Вы тут

Бальнічныя клоўны вяртаюць да жыцця хворых дзетак і іх бацькоў


Яна — вельмі прывабная. Яна — вельмі разумная. Яна — вельмі сур'ёзная і строгая настаўніца замежнай мовы смалявіцкай гімназіі. Для калег і вучняў — Яна Вітальеўна РАПІНЧУК, нягледзячы на тое, што вельмі маладая і яшчэ знаходзіцца ў статусе маладога спецыяліста: пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта працуе толькі другі год.

Але не меней за два разы на месяц Яна кардынальна мяняе сваё аблічча: робіць легкадумную прычоску, прыбіраецца ў яркі смешны касцюм і начэплівае на твар... гарэзны чырвоны нос. Так дзяўчына ператвараецца ў клоўна. Калі быць больш дакладнай — у бальнічнага клоўна Фібі з маладзёжнага дабрачыннага грамадскага аб'яднання «Бальнічныя клоўны «Funny nose»...


Бальнічныя клоўны.

— Неабходнасць бальнічных клоўнаў могуць па-сапраўднаму ацаніць, напэўна, толькі тыя дарослыя, дзеці якіх доўга знаходзяцца ў бальніцах, ды яшчэ самі малыя... Тое, што гэты рух з'явіўся ў нашай краіне, выдатна! Але як бальнічныя клоўны ўвайшлі менавіта ў тваё жыццё? — спыталі мы ў Яны.

— Маім глыбокім перакананнем заўсёды было тое, што чалавек не павінен марна пражываць сваё жыццё. Ён мусіць прыносіць карысць! Зрабіць свет лепшым мы здолеем толькі тады, калі пачнём з сябе. Гэтым я і займаюся — імкнуся працаваць над сабою і быць карыснай.

Ужо трэці год з'яўляюся валанцёрам Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту: на грамадскіх пачатках выкладаю іспанскую мову пенсіянерам. Яшчэ ў студэнцкія гады ўдзельнічала ў некалькіх дабрачынных праектах: была суправаджальніцай дзіцяці-аўтыста, лідарам міжнароднага дзіцячага лінгвістычнага лагера «Fantasy Camp»... Іншымі словамі, мне заўсёды падабалася творчасць, стасункі з людзьмі. Падабалася дапамагаць ім. Гэта і прывяло мяне ў бальнічную клаўнаду.

— Вы забаўляеце дзяцей, якія шмат часу знаходзяцца ў бальніцы...

— Не зусім так. Не трэба блытаць нас з аніматарамі ў курортных гатэлях і клоўнамі на цыркавой арэне. Тут — усё іншае. Наша мэта — вывесці дзіця са стану стрэсу, які выкліканы хваробай. Дапамагчы яму не баяцца медустановы, урачоў, уколаў, кропельніц, адцягнуць ад сумных думак, выклікаць усмешку... Вельмі часта адбываецца так, што хворыя дзеці з-за стрэсу ні з кім не кантактуюць, адмаўляюцца ад ежы на працягу некалькіх дзён. І толькі з дапамогай бальнічных клоўнаў іх атрымліваецца «разварушыць», прымусіць усміхнуцца і, у рэшце рэшт, проста накарміць. А часам дапамога патрэбна бацькам, і нават больш, чым дзецям.

...У нас няма ніякага клоўнскага макіяжу, бо дзеці могуць яго спалохацца. Толькі чырвоны нос (гэта наш галоўны атрыбут) і яркае адзенне. І тое — яркае ў меру. Ніякай дакучлівасці. Мы не будзем уваходзіць у палату і праз прымус «рабіць дабро» тым, хто гэтага не хоча. Часам людзі настолькі паглынутыя сваім горам, хваробай дзіцяці, што ім не да клоўнаў. А бывае, дарослыя ўсё гатовыя аддаць за ўсмешку малога — дапамагаюць, падыгрываюць нам і вельмі ўдзячныя. Медперсанал у большасці выпадкаў ставіцца да нас станоўча. Бо мы таксама, як і яны, зацікаўлены ў найхутчэйшым выздараўленні дзяцей.

Яна Рапінчук...    ...і Фібі.

— А ці лёгка стаць бальнічным клоўнам?

— Пачнём з таго, што далёка не кожны хацеў бы стаць ім. Бо гэта не так і проста псіхалагічна. Але для тых, хто жадае далучыцца да нашай каманды, усё празрыста: інфармацыя ёсць у адкрытым доступе ў інтэрнэце, можна падаць анлайн-заяўку. Але ж гэта адказная праца, якая патрабуе ведання асноў псіхалогіі, педагогікі, акцёрскага майстэрства, медыцыны... Прэтэндэнты праходзяць псіхалагічнае тэсціраванне, строгі адбор, навучанне ў школе бальнічнага клоўна і стажыроўку. А тыя, хто ўжо працуе, увесь час удасканальваюць свае веды: у нас пастаянна праходзяць навучальныя семінары, трэнінгі, дзяліцца вопытам прыязджаюць калегі з іншых краін свету... Так, у маі гэтага года на базе 4-й мінскай гарадской клінічнай бальніцы прайшоў ІІ Рэспубліканскі форум бальнічных клоўнаў.

— У якіх бальніцах даводзіцца працаваць?

— Калі гаварыць пра Мінск, то ў аддзяленні дзіцячай хірургіі РНПЦ дзіцячай хірургіі, SOS Дзіцячая вёска Бараўляны, 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы, Дзіцячым хоспісе ў вёсцы Ляскоўка. З задавальненнем наведваем і іншыя медустановы, дзіцячыя дамы. Словам — куды клічуць, дзе нам рады, там і працуем...

— А чаму Фібі?

— Гэта імя маёй любімай гераіні з тэлесерыяла «Сябры». Яно вельмі дзіцячае («Фібі-Бібі») і непасрэднае. Фібі — гэтакая капрызная і летуценная дзівачка, якая нібыта звалілася з воблака, з'явілася з невядомай краіны. Якой, дарэчы, я і з'яўляюся (смяецца). Мая краіна — высока ў аблоках. Усё там паветранае, цёплае, утульнае. У кожнага клоўна ёсць такая. Часам яны выбіраюць сабе імя па законах гэтай краіны, імя, якое суадносіцца з іх унутраным светам, з асацыяцыямі з дзяцінства... А бывае так, што імя клоўну даюць дзеці.

— Што асабіста табе дае ўдзел у гэтым праекце?

— Для мяне ператварэнне ў Фібі — гэта пераход у свет дзяцінства. Быццам бы перазагрузка і ачышчэнне. Кожная сустрэча з хлопчыкамі і дзяўчаткамі, кожная палата — гэта вялікае поле для фантазіі і творчасці. Мне падабаецца дзяліць радасць з людзьмі, ствараць для іх маленькія аазісы шчасця. А яшчэ вельмі важным для мяне з'яўляецца тое, што заняткі бальнічнай клаўнадай маюць на ўвазе і велізарную працу над сабой. Магчымасць раскрываць свой творчы патэнцыял, пераадольваць унутраныя «заціскі», прымяняць на практыцы веды па педагогіцы, псіхалогіі...

— Абодва твае заняткі — настаўнік і бальнічны клоўн, — вядома, узаемадзейнічаюць адзін з адным, дапаўняюць?

— Безумоўна! Дзякуючы клоўну, які існуе ўва мне, лягчэй праводзіць урокі, трымаць дысцыпліну ў класе (як гэта ні дзіўна), наладжваць кантакт з дзецьмі. Бо яны найлепей успрымаюць інфармацыю і засвойваюць матэрыял, калі ён пададзены цікава, у выглядзе гульні.

— А як блізкія ці калегі ставяцца да такой тваёй дзейнасці?

— Блізкія, вядома, падтрымліваюць, хоць самі і не падзяляюць маё захапленне. А калегі... Яны проста не ведаюць пра гэта...

— Пасля публікацыі, мабыць, даведаюцца...

(Усміхаецца.) Я не супраць... Тым больш што мэта нашага аб'яднання ў наступным годзе — «заваяваць» (у найлепшым сэнсе гэтага слова!) як мага больш гарадоў Беларусі...

Даведка

Рух «бальнічныя клоўны» зарадзіўся ў ЗША ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Яго заснавальнік — Хантэр Доэрці Адамс — урач і грамадскі дзеяч. Сёння існуе больш за трыццаць розных арганізацый, якія займаюцца бальнічнай клаўнадай. Паслядоўнікі доктара Адамса па ўсім свеце аказваюць сацыяльна-псіхалагічную дапамогу дзецям, якія знаходзяцца на працяглым лячэнні ў стацыянарах бальніц, садзейнічаюць іх рэабілітацыі, кантактуюць таксама з сем'ямі дзяцей. Станоўчы ўплыў бальнічнага клоўна на фізічны і эмацыйны стан хлопчыкаў і дзяўчатак даказаны навукоўцамі многіх краін. У Амерыцы яны завітваюць не толькі да дзяцей, але і да дарослых, якія знаходзяцца ў лячэбных установах, дамах састарэлых.

У Беларусі рух «Бальнічныя клоўны» пачаўся з Гомеля прыкладна дзесяць гадоў таму і ўжо дабраўся да сталіцы, закрануўшы і яшчэ некалькі гарадоў: Брэст, Віцебск, Мядзел, Чачэрск...

Паліна ПРАКАПЕНЯ

Загаловак у газеце: Дапамагчы ўсміхнуцца

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?