Вы тут

Беларуска-ізраільскія адносіны павінны выйсці на новы ўзровень


Беларуска-ізраільскія адносіны павінны выйсці на якасна новы ўзровень развіцця. Пра гэта гаварылася падчас нядаўняга візіту беларускай парламенцкай дэлегацыі на чале са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Папковым у Дзяржаву Ізраіль.


У першую чаргу трэба будзе пашырыць супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы. Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады намеціліся пазітыўныя тэндэнцыі ўзаемнага гандлю: у 2017-м яго рост дасягнуў 150 %, а беларускі экспарт у Ізраіль павялічыўся на 70 % у параўнанні з папярэднім годам. Тут, на думку спецыялістаў, ёсць яшчэ шмат нявыкарыстаных магчымасцяў.

Члены беларускай парламенцкай дэлегацыі сустрэліся са спікерам Кнесета Ізраіля Юліем Эдэльштэйнам і генеральным дырэктарам Альбертам Сахаровічам. Падчас перагавораў з дэлегацыяй Лігі міжпарламенцкай дружбы «Ізраіль—Беларусь» на чале з яе кіраўніком, віцэ-спікерам Кнесета Талі Пласкоў, а таксама з міністрам аліі і інтэграцыі Ізраіля, сустаршынёй сумеснага беларуска-ізраільскага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве Софай Ландвер члены беларускай дэлегацыі абмеркавалі ступень парламенцкага ўдзелу ў прасоўванні перспектыўных праектаў беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва.

На думку кіраўніка рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентам Дзяржавы Ізраіль Аляксандра Папкова, Ізраіль можа стаць найважнейшым інвестыцыйным партнёрам для нашай краіны ў частцы актывізацыі кааперацыі дзвюх дзяржаў у галіне ІТ-тэхналогій. У цяперашні момант нямала ізраільскіх кампаній уваходзіць у беларускі Парк высокіх тэхналогій. Вялікія перспектывы інвестыцыйнага супрацоўніцтва і ў аграпрамысловай вытворчасці. «Патэнцыял груп міжпарламенцкай дружбы вельмі вялікі, і яго трэба выкарыстоўваць у рэалізацыі канкрэтных сумесных праектаў у гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, турыстычнай, культурна-гуманітарнай і адукацыйнай сферах, — падкрэсліў парламентарый. — Беларусь гатова пастаўляць у Ізраіль прадукты харчавання, тэхніку. У свой час ізраільскі бізнес праявіў цікавасць да работы беларускіх сельгаспрадпрыемстваў. Узаемавыгадным для абедзвюх краін можа стаць праект па стварэнні сумесных вытворчасцяў. Таксама зараз у нашай краіне актуальная праблема энергазберажэння ў АПК. Беларускім аграрыям цікавы вопыт ізраільскіх калег як у гэтай сферы, так і ў частцы перапрацоўкі адходаў сельскагаспадарчай вытворчасці».

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць 153 юрыдычныя асобы з ізраільскім капіталам. З дапамогай ізраільскіх інвестараў у Мінскай вобласці рэалізаваны ўнікальны для краін СНД высокатэхналагічны цэнтр збору і перапрацоўкі адпрацаваных машынных маслаў. Таксама ў рамках беларуска-ізраільскага ўзаемадзеяння разглядаюцца пытанні прыцягнення беларускіх будаўнікоў для работы на аб'ектах у Ізраілі і стварэння ў Беларусі ізраільскага навучальнага цэнтра, дзе будзе праводзіцца адбор і навучанне беларускіх спецыялістаў рабочых спецыяльнасцяў.

Па выніках праведзеных перагавораў, у мэтах прасоўвання беларускай прадукцыі на рынак Ізраіля Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь прапанавана абмеркаваць — з запрашэннем прадстаўнікоў найбуйнейшых ізраільскіх кампаній — перспектывы беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва ў жывёлагадоўчай і іншых галінах сельскай гаспадаркі. Таксама разгледзець магчымасці ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у 20-й Міжнароднай выстаўцы «Agrіtech Іsrael — 2018», якая адбудзецца сёлета ў маі ў Тэль-Авіве.

Вялікія перспектывы ў беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва і ў сферы развіцця турызму, у тым ліку аздараўленчага. Беларускі бок гатовы разглядаць інвестыцыйныя прапановы па стварэнні сумеснага цэнтра па аздараўленні на базе адной з абласцей нашай краіны.

Падчас візіту беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Ізраіль шырока абмяркоўвалася і тэматыка малой радзімы, якая цікавіць большасць выхадцаў з Беларусі. Аляксандр Папкоў заклікаў ізраільцян, якія маюць беларускія карані, актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі праектаў па захаванні месцаў гістарычнай памяці, якіх сёння нямала ў нашай краіне.

Плануецца, што ўсе прапановы па пашырэнні ўзаемадзеяння абедзвюх краін, выказаныя падчас перагавораў беларускіх і ізраільскіх парламентарыяў, будуць абмеркаваны на чарговым пасяджэнні сумеснага беларуска-ізраільскага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве, якое запланавана правесці ў маі 2018 года.

Наталля БІТЭЛЬ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.