На электронную пошту рэдакцыі прыйшоў ліст ад жыхара вёскі Дзявяткі Кобрынскага раёна Аляксандра Краўчука. Заяўнік піша, што ён інвалід другой групы, без нагі, а дарогі да яго дома няма. Даехаць, асабліва вясной і восенню, цяжка. Шматлікія звароты ў розныя інстанцыі нічога не далі.
Сітуацыю праясніў старшыня Залескага сельскага Савета Валерый ІВАНЮК. Кіраўнік сельвыканкама расказаў наступнае:
— Грамадзянін Краўчук мае дом у вёсцы Быстрыца. У названым населеным пункце ёсць і дарога, і ўсе неабходныя камунікацыі. Аляксандр Андрэевіч таксама скарыстаў сваё права спадчынніка і аднавіў дом на хутары вёскі Дзявяткі, узвёў там лазню, выкарыстоўвае дом як аграсядзібу, прымае гасцей. Да будынка вядзе палявая дарога, якую ніхто ніколі не планаваў рабіць гравійнай. А грамадзянін Краўчук піша ў розныя інстанцыі, і гэта яго права. Вось толькі на гэтым тыдні ў сельскі Савет зноў паступілі запыты па трох яго лістах, — падсумаваў старшыня сельвыканкама.
Можна зразумець жаданне аўтара допісу. Кожнаму хацелася б, каб да дома, нават калі ён у самай аддаленай вёсачцы альбо на хутары, была пракладзена дарога, лепш, вядома, асфальтаваная. Але на гэта трэба аграмадныя сродкі, якія бюджэт пакуль не ў стане выдаткаваць. Не так даўно мы пісалі пра тры кіламетры дарогі, якія чакаюць 200 жыхароў вёскі Гарадзечна Пружанскага раёна, дзе ёсць ферма, дзіцячы садок, царква, іншыя грамадскія аб'екты. Але і на гэты год, і на наступны кавалак дарогі ім не абяцаюць. Што ўжо казаць пра дарогу, якую чакае адзін чалавек.
Святлана ЯСКЕВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?