіва. Сябровак яе ўжо даўно не стала, а сама яна днямі адзначыла 100-гадовы юбілей. А яшчэ гадоў 40 таму ўрачы казалі, што ёй не жыць...


Еф­ра­сін­ня Паў­лаў­на  Ер­ма­ко­ва ўжо ад­зна­чы­ла  ве­ка­вы юбі­лей.

За апошнія тры-чатыры гады бабуля не прыняла ніводнай таблетачкі. Ды ўрачы кажуць, што непатрэбныя яны ёй. Выдатна абыходзіцца і без акуляраў. У жанчыны нават ніякай групы інваліднасці няма. Неяк уначы бабуля паскардзілася родным: «Сэрца млее». Выклікалі хуткую дапамогу, урачы агледзелі: ціск 120 на 80, кіслароднае напаўненне добрае, і кардыяграма ў межах нормы, ды кажуць: «Бабулі, напэўна, сумна стала».

А днямі прыпеўкі прыгадвала, родныя за ёй сёе-тое запісалі.

— Толькі апошні год яна ў мяне пачала здаваць, чуць стала горш і хадзіць. Цяжка ёй на палачку абапірацца, ёй бы хадункі якія, — расказвае Таццяна Вольскіене, дачка Ефрасінні Паўлаўны.

Бабуля прыветліва маша мне рукой са свайго ложка і вельмі здзіўляецца, што, аказваецца, гэта да яе карэспандэнт у госці завітаў.

— Нарадзілася я ў вёсцы Крыўск Буда-Кашалёўскага раёна. Маці мая памерла рана — я ў сёмы клас хадзіла. Тыф тады быў... Дык я пасля з братавай жыла, дапамагала ёй ва ўсім. Бацька ў воласці служыў, — расказвае Ефрасіння Паўлаўна.

Тата яе займаў адказную пасаду (галоўны на раёне), сачыў за парадкам, па вёсках ездзіў, а вось сваёй гаспадаркай часу займацца яму неставала, дык родныя браты дапамагалі. Але з-за гэтага сям'я яшчэ і пацярпела. Фрося пасля школы хацела далей вучыцца на настаўніцу. А ў той час для паступлення трэба было браць даведку ў сельсавеце — дзяўчыне яе не далі. Сказалі, маўляў, на бацьку людзі працавалі.

Адразу пасля школы дзяўчына пайшла на льнозавод. Праца гэта была цяжкая, брудная, ручная, вярталася яна дамоў — і нос, і рот пылам забітыя.

І хоць важнай асобай быў яе бацька, жыла сям'я бедна. Неяк абзавялася Фрося паліто, ды і таго ледзь не пазбавілася, бо бацька тады на яе глянуў і кінуў: «Аддай лепш дзецям братавай, а ты і так пераходзіш». Плакала яна тады горка, што нічога ў яе няма, а сама ж маладзенькая. Праўда, ад сястры Маруты неўзабаве перапалі ёй боцікі з мехам — «румыначкі». Вось ужо дзяўчына і «пафарсіла».

Пра вайну бабуля ўспамінае, што не ўсе немцы былі благія. Напрыклад, яна расказвала пра дзяншчыка, які гаварыў, што «вайна не гуд, вайна дрэнна». Побач з іх вёскай не было лясоў, і ворагі, якія так баяліся партызан, атабарыліся ў вясковых хатах, у тым ліку і ў той, дзе жыла Фрося. А дзяўчына ў гэты час захоўвала каштоўныя дакументы...

— У той час хоць і жылі людзі бедна, ні пра якія выгоды і льготы не думалі, а проста сумленна працавалі, — кажа Ефрасіння Паўлаўна.

— Некаторыя рэчы разумеш з гадамі. Памятаю, як паставяць нешта на стол, а маці кажа: «А я ўжо пад'ела» ці «Я пазней». А што там пасля нас паясі — сям'я ж вялікая (пасля вайны ў маці чацвёра нарадзілася, у яе і медаль ёсць — «Маці-гераіня»). Гэта яна клапацілася, каб дзецям хапіла, сама не даядала, — успамінае Таццяна Сямёнаўна. — Напэўна, жыццё закаліла гэта пакаленне. Колькі гора і цяжкасцяў перажылі людзі. У мамы першы муж у вайну загінуў, і яна засталася адна з маленькім дзіцем, у першыя ж дні Вялікай Айчыннай забілі і яе брата. Усю скаціну вораг панішчыў, жанчыны ў плугі ўпрагаліся, каб зямлю араць. На сваіх плячах ільнокастрыцу цягалі... І маці ж хварэла, памятаю, бацька казаў: «Няхай я памру, а яна жыве — хоць дзяцей падросціць». Гадоў 45 ужо прайшло, як яго не стала. А маці ўсё з намі побач.

«Гэ­ты аб­рус ма­ці ра­бі­ла  яшчэ да вай­ны»,— ка­жа дач­ка  Тац­ця­на Воль­скі­е­не.

— Дык у чым жа сакрэт даўгалецця?

— Яна вельмі спакойная, добрая, у жыцці ні з кім не перасварылася. Мы, як раслі, ніколі ні на кога голас не павысіла. Калі бацька расшуміцца, ціхенька выйдзе на вуліцу, перастаіць. Яе ў вёсцы ўсе паважалі, сяброўка дык і лісты сюды слала. Маці мая ёй і дзяцей паглядзіць, і ў двары падмяце, тая так
і казала: «Ты, цётка, мне як матка». А то было — сястра яе на туберкулёз хварэла, дык мы з маці хадзілі за тры кіламетры да яе, дапамагалі, бялізну мылі, ракі побач не было, даводзілася ваду з калодзежа цягаць. Бацьку, памятаю, гэта не падабалася, баяўся, што яна заразіцца і хваробу ў дом прынясе. А вунь не заразілася. Можа, ёй з нябёсаў цяпер усе і дапамагаюць. Мама, ты з зяцем хоць калі пасварылася?

— Ды што ты! — абураецца Ефрасіння Паўлаўна.

Ужо 40 гадоў, як дачка прыглядае за маці. Яе, 60-гадовую, Таццяна забрала, калі жыла з мужам і маленькім сынам у інтэрнаце, у пакойчыку на дванаццаць метраў.

«Забярыце маці, а то памрэ», — прасілі аднавяскоўцы пасля таго, як у лютым у маразы выпадкова заўважылі яе ляжачай на могілках. Тады не стала малодшага сына Ефрасінні — Мішы. Добрага, шчырага, яго ўсе любілі. У час службы ў арміі хлопец атрымаў медаль «За адвагу», выратоўваў людзей на пажары. Яго хацелі ў Маскве пакінуць, ды хлопец вырашыў: «Маці адна на вёсцы засталася, дом старэнькі, мне ў Буда-Кашалёве кватэру дадуць, і я яе забяру». Міша наведаўся да маці, падарункаў прывёз, дроў насек, абняў, закружыў яе, падзяліўся, што жаніццца будзе... і раптам яго не стала.

Некалькі разоў родныя думалі, што страцяць любую маці. У 64 гады Ефрасіння Паўлаўна трапіла ў рэанімацыю, урачы ўжо папярэджвалі: «Рыхтуйцеся, яна не выкараскаецца», у дзевяноста жанчына цяжка хварэла на грып...

Пакуль мы гутарылі, бабуля пачала драмаць. Ёй ужо цяжка доўга выседзець, тым больш што калі стагоддзе за плячыма, начамі часта не спіцца... Калі бачыш, як дачка клапоціцца пра маці, бы пра маленькае дзіця, міжволі знаходзіш адказы на ўсе пытанні, якія яшчэ не паспела задаць. Каб жыць доўга, трэба проста любіць людзей. Тое цяпло і святло, якое ім дорыш, пасля вяртаецца.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дабро вяртаецца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Абеліскі параненай зямлі. Не зарасце лясная сцяжына

Абеліскі параненай зямлі. Не зарасце лясная сцяжына

Нямала помнікаў ахвярам вайны стаіць у лясах, на ўзбочынах, на месцы былых вёсак. Іх даглядаюць, пра іх клапоцяцца.

Культура

Алесь Мойскі: сцэнарыі — яго работа, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а «Жывое слова» — яго тэатр

Алесь Мойскі: сцэнарыі — яго работа, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а «Жывое слова» — яго тэатр

Сцэнарыі — яго работа, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а «Жывое слова» — яго тэатр.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​