Вы тут

Патрыятызм: сцэнічны варыянт


Зараз у беларускім тэатры шмат камедый: яны складаюць важкую частку драматычнага рэпертуару тэатраў краіны.


Сцэна са спектакля «Лондан».

На жаль, гэтыя спектаклі ў асноўным разлічаны на тое, каб забаўляць — своеасаблівы варыянт замены звычайнага кінафільма на вечар. Амаль няма камедый, якія арыентуюцца на гледача, што прыйшоў у тэатр па нешта арыгінальнае і з намерам разважаць пра ўбачанае. Не той гэта жанр: сур’ёзныя пытанні сучаснасці павінны ўздымацца ў сур’ёзных спектаклях. Але калі звярнуцца да гісторыі, то вядома, што жанр камедыі нарадзіўся менавіта для адлюстравання актуальных падзей. Камедыя — крывое люстэрка, якое з дапамогай камічнасці і сатыры дэманструе гледачу рэчаіснасць. Згадаць хаця б пастаноўкі твораў расійскіх і беларускіх класікаў. «Гора ад розуму» А. Грыбаедава ды «Жаніхі» М. Гогаля, «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я. Купалы ды іншыя дасюль паспяхова ідуць у айчынных тэатрах: творы, якія распавядаюць пра людзей і дапамагаюць ім бачыць хібы, застаюцца цікавымі ў любыя часы. Яны маглі з цягам часу страціць вострую надзённасць, якая калісьці «зачапіла» сучаснікаў і адкрыла сапраўдны геній іх аўтараў. Тое, што мы бачым на сцэне зараз, — рэха былога поспеху з імкненнем актуалізаваць тэму для новых пакаленняў. Сучасныя камедыі, якія ідуць па слядах вядомых папярэднікаў, але не пераймаюць іх, вылучаюцца на агульным фоне.

Менавіта такая камедыя з’явілася летась у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Спектакль «Лондан», пастаўлены паводле п’есы беларускага аўтара Максіма Дасько рэжысёрам Аленай Сілуцінай, прыцягнуў увагу аматараў тэатра адразу і нават прайшоў з поспехам па вядомых міжнародных фестывалях, пачынаючы з «М@рт-кантакту». У праграме беларускага шоукейса BELARUS OPEN у межах фестывалю «ТЭАРТ» спектакль таксама вылучаўся. Галоўны герой пастаноўкі спадабаўся і беларусам, і гасцям з іншых краін, якія, нават не разумеючы ўсяго каларыту дзеі, атрымлівалі асалоду ад падзей і гучна смяяліся — добры паказчык для кожнай камедыі.

Знаёмцеся: гэты герой — вельмі просты чалавек, сярэднестатыстычны сантэхнік Гена, які трапіў у незвычайнае для сантэхніка асяроддзе. Герой, натуральна, станоўчы: нягледзячы на тое, што ў біяграфіі Гены можна сустрэць і турэмныя старонкі (а ў народзе ўсім вядома, што турмы ды жабрацтва заракацца нельга), ён пазбег разбуральных для асобы «зэкаўскіх» спакусаў. Наадварот, турма дапамагла Гену «выйсці ў людзі»: калі б не яна, ніколі б не ўзнікла дзіўнае для сантэхніка захапленне саломапляценнем. Да гэтага 34 гады жыцця Гены ішлі па зададзенай каляіне: ажаніўся і развёўся, моцна піў і завязаў, адсядзеў у турме і знайшоў сваё прызванне на працы. Усё мяняецца, калі ў межы абсалютна рэалістычнага расповеду трапляе нечаканы поспех: Гена перамагае ў міжнародным спаборніцтве па саломапляценні і ляціць у Лондан на конкурс народнай творчасці. Па сутнасці, перад намі апрацаваны для тэатра варыянт «роўд муві», калі галоўны герой выпраўляецца ў шлях, дзе вельмі воста адчувае сваё сапраўднае «я». І ў дадзеным выпадку гэтае «я» праяўляецца ў любові да радзімы.

Трапна прыкмечаныя дэталі робяць спектакль надзвычай жыццёвым. Можна заўважыць пазнавальны гарадскі патэрн — выдатна выпісаны маршрут «праца/дом», па якім штодня разам з сучаснымі мінчанамі едзе Гена. Асобная тэма — праца сантэхніка. Падчас спектакля здавалася, што ўся аўдыторыя апынулася на майстар-класе па сантэхнічным майстэрстве. Рэжысёр выводзіць артыста ў глядзельную залу, каб кожны прысутны мог больш рэальна і ярка ўявіць сабе ўсю складанасць барацьбы з забітымі трубамі. Мову пастаноўкі таксама можна аднесці да рэалістычных рысаў дзеі, бо які ж сантэхнік вызначаецца літаратурным маўленнем? Трасянка ды лаянка — вось яго стандартны моўны набор (таму «Лондан» падаецца ў катэгорыі 18+). Але гэта ўспрымаецца лагічна і натуральна: у такога сантэхніка сапраўды верыш.

Нават фотаздымкі з падарожжа, што паказвае Гена сваім беларускім сябрам, менавіта такія, якія б зрабіў шараговы сантэхнік: ад тэхнікі выканання і да тэматычнага кола выяў. Ледзь заўважная, але істотная дэталь, — вафля «Витоша», якую пакінулі ў нумары лонданскага гатэля побач з тэлефонам як напамін пра радзіму...

Так, рыса за рысай, паўстае партрэт таго беларуса, які звычайна застаецца «за кадрам» высокага мастацтва. Не інтэлігент, не творца, не грамадскі дзеяч, а нібыта адзін з герояў папулярнага расійскага серыяла «Рэальныя пацаны» пра тыповых «хлопцаў з раёна». Але ў спектаклі «Лондан» здзіўленне — у іншым: у асобе сантэхніка Гены мы нечакана пазнаём сапраўднага патрыёта! Яго патрыятызм не прыдуманы ці навязаны некім; ён жывы і натуральны. Да пэўнага часу яго нібыта і няма, але асаблівае пачуццё радзімы востра выяўляе сябе падчас падарожжа за мяжу, адмысловага выхаду з зоны камфорту. Герой сам не разумее, што з ім адбываецца, бо «жыццёвы» патрыятызм надта адрозны ад таго, што апяваецца ў кнігах ці кіно, яму цесна нават у вызначэнні на «Вікіпедыі». Рэжысёр спектакля знайшла той варыянт аповеду, калі нам даюць магчымасць не столькі зразумець, што гэта такое, колькі адчуць — разам з простым сантэхнікам Генам: праз акцёрскую ігру і візуальны рад, які зроблены нібыта проста, але прадуманы да дробязяў і падкрэслівае стан героя, разам з якім часам міжволі расчульваешся да слёз. Лондан, вядома, горад добры, але ж нязвыклы. Дзе палягае мяжа паміж жаданнем вярнуцца ў знаёмае асяроддзе і сапраўднай тугой па доме, гледачам давядзецца вызначаць самастойна.

Калі ўважліва ўгледзецца ды падумаць, то аказваецца, што спектакль з неінтэлігентнымі героямі ды словамі з вуліцы на галаву вышэйшы за некаторыя класічныя (ці ўжо проста банальныя?) камедыі бягучага тэатральнага рэпертуару. Ці таму, што герой — наш, сучасны, просты, у прынцыпе зразумелы, але яму ўласцівыя патрыятычныя пачуцці, якіх ён сам у сабе не чакаў? Альбо таму, што гэтыя пачуцці ёсць у кожным, проста не было такога вось вострага выпадку, каб іх асэнсаваць? Ці, можа быць, з-за таго, што пра такія высокія пачуцці можна, аказваецца, апавядаць вельмі проста, без залішняга пафасу, але пры гэтым не пакінуць гледача абыякавым?..

І ў выніку хочацца знайсці баланс паміж прычынай і наступствам, што адлюстроўваюцца на тэатральных афішах: ці то сучасны тэатр падладжваецца пад густ гледача, ці то густы гледача фарміруюцца пад уздзеяннем сцэнічнага рэпертуару?

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.