Вы тут

«Што мне Вена, Мадрыд, што мне Лондан туманны...»


«Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы...»

Каму належаць гэтыя радкі, чытачам «Звязды» нагадваць, мусіць, не трэба: ну вядома ж, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.

Пра любоў да Бацькаўшчыны, сваёй роднай зямлі хораша пісалі і іншыя творцы. У прыватнасці, жыццёвым крэда для многіх суайчыннікаў стала крылатае «Як жыць — дык жыць для Беларусі, а без яе — зусім не жыць» Ларысы Геніюш, на слыху пастаянна тыя ж «Слуцкія ткачыхі», «Мой родны кут...», «Я не га́ню землі чужыя...» А ўзяць знакаміты паланэз Агінскага...


Фальк­ла­рыст Мі­ко­ла Ко­таў на сва­ёй Баць­каў­шчы­не.

Тэме Радзімы прысвячаюць свае лісты і многія з чытачоў газеты.

«Днямі наведаў вёску майго хроснага бацькі, маёй бабулі, — піша спадар Мікола Котаў з Мінска, вёску, дзе маленькім я поўзаў па сцежцы, а крыху падросшы, разам з іншымі хлопцамі бегаў па вуліцы, гуляў у хованкі, купаўся ў блізкай сажалцы. І вада ў ёй была цёплая-цёплая...

Хросны бацька Іван расказваў, што некалі на паверхні гэтай сажалкі з'явіліся незразумелыя чорныя плямы, а потым і агеньчыкі, бо тыя плямы нехта падпаліў... Тады, каб убачыць гэтае дзіва, з усёй вёскі збягаліся людзі, крычалі адно аднаму: «Глядзіце, вада гарыць!.. Вада гарыць!». З таго часу Гарывадай сталі называць вёску, ад якой уласна і пачалася гісторыя беларускай нафты...

Цяпер той сажалкі ўжо няма, — паведамляе спадар Мікалай. — Няма і бабулінай хаты. Апусцела вёска, хоць тут пабудавана новая ферма і на лузе пасуцца каровы.

Каля адной з хацінак я ўбачыў бабульку. Падышоў да яе, павітаўся, прысеў на лаўку. Мы пазнаёміліся. Як аказалася, Настассі Іванаўне Мароз дзевяноста адзін год, яна памятае маю радню і тое, як знайшлі потым нафту, як запалілі вялікі факел на вышцы...»

Наведаў спадар Мікола і горад Рэчыцу, дзе некалі жыў з матуляй Праскоўяй Якаўлеўнай. А вось бацька яго, Конан Фёдаравіч, сына так і не ўбачыў, бо нарадзіўся той у снежні 1941-га. І толькі дзякуючы кіраўніку ветэранскай арганізацыі г. п. Уваравічы, што на Буда-Кашалёўшчыне, спадарыні Любові Родавай, амаль праз сем дзесяцігоддзяў даведаўся пра места гібелі бацькі — схіліў галаву перад помнікам. З тае пары, як піша, дарагім яму стаў і горад Баранавічы.

А Тураў, як і Рэчыца, дарагім быў даўно, бо там, на зямлі свяціцеля Кірылы Тураўскага, спадар Котаў палюбіў беларускія традыцыі, народныя абрады, сустрэў нямала дарагіх яму палешукоў. І сярод іх — фермера Міхаіла Рыгоравіча Шруба, які дапамагае фальклорным гуртам, самадзейнай дзіцячай творчасці...

«А калі наогул, — падсумоўвае спадар Мікалай, — то ў кожнага чалавека, які трохі пажыў на гэтай зямлі, ёсць, як мне здаецца, не проста малая радзіма, якую трэба ўсім сэрцам берагчы, ёсць Бацькаўшчына».

«У кожнага яна свая — у горадзе, у невялікім мястэчку, у вёсцы, на хутары, аднак, незалежна ад гэтага, аднолькава дарагая», — чытаем у лісце з Лагойшчыны ад спадарыні Лідзіі Лук'янавай.

На яе думку, многія вяскоўцы пераехалі ў гарады, маюць добрую працу, сем'і, кватэры з выгодамі, але ж, як бы ў іх добра не жылося, пры першай магчымасці рвуцца праведаць бацькоў ды родзічаў (і жывых, і тых, хто ўжо на пагосце), прайсціся па вёсцы, па школе.

У ёй, відаць, як нідзе, адчуваеш сувязь з мінулым. Ідзеш па калідоры і забываеш, што ты — сталы чалавек. Здаецца, вось зараз убачыш некага з настаўнікаў, аднакласнікаў ці проста знаёмых з краіны дзяцінства.

«Я памятаю, як мы перасяляліся ў новую школу. Гэта ж падумаць: нейкіх дзесяць гадоў па вайне, а ў дзяржавы ўжо знайшліся сродкі на прыгожы двухпавярховы будынак!.. Мне здаецца, нас правільна там выхоўвалі, — піша спадарыня Лук'янава, — вучылі жыць і працаваць на карысць Радзімы. Кожную восень, напрыклад, мы, школьнікі, дапамагалі сваёй гаспадарцы ўбіраць ураджай морквы, капусты, буракоў. Не паверыце: на поле ішлі з песнямі. Я ні разу ў жыцці не чула, каб нехта пытаўся, колькі нам будуць плаціць? Не спадзяваліся мы і на гарачыя абеды, хоць, шчыра кажучы, есці хацелася. Згрызеш тады нейкую моркву ці бручку — і здаволішся. А калі да гэтага і настаўнік пахваліць, дык быццам пяцёрку атрымаў!..

А якія ў нас былі святы! Рыхтаваліся да іх усе класы, спаборнічалі, хто лепей выступіць перад вёскай, перад кіраўніцтвам саўгаса. Дырэктар Цімох Ягоравіч Смірноў (былы франтавік) абавязкова прыходзіў, і такім чынам атрымлівалася, што нас выхоўвалі не толькі бацькі, не толькі настаўнікі, а ўвогуле дарослыя, само вясковае жыццё. Усёй школай восенню або вясной мы саджалі кветкі, кусты, дрэвы (два скверы ў цэнтры вёскі), прыбіралі тэрыторыю — упрыгожвалі сваю зямлю.

Аднаўляліся тады вёскі, будаваліся шматкватэрныя дамы (праўда, накшталт баракаў, але ж добрыя), дзіцячыя садкі, бальніцы, клубы, лазні, магазіны.

Цяпер многае па-іншаму, — лічыць спадарыня Лук'янава. — З'явіліся арандатары, прадпрымальнікі, асобныя — нават «раскруціліся», як той казаў, аднак думкі ў іх усё роўна пра грошы, а не пра людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. А мне здаецца, калі ты ўжо такі багаты, дык хоць нешта зрабі: тую ж лазню збудуй...»

Згодна з адной версіяй, слова «багаты» ўтварылася ад слова «бог»: многа ў чалавеку бога — ён багаты, мала — тады хай чакае бед (бедны).

Паводле прыказкі, першы другому не спагадае: багаты не ведае, чым бедны абедае.

Гэта і так, і не, бо, згадзіцеся, нямала ёсць прыкладаў, калі ўраджэнцы канкрэтных мясцін на Бацькаўшчыне будавалі храмы, помнікі землякам, дарогі, адкрывалі крамы і музеі, матэрыяльна дапамагалі школе...

Былы малалетні вязень фашызму спадар Уладзімір Жогла з Мазыра таксама хацеў дапамагчы ёй, але па-іншаму. Даслоўна:
«...Галоўная мэта Года малой радзімы — навесці парадак, зрабіць Беларусь узорна-паказальнай і з годнасцю падысці да міжнародных спартыўных спаборніцтваў, да 25-годдзя новай Канстытуцыі. Гэта — вялікае свята, — лічыць Уладзімір Мікалаевіч. — У нашым календары іх наогул шмат: адзначаем цэлымі пасяленнямі. І машын шмат, але сёння гэта ўжо не паказчык дастатку, а часта наадварот — сродак для заробкаў. А колькі тавараў у крамах, колькі магчымасцяў для адпачынку... Вось і атрымліваецца, што многія ўзахлёб расказваюць пра Егіпет, замест таго каб пагаварыць пра сваё, роднае».

«Паглядзіце на сённяшнія вёскі не ўздоўж дарог, а ў глыбінцы, — прапануе аўтар ліста. — Жыцця там, асабліва па вечарах, амаль няма, не свецяцца вокны нават у клубах... Для прыкладу спашлюся на сваю малую радзіму — вёску Буйнавічы Лельчыцкага раёна. Не так даўно пражывала ў ёй больш за тысячу чалавек, сёння — на палову менш. Сумна ўсведамляць, што міне яшчэ з дзясятак гадоў і ў жывых не застанецца нікога, хто быў удзельнікам вайны ці хоць бы сведкам тых жудасных падзей. Становіцца крыўдна за ветэранаў, бо многае забываецца.

Як зямляк і проста чалавек неабыякавы, я звяртаўся (нават пісьмова) да старшыні Буйнавіцкага сельвыканкама, да дырэктара школы з прапановай правесці сустрэчу выпускнікоў 1955 года (тых, хто пайшоў у першы клас у 1945-м). Мне казалі, што гэта магчыма не раней за студзень, потым — за сакавік... Ды воз ні з места: выпускнікоў 1955-га засталося не больш за дзесяць. Яны — так званыя дзеці вайны — многае бачылі, многае зведалі. Пра гэта і маглі б расказаць сённяшнім школьнікам, нагадаць пра сябе як пра свайго роду сувязнае звяно паміж франтавікамі і дзецьмі міру — нашчадкамі вялікай Перамогі. Але...

Самая страшная барацьба — гэта барацьба з сабой, і называецца яна барацьбой са злом», — піша спадар Жогла.

Працяг гэтых думак у лісце адданага падпісчыка «Звязды» спадара Уладзіміра Голубева з Мінска. «Усе мы не вечныя на гэтай зямлі і таму павінны шанаваць свой родны край, мець нейкую павагу да людзей: да тых, хто сёння побач і каго ўжо няма. Шанаваць не прыгожай балбатнёй, а хай дробнымі, але ж добрымі справамі», — піша ён. І расказвае, як днямі ў сваім гастраноме стаяў у чарзе каля касы, як наперадзе ў яго разлічваўся за свае тавары пажылы мужчына, як касірка сказала, што яму не хапае 20 капеек і той пакупнік палез у кішэні, аднак патрэбных манет там не знайшоў.

«Іх аддаў я, — піша спадар Голубеў, — і тут жа пачуў, як жанчына, што стаяла за намі, грэбліва прашыпела: «І адкуль толькі бяруцца гэтыя алкашы?» Я прамаўчаў, а той мужчына хацеў нешта сказаць, але нечакана заплакаў. Я дапамог яму дайсці дадому. Ён папрасіў мой нумар тэлефона, сказаў, што грошы абавязкова аддасць...

А сёння зранку пазваніла нейкая незнаёмая жанчына, папрасіла падысці да яе «наконт суседа». Я апрануўся і пайшоў да пад'езда, дзе жыў той чалавек. «Няма ўжо вашага знаёмца, пахавалі ўчора, — сказала яго суседка. — У шпіталі памёр, прасіў перадаць вам вось гэтыя грошы (яна працягнула мне металічны рубель). Васіль Сямёнавіч сказаў: няхай ён будзе як медаль — за вашу дабрыню.

Вось такое яно — жыццё».

...І такія лісты пра яго — ну, вядома ж, «выбраныя», агляд якіх і завяршыць хацелася б як пачалі, а менавіта выбраным — з класікі:

«Мы — тройчы дзеці

ў вечным крузе,

Мы — дзеці роднае 

сям'і,

І — дзеці Маці-Беларусі,

І — дзеці Матухны-Зямлі.

Трайны ён, круг,

ды недзялімы:

Бо сёння —

як ні паглядзім, —

А лёс Дзяцей

і лёс Радзімы,

І лёс Планеты —

лёс адзін».

Лепш за Ніла Гілевіча, дай бог не апошняга з народных паэтаў Беларусі, відаць, не скажаш?

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.