"Шлях да поспеху" — незвычайны праект, распачаты Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, які мае на мэце сфарміраваць з найлепшых удзельнікаў моцны актыў, здольны прымаць удзел у дзяржаўным будаўніцтве краіны. Па выніках навучання абітурыенты падрыхтуюць інавацыйныя праекты, якія ў ідэале павінны дапамагчы рашыць пэўныя наяўныя праблемы ў ідэалогіі, медыя ці іншых сферах. Такі падыход дазволіць выявіць самых таленавітых і здольных, упэўнены арганізатары праекта.
Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч падтрымаў "добрае і карыснае пачынанне акадэміі":
— Гэты праект — спроба вычленіць людзей, якія заўтра могуць стаць кіраўнікамі ў самых розных сферах. Аднак не трэба ідэалізаваць, што гэта будзе выхаванне або навучанне лідара. Гэта спроба стварыць актыў, які зможа прымаць кіраўніцкія рашэнні ў самых розных сферах незалежна ад пасады.
З 1460 таленавітых маладых людзей да 31 года, якія значацца ў адзіным перспектыўным кадравым рэзерве дзяржаўных органаў і арганізацый Беларусі (АПКР), для ўдзелу ў праекце адабрана 30 найлепшых. Вядомыя вучоныя і медыя-спецыялісты правядуць для іх майстар-класы. Падчас круглых сталоў абітурыенты даведаюцца пра майстэрства спічрайтынгу ў сучасным PR, авалодаюць дзелавым і моўным этыкетам спецыяліста па сувязях з грамадскасцю, навучацца выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі як інструмент камунікацыі.
— Гэта спецыялісты, якія працуюць у розных сферах, валодаюць моўнымі і камунікатыўнымі навыкамі, матываваныя стаць дзяржаўнымі служачымі. У будучыні яны без перабольшання складуць эліту краіны, — ахарактарызаваў удзельнікаў праекта Марат Жылінскі, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. — Пасля мы будзем скіроўваць гэтых маладых людзей з улікам іх асабістых характарыстык на далейшы кар'ерны рост. Мяркуецца, што далей праект будзе развівацца і ў іншых кірунках. Мы працягнем шукаць таленавітых паўсюль і выкрышталізоўваць гэтыя маленькія дыяменцікі ў брыльянты.
Рэспубліка мае патрэбу ў маладых, матываваных людзях, якія будуць пазіцыянаваць Беларусь не толькі ўнутры краіны, а і за яе межамі, упэўнены арганізатары праекта. З абітурыентаў, першыя заняткі ў якіх пачаліся пазаўчора, мараць стварыць спецыяльны рэзерв людзей, якія змогуць весці за сабою іншых і актыўна ўплываць на жыццё ў краіне.
Ірына СІДАРОК
Фота БЕЛТА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.