Вы тут

Як карэспандэнт «Звязды» прыняў воінскую прысягу


Туманнай снежаньскай раніцай дзясяткі людзей выходзяць з аўтобуса і асабістых аўтамабіляў у сталічным мікрараёне Сосны і ідуць уздоўж плота ваеннага гарадка. Разам з імі крочым і мы. Дзень асаблівы і адказны – па ўсёй краіне тысячы ваеннаслужачых прамаўляюць словы на вернасць Айчыне. Нас жа цікавіць 2-я ордэна Чырвонай Зоркі інжынерная брыгада. У ёй прымаюць прысягу каля сотні ваеннаслужачых. 60 з іх служаць у рэзерве. Сярод іх – і фотакарэспандэнт “Звязды” Сяргей НІКАНОВІЧ, якога праводзілі ў войска напрыканцы лістапада.


…Ён раптоўна з’яўляецца перад намі ў казарме з аўтаматам Калашнікава на грудзях. Адразу нават і не пазнаць яго ў нязвыклай грамадзянскаму воку ваеннай форме. Змяніўся за гэтыя некалькі тыдняў, пасталеў. Але радасны позірк адганяе прэч усе сумненні. У нас ёсць крыху часу да пачатку рэпетыцыі прысягі, і таму распытваем Сяргея пра яго жыццё ў войску.

- Зараз мы праходзім курс маладога байца. Калі па праграме ў салдат тэрміновай службы 8 гадзін заняткаў у дзень, то ў рэзервістаў – 10. Але гэтае невялікае разыходжанне слаба заўважнае. Умовы побыту ў нас абсалютна аднолькавыя, робім усё ж гэтаксама. Што ўваходзіць у склад КМБ? Прыкладна траціна з вучэбнай праграмы – гэта страявая падрыхтоўка. Яна ў пэўнай ступені “разбаўляе” многія тэарэтычныя заняткі. Ды і гэта таксама важны элемент ва ўзаемадзеянні з саслужыўцамі.

Таксама рэзервісты вучылі агульнавайсковыя ўставы і асаблівасці паводзін у баявых умовах. Сяргей ужо ведае сваю спецыяльнасць. Ён будзе камандзірам інжынерна-сапёрнага аддзялення.

- Вось літаральна напярэдадні прысягі ў нас былі заняткі ў спецгарадку. Цяпер вывучаем фартыфікацыйныя абсталяванні. Напрыклад, траншэі, акопы, мінныя палі і ўсё, што мае да іх дачыненне - як затрымаць праціўніка на месцы і абараняцца ад яго. У першыя ж дні нам паказалі, як працаваць з узрывальнікамі, дэтанатарамі, шашкамі. За час працы ў газеце я шмат чаго пабачыў на свае вочы, але цікава было дачакацца таго моманту, калі сам навучышся ўсё гэта рабіць.

- А як прайшоў у войску твой першы дзень?

- Нас засялілі ў казарму ўвечары. Паказалі, як падшывацца, як правільна засцілаць ложак. На наступны дзень усё гэта мы рабілі самі. Вучылі званні, парадак звароту. Даведаўся, што рота маладога папаўнення складаецца з 5 узводаў. Два з іх укамплектаваны з салдат тэрміновай службы, тры – з рэзервістаў. Так аказалася, што ў маім узводзе сабралася ажно 15 праграмістаў і толькі адзін гуманітарый (смяецца).Рана ўставаць прывык – наша ж праца такая, што выехаць у камандзіроўку можна і ў 4 раніцы.

У многім характар службы залежыць ад таго, якім будзе сяржанцкі склад. Гэта ваеннаслужачыя 2-га і 3-га перыяду, якія з’яўлюцца намеснікамі камандзіраў узводаў. Яны вучаць нас усяму, нясуць за нас поўную адказнасць і тлумачаць кожны незразумелы момант. Тут як у школе: які настаўнік трапіцца, так і будзеш ведаць прадмет.

- Чым ты займаўся ў асабісты час?

- Рыхтаваўся да наступнага дня. Калі, напрыклад, прывёў хутка форму ў парадак – можаш пачытаць кнігу, пагартаць газету. І нам выдаюцца на гэты час тэлефоны. Яны мусяць быць без камеры, інтэрнэту і дыктафону.

- А што з харчаваннем?

- Думаў, калі пайду ў армію, то скіну кілаграм 5-10. А вось і не! Праз першы тыдзень стаў есці менш, каб не растаўсцець. На абед, напрыклад, у меню значыцца каша, катлета, суп, салат, булачка, масла, гарбата ці сок. На сняданак – шніцаль, грэчка, яйка…

Урачыстая раніца ў часці прадоўжылася бацькоўскім сходам, які вёў камандзір 2-й інжынернай брыгады палкоўнік Віктар ВЫРВІНСКІ. Родных цікавіў пераважна распарадак дня. Камандзір таксама папрасіў ставіць кіраўніцтва часці у вядомасць у любы час аб асабістых праблемах, якія ўзнікаюць у салдат.

І вось мы перамяшчаемся на плац. Тут крыху цеснавата – на маленькім асфальтавым прамавугольнічку сабралося, па прыкідках, каля дзвюх соцень родных і блізкіх. Лавіруючы ў натоўпе, прабіраюся бліжэй да ўзвода, у якім служыць Сяргей. Адметна, што ён прамаўляе тэкст вайсковай прысягі па-беларуску. Да яго сёння прыехалі бацькі, малодшая сястра, дзед і двое сяброў. Вось да іх мы і кіруемся.

- А памужнеў-та як! – выгуквае мама Сяргея Ала Яўгенаўна. – Я не думала, што ён можа так адказна да ўсяго падыходзіць. У хатняй абстаноўцы ён больш разняволены. А тут статус абавязвае быць іншым. Усцешыла, што ён прысягнуў на матчынай мове.

- Мужчына павінен быць падцягнутым, дысцыплінаваным, - кажа дзядуля Яўген Канстанцінавіч. - Вы ж згадайце, як было раней – дзяўчаты замуж не хацелі выходзіць за таго, хто не служыў у войску. Армія дрэннаму не вучыць. Я ж сам служыў тры гады ў ракетных войсках. І давялося яшчэ напрыканцы службы вучыць маладых.

Салдатам застаецца ўсяго некалькі хвілін да першага ў жыцці вайсковага звальнення. Сяргей кіруецца дадому, каб сустрэцца з роднымі за святочным сталом. На жаль, гэта ненадоўга - ён мусіць вярнуцца назад у часць у гэты ж дзень не пазней за 19.30. Яму яшчэ заступаць у першы нарад днявальным…

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.