Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Салодкія абдымкі

...Свой 55-ы дзень нараджэння і звязаны з ім выхад на пенсію Галіна Пятроўна адзначала ў рэстаране і сабрала амаль увесь калектыў.

Была сярод запрошаных і Ліза. Разам з імянінніцай яна шмат гадоў працавала на адным участку, а таму, як чалавек творчы, падрыхтавала для Галіны Пятроўны адмысловае вершаванае віншаванне: цэлую оду, можна сказаць.

З ёй і з'явілася на свята.

Сталы ў зале былі расстаўлены літарай «П». За сярэднім, у самым цэнтры, сядзела віноўніца ўрачыстасці. Побач з ёю — тамада, па камандзе якога госці ўставалі з месцаў, рознымі словамі хвалілі юбілярку, віншавалі з прыгожай датай ды жадалі моцнага здароўя...

Дайшоў тост і да Лізы. Яна зараней падумала, што проста зачытаць сваю оду з прыгожай паштоўкі будзе відавочна замала: потым яе трэба яшчэ і ўручыць...

Для таго, каб гэта зрабіць, дзяўчына, атрымаўшы слова, устала з-за стала, падышла бліжэй да імянінніцы...

Тут трэба сказаць, што ў цэнтры ўвагі была не толькі Галіна Пятроўна, але і вялізазны торт, які стаяў насупраць, з іншага краю стала.

Ліза ж з ім стала побач і з такім натхненнем чытала свой верш, што проста да слёз расчуліла юбілярку. Галіна Пятроўна працягнула рукі да Лізы, каб абняць... Дзяўчына, вядома ж, таксама памкнулася наперад і нават не заўважыла, што спачатку прытулілася жыватом да... торта і толькі потым ужо — шчакой да твару імянінніцы.

...На сваё месца за сталом Ліза ішла задраўшы нос. Ну яшчэ б: не марна старалася! Гэта, яе выступленне, было найлепшае за сённяшні вечар! Усе, бач, знямелі — так уважліва слухалі. Вось што значыць паэзія!..

Пляму на сукенцы ёй паказалі ўжо на месцы. Седзячы за сталом, Ліза акуратненька ножыкам саскрэбла пушысты крэм, потым, зачыніўшыся ў прыбіральні, на тлустую пляму густа насыпала солі.

Сукенка была сіняга, цёмнага колеру, таму следу на ёй амаль не засталося. Да таго ж святла на танцпляцоўцы было мала. А значыць, юбілей у рэстаране хоць і быў трохі азмрочаны, але не сапсаваны.

Таццяна Чэкед,

г. Гомель


Перастараўся...

Гадоў пад 50 таму нашаму раёну даверылі вылучыць кандыдатам у дэпутаты абласнога савета старшыню калгаса. Перадавым тады быў наш. Так што ўсяго і заставалася, што выканаць працэдуры, а найперш — правесці агульны сход калгаснікаў.

...Тыдні за два да гэтай падзеі з арміі вярнуўся мой аднакласнік Сяргей. Вучыўся ён добра, але разам з дачкой Сцяпанавіча (таго самага старшыні калгаса) на юрфак не паступіў. Адвучыўся ў ПТВ, атрымаў прафесію муляра і, магчыма, яшчэ раней сцяміў, што з партбілетам выбіцца ў людзі будзе прасцей. Вось ён і стараўся: праз паўгода службы стаў камсоргам батальёна, праз паўтара — атрымаў- такі жаданую чырвоную кніжачку.

Але і гэта не ўсё: са службы Сяргей прывёз проста шыкоўны (ва ўсякім разе першы ў нашых мясцінах) сіні крымпленавы касцюм, белую нейлонавую кашулю з гіпюрам і бліскучыя чорныя чаравікі. У гэтым «прыкідзе» ён мог бы ўпрыгожыць вітрыну ў раённым універмагу, але ж спачатку з'явіўся на танцы ў клуб, ды праз пару дзён завітаў да калгаснага парторга, каб стаць на ўлік, а заадно закінуць вудачку наконт пасады прараба (былы — дзядзька Федзя — загнаў некаму тры паддоны цэглы, папаўся і на той час чакаў прысуду). Парторг і адказаў яму, што ўсе пытанні з кадрамі вырашае сам Сцяпанавіч, старшыня, якога ў панядзелак на сходзе будуць вылучаць кандыдатам...

— Можна я таксама ў падтрымку выступлю? — спытаў Сяргей, скеміўшы, што ён такім чынам можа злавіць двух зайцаў: па-першае, спадабацца старшыні, па-другое, «засвяціцца» перад раённым начальствам (бо нехта ж павінен прыехаць?).

Хвалебную прамову на адрас старшыні ён прадумаў загадзя, запісаў на паперы і завучыў на памяць, як некалі верш. У нядзелю вечарам (сход у панядзелак) яму заставалася асвяжыць трохі «стрэлкі» на сваіх крымпленавых портках. Для гэтага ён разлажыў іх на стале, уключыў прас, выскачыў на кухню, каб намачыць марлю...

Карацей, калі вярнуўся, у пакоі ўжо вісеў дым, а на портках «красавалася» вялікая рудая пляма...

З паўгадзіны ў хаце панавала роспач: маці Сяргея бедавала ці не болей чым сын... І яна ж прыдумала выйсце: назаўтра, прыхапіўшы 120 маміных рублёў, хлопец адправіўся ў райцэнтр і ўжо ў другім магазіне знайшоў сабе новы касцюм. Адзін недахоп быў — паясніца ў портках шырокая. Але з-за гэтай драбязы Сяргей нават не перажываў: на службе ён досыць добра ўпраўляўся з іголкай, таму штаны завузіць мог сам.

...Непрыемнасці пачаліся з іншага — з таго, што аўтобус адправіўся ў рэйс амаль на гадзіну пазней, і брацца за іголку ўжо не выпадала — часу не было. Таму лішніцу ў паясніцы Сяргей «надзейна» прыхапіў на вялікую шпільку (з яе дапамогай маці чапляла занавескі да печы), прыбраўся ў новы касцюм і пабег на сход.

Першымі там выступалі сакратар райкама, адна з даярак і дырэктар школы. Нават ён па паперцы... А таму Сяргей, які збіраўся гаварыць як бы ад душы, экспромтам, ужо прадчуваў трыумф.

Пачатак яго выступлення і сапраўды ўражваў. Але ж запомніўся больш канец, бо Сяргею здалося, мала сказаць, што ён у дзве рукі будзе галасаваць за шаноўнага Мікалая Сцяпанавіча, — трэба яшчэ і паказаць...

Для гэтага ён ускінуў рукі ўверх... Мусіць, зарэзка, бо мамчына шпілька неспадзеўкі пстрыкнула, новенькія порткі паехалі ўніз на бліскучыя чаравікі, а сход проста пакаціўся ад рогату.

...Што там было яшчэ, Сяргей не чуў: аберуч трымаючы свае штаны, ён выскачыў з клуба.

Чаканы трыумф абярнуўся адчаем: перастараўся.

Віталь Г.,

г. Барысаў


Пашлі Ціта па сіта...

Гэта здарылася тады, калі шмат чаго было не дакупіцца. Тая ж гарэлка ў крамах — па талонах... А вось самагонкай таргавалі многія.

Дык вось. Адным цёплым суботнім днём нашы мужыкі сышліся ў гаражах (яны метраў за 50 ад жылых дамоў) і трохі выпілі. Як заўжды, ім здалося, што мала: скінуліся яшчэ раз і паслалі ганца (не зусім цвярозага...) да Ягораўны па чарговую пляшку. Самі ж селі чакаць, а заадно — весці назіранне. Усё як на далоні: вось той «пасланец» ідзе ў бок дома, вось ён заходзіць у патрэбны пад'езд, вось гаспадыня (гэта ж няцяжка ўявіць?) адчыняе яму дзверы, бярэ грошы, аддае гарэлку...

Смак яе ўжо цешыць падагрэтыя страўнікі. Але што гэта? Праходзіць 10 хвілін — ганца не відаць, праходзіць 20 і 30... «Пашлі дурнога, за ім другога», — злуюць мужыкі, але ж іншага выйсця не маюць.

І вось ужо ён, той, другі, спяшаецца ў бок дамоў, праходзіць з паўдарогі і... спыняецца. Ад гаражоў добра відаць, як ён то памкнецца наперад, то здасць назад, але не ідзе нікуды.

«З чаго б гэта?» — думаюць мужыкі.

А ўсё было проста (як потым дазналіся): назад, да гаражоў, яму нельга было, бо сябры сказалі, каб без гарэлкі не вяртаўся. І ўперад нельга, бо там, на лаўцы каля пад'езда, сядзела яго жонка, а побач з ёю — Ягораўна.

...Праўду кажуць: няма нічога таемнага, што не стала б яўным. Бліжэй да вечара мужчыны дазналіся, што першаму з ганцоў гандлярка прапанавала прысесці на канапу — трошкі пачакаць, пакуль бутэльку налье.

А гарэлка, відаць, была добра прыхаваная...

Карацей, пакуль гаспадыня даставала яе ды пакуль налівала, пакупнік... заснуў. Ягораўна хацела пабудзіць, — пачапала яго за плячук, за вуха — марна: спіць чалавек як пшаніцу прадаўшы. «Ну не вадой жа яго паліваць?» — падумала жанчына. А потым пад галаву яму падсунула падушачку, нейкай дзяружкай накрыла ногі, і сама на вуліцу, на лаўку — пагутарыць з жанкамі.

Прачнуўся той ганец толькі вечарам і страху хапіў напоўніцу: ну як жа — чужая канапа, чужая хата, падушка...

Шчасце яшчэ, што паўлітроўка побач свая.

Вось яна і вярнула чалавека да памяці.

...Як ён апраўдваўся перад мужыкамі, шчыра кажучы, не ведаю. Ведаю, што пра ўсіх марудаў у нас дагэтуль гавораць: «Ну цябе пасылаць, як Стурэйку па гарэлку».

Кацярына Будзіловіч,

г. Скідзель

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by


Ад яе ж

«Кожны год да нас прыходзіць новым, адыходзіць змрочным і старым».

Што праўда, тое праўда: не варта спрачацца з класікам. А вось пашукаць сабе трошкі сонца — можна.

Што для гэтага трэба? Ды, можна сказаць, драбяза: з хатняй шуфляды, газетнай падшыўкі ў бібліятэцы альбо архіва на сайце «Звязды» выцягнуць на вочы ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі», што друкаваліся на працягу года, яшчэ раз перачытаць іх (і, хочацца верыць, атрымаць задавальненне), кожную ацаніць па пяцібальнай сістэме і такім чынам вызначыць сваю, уласную дзясятку найлепшых. Потым гэтую інфармацыю добра было б адправіць у рэдакцыю, дзе ўжо «намалявана» адмысловая табліца. У першых яе калонках — назвы «баек», даты публікацый і прозвішчы аўтараў... У апошніх — на фінішы года — з'явіцца колькасць балаў — як ад сябраў вялікага чытацкага журы, так і маленькага рэдакцыйнага...

Якраз яно і назаве пераможцаў конкурсу — аўтараў найлепшых вясёлых і праўдзівых гісторый, змешчаных у 2017-м... Каб, магчыма, у новым 2018-м усё пачаць спачатку, бо крыніцы беларускага народнага гумару, здаецца, невычэрпныя.

Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.