Вы тут

У сталіцы склалася сітуацыя, калі проста не хапае бюджэтных кватэр


Калі вы вырашылі зняць кватэру ў лістападзе, будзьце гатовыя паламаць дзіды і аб'ездзіць увесь Мінск у пошуках прыстойнага варыянта. Бо большасць добрых кватэр ужо занятыя маладымі сем'ямі або студэнтамі, а гаспадары вакантных апартаментаў не спяшаюцца зніжаць цану пасля сезоннага ажыятажу. Праўда, стаўкі на арэндныя кватэры ў сталіцы стабілізаваліся і цяпер знаходзяцца прыкладна на тым жа ўзроўні, што і летам. Па словах экспертаў, самую бюджэтную аднапакаёвую кватэру, якая знаходзіцца ў хоць трохі нармальным стане, можна арандаваць не танней, чым за 180 долараў у месяц.

Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку арэнды і прагнозы на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» расказала начальнік аддзела арэнды аднаго з буйных агенцтваў нерухомасці Маргарыта Пачыцкая.


Попыт большы за прапанову

Рэаліі рынка такія, што танных прапаноў вельмі мала. Арандатары, якія засяліліся ў падобныя кватэры раней, імкнуцца іх утрымаць. Арэндадаўцы таксама зацікаўленыя ў тым, каб здаць у арэнду кватэру на больш працяглы тэрмін, асабліва калі іх задавальняюць кватаранты, якія своечасова аплачваюць жыллё. Колькасць новых бюджэтных прапаноў вельмі абмежаваная.

Маргарыта Пачыцкая кажа пра тое, што ў цяперашні час попыт на бюджэтныя кватэры ў Мінску перавышае прапанову. Відавочна адчуваецца дэфіцыт аднапакаёвых кватэр па цане 170—190 долараў. Гэта прыкладна тыя ж стаўкі, што былі і летам. Агенцтва адшукае вам маленькую кватэру за 160—180 долараў, але яна будзе абавязкова на першым паверсе старога дома, ды і ў не лепшым мікрараёне.

— Знайсці кватэру за гэтыя грошы можна. Іх вельмі мала, але ў нашай базе такія прапановы ёсць. Як правіла, гэта альбо жылое памяшканне «савецкага ўзору», альбо кватэра на ўскраіне горада. Вядома, падбіраючы бюджэтнае арэнднае жыллё, усё-ткі варта арыентавацца на 180—200 долараў, — удакладняе Маргарыта Пачыцкая.

На адну дагледжаную недарагую кватэру з нядрэнным месцазнаходжаннем можа прэтэндаваць нават 3—4 чалавекі. Асноўныя перавагі арандатараў — наяўнасць метро побач. Але гэты факт практычна не ўплывае на кошт арэнды. На першы план у перамовах выходзіць пытанне цаны. Адны арэндадаўцы таргуюцца, другія — не. Кожны выпадак індывідуальны.

Як правіла, акрамя арэнднай платы, усе кватаранты аплачваюць «камуналку». Калі ў жылым памяшканні ніхто не зарэгістраваны, гэты дадатковы плацеж у аднапакаёвай кватэры абыдзецца новым жыхарам прыкладна ў 100—120 рублёў.

Наш эксперт адзначае, што цяпер кліенты падзяліліся на дзве катэгорыі. Першая выбірае выключна танныя кватэры, калі на камфорт жылля (якасная мэбля і свежы рамонт) звяртаецца мінімальная ўвага. А вось сучасны мінскі кватарант з большай цікавасцю разглядае варыянты кватэр, цалкам укамплектаваныя нестарой мэбляй, дзе сярод бытавых прыбораў абавязкова прысутнічае пральная машына. Сярэдні цэннік арэнды такіх аднапакаёвак у галоўным горадзе краіны складае 200 долараў. Сярод амаль аднолькавых па якасці і кошце кватэр прыярытэт аддаецца жыллю ў новабудоўлях з развітой інфраструктурай. Аднапакаёвыя кватэры з даволі прымальным рамонтам і з усім наборам сучаснай мэблі і бытавой тэхнікі (абавязкова плоскі тэлевізар і прасторны халадзільнік) прапануюцца сёння недзе за 220 долараў.

Двухпакаёўкі — ад 230 да 250 долараў

Зусім бюджэтны варыянт двухпакаёвай кватэры мае мінімальны цэннік, які пачынаецца з 200 долараў за месяц. Па такім кошце прапануюцца кватэры ўвогуле без рамонту або з мінімальным наборам старой мэблі і бытавой тэхнікі.

Сярэдні кошт арэнды стандартных двухпакаёвых кватэр, якія карыстаюцца стабільным попытам у кліентаў, складае ад 230 да 250 долараў. Цалкам укамплектаваныя і максімальна падрыхтаваныя для камфортнага жылля двухпакаёўкі, дзе прысутнічаюць ужо сучасныя пральныя машыны і часам мікрахвалёўкі, здаюцца ў арэнду сёння ад 260 долараў. На рынку захоўваецца попыт і на трохпакаёвыя кватэры. «Разбежка» па цане паміж імі не такая і вялікая. Арэндныя стаўкі на трохпакаёвыя «хрушчоўкі» па кошце супастаўныя са стаўкамі на стандартныя «двухпакаёўкі». Сярэдні цэннік больш «упакаванай» трохпакаёвай кватэры складае ўжо 270 долараў. Як правіла, іх арандуюць па прынцыпе кампаньёнства студэнты альбо сем'і з дзецьмі.

Шматпакаёвыя кватэры чакаюць сваіх кватарантаў даўжэй, чым аднапакаёвыя. З дня падачы заяўкі ў агенцтва нерухомасці можа прайсці і месяц, пакуль кватэра знойдзе свайго арандатара.

Перадаплата і праблема «шэрых» агентаў

Часам у сеціве сустракаюцца аб'явы, калі кліентам прапануюцца кватэры па кошце, які значна ніжэйшы за рынкавы. Няўжо і сапраўды нават сёння можна знайсці кватэру па стаўцы 150 і нават 140 долараў за месяц?

Справа ў тым, што за большасцю аб'яў з невысокімі цэнамі хаваюцца прапановы кампаній, якія аказваюць паслугі па перадаплаце. Схема работы такіх агенцтваў вядомая не першы год: з кліентам складаюць дамову на падбор варыянтаў, ён атрымлівае спіс кватэр з адрасамі, цэнамі і тэлефонамі гаспадароў, аплачвае паслугу ў касу і толькі пасля гэтага самастойна тэлефануе па гэтых варыянтах і ездзіць на прагляды. За актуальнасць аб'яў адказнасці ніхто не нясе. Сапраўды салідныя агенцтвы працуюць не па перадаплаце, а па факце. Гэты варыянт крышку даражэйшы, але дакладны.

Сёння на рынку прыватнай арэнды жылля існуе праблема, калі паслугі па пошуку варыянтаў кліенту прапануюць спецыялісты-адзіночкі, якія раней працавалі рыэлтарамі ў агенцтвах нерухомасці. У іх ёсць вопыт аналізу рознай спецыялізаванай інфармацыі з розных крыніц. Часам яны завабліваюць кліентаў «прымальнымі» цэнамі, якія на самай справе не адпавядаюць рэчаіснасці. Калі такі «шэры» агент не паказвае вам спецыяльную картку работніка вядомага вам агенцтва, то спажывец і не мае ніякіх гарантый таго, што атрымае якасную паслугу. Нагадаю, што ў легальным арэндным бізнесе кліенту абавязкова выдаецца дагавор і чэк. Без гэтых дакументаў чалавек увогуле не абаронены ад махлярства.

Спецыялістамі падлічана, што на другасным рынку арэнды жылля сталіцы доля здзелак па лініі «шэрых» агентаў складае каля 20%. Нелегальныя прадпрымальнікі ад арэнды часам могуць патрабаваць за свае паслугі значна меншыя грошы, але гарантый яны не даюць увогуле. Ёсць сярод іх і тыя, хто выдае сябе за агенцтва, якое працуе ў рамках закону. Таму перш, чым аддаць грошы і падпісаць дагавор, трэба ўпэўніцца, ці з тым агенцтвам планавалася супрацоўнічаць.

Цэны стабілізуюцца

Эксперты рынку жыллёвай нерухомасці адзначаюць, што ў апошнія дні кастрычніка кліентаў на здымнае жыллё стала крыху больш. Аднак адразу гэты факт ніяк не паўплывае на агульныя тарыфы сталічнай прыватнай арэнды. Справа ў тым, што будучыя кватаранты проста не маюць магчымасці плаціць большыя грошы за арэнду. Апошнім часам заробкі нават у сярэдняга класа работнікаў у доларавым эквіваленце не павялічыліся. Спецыялісты ўпэўнены, што сітуацыя са стаўкай арэнды застанецца стабільнай да пачатку наступнага года.

Змяненне цэннікаў (у бок павелічэння) можа адбыцца толькі пры выкананні некалькіх умоў. Па-першае, свабодных кватэр на рынку стане менш, чым летась. Другім фактарам можа стаць павелічэнне сур'ёзнага попыту не толькі з боку студэнтаў, а таксама маладых спецыялістаў і маладых сем'яў.

Разам з тым эксперты адзначаюць, што падаражання здымных кватэр можа і не быць. Сёння на гэтым рынку не існуе нейкіх сур'ёзных эканамічных прычын, каб цэннік на падобны тавар увогуле рос. Павелічэнне можа мець ажыятажную прычыну, калі кліентам будзе здавацца, што кватэр усім не хопіць. Аднак падобнае падаражанне звычайна мае толькі часовы характар.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.