Вы тут

Краіна моцная рэгіёнамі: Жодзіна*


Сёлета, 3 ліпеня, Жодзіна адзначыць 55-гадовы юбілей. Да яго рыхтаваліся задоўга і карпатліва. Горад значна папрыгажэў, стаў утульным і камфортным. Што плануецца зрабіць да свята, што новага з'явіцца ў перспектыве — пра гэта і іншае расказаў «Звяздзе» старшыня гарвыканкама Юрый Шарый:

— У Жодзіне распрацавана канцэпцыя развіцця горада на найбліжэйшую і больш аддаленую перспектывы. Яна маштабная і ахоплівае практычна ўсе аспекты інфраструктуры, пачынаючы з расшырэння меж горада і заканчваючы светлавым і кветкавым афармленнем вуліц і будынкаў.

Распараджэннем кіраўніка дзяржавы 30 гектараў зямель сельскагаспадарчага прызначэння са Смалявіцкага раёна перадаецца гораду для будаўніцтва жылля. Гэта вельмі актуальна, паколькі ў чарзе стаіць 5755 гараджан, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні ўмоў пражывання, у тым ліку 265 шматдзетных сем'яў. У выніку ўзвядзення 14 шматпавярховых дамоў у мікрараёне № 9 жыллёвае пытанне змогуць вырашыць амаль паўтары тысячы чалавек.

Актуальным застаецца і будаўніцтва дзіцячай паліклінікі. У адпаведнасці з канцэпцыяй для гэтага выдзелена пляцоўка на перасячэнні праспектаў Скарыны і Леніна. Але ўстанова аховы здароўя з'явіцца ў больш аддаленай перспектыве.

— Юрый Аляксандравіч, таксама шмат зроблена да юбілею горада. Якія змены адбыліся, якія работы выкананы?

— Мы, як ніколі раней, удзялілі ўвагу менавіта добраўпарадкаванню. Правялі рэканструкцыю праспекта Міру, завяршаецца капітальны рамонт дваровых тэрыторый на вуліцах Ракасоўскага, 50 гадоў Кастрычніка, праспекце Леніна. Пачаліся работы ў дварах на праспекце Міру, ідзе рамонт жылфонду. Дзякуючы падтрымцы такіх прадпрыемстваў, як БелАЗ, Кавальскі завод цяжкіх штамповак, «Світанак», «Белаўтазапчастка», цеплаэлектрастанцыя, і іншых удалося выканаць вялікі аб'ём работ па добраўпарадкаванні.

Акрамя таго, заменена агароджа паўз аўтадарогу рэспубліканскага прызначэння Р53, якая часткова праходзіць цераз горад, а таксама ў стылі нацыянальнага арнаменту аздоблены тарцы жылых дамоў, што размешчаны на ўездзе. Завершана таксама колеравае афармленне фасадаў усіх шматпавярховых дамоў на праспектах Леніна, Міру, Скарыны, вуліцах 50 гадоў Кастрычніка, імя Ракасоўскага.

— Наколькі ведаю, вялікія пераўтварэнні адбываюцца ў гарадскім парку культуры і адпачынку...

— Сапраўды, адной з глабальных задач, якая ўжо блізкая да рэалізацыі, з'яўляецца рэканструкцыя парку культуры і адпачынку. У абноўленым выглядзе ён павінен паўстаць ужо да юбілею. Тут заканчваецца ўладкаванне спартыўнай, дзіцячай, экалагічнай пляцовак. У зоне з'явяцца трэнажоры, пляцоўкі для заняткаў стрытболам, пляжным валейболам, гольфам, вяровачны гарадок, скаладром, скейтпарк. У экалагічнай зоне запланаваны штучны вадаём плошчай 1600 квадратных метраў, які ўпрыгожаць фантан і мост. Вакол будзе пракладзена дарожка для пешаходаў, устаноўлены лаўкі і альтанка. На месцы старой танцпляцоўкі ідзе будаўніцтва амфітэатра са сцэнай на 300 месцаў, дзе можна будзе праводзіць розныя мерапрыемствы. Гэтыя работы ўзялі на сябе гарадскі бюджэт і буйныя прадпрыемствы горада.

А вось з ініцыятывай уладкавання гульнявой зоны пад назвай «Акваторыя» ў марскім стылі выступіў гарадскі савет прадпрымальнікаў, які ўзначальвае Аляксандр Будзько. Плануецца, што тут будуць устаноўлены два караблі. Меншы прызначаецца для дзяцей да 10 гадоў, другі — з агляднай пляцоўкай — для правядзення разнастайных мерапрыемстваў для дзяцей старэйшага ўзросту.

— Юрый Аляксандравіч, горад мяняецца на вачах дзякуючы ўдзелу кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, прыватнага бізнесу, грамадскасці. Ці не так?

— Мабыць, гэта тая справа, якую трэба рабіць разам, талакой! Таму грошы на яе ажыццяўленне мы збіраем сумесна. Ідэяй прасякнуліся многія. І вялікі дзякуй тым, хто разумее, што толькі агульнымі намаганнямі, працуючы ў адным кірунку, можна зрабіць Жодзіна ўладкаваным, камфортным для жыцця. І тады мы ўсе будзем жыць у горадзе, аб якім марым.

Мяне вельмі радуе, што мы знайшлі разуменне ў прадпрымальніцкім асяроддзі: у рэалізацыі сацыяльна важных праектаў нашы ідэі знаходзяць тут водгук і падтрымку. Больш таго, прыватны бізнес ужо сам выходзіць з цікавымі прапановамі. Нагадаю, зноў жа пры падтрымцы прадпрымальнікаў удалося ўладкаваць некалькі зон адпачынку на няцотным баку праспекта Міру. За кошт прыватных прадпрыемстваў таксама добраўпарадкаваны некаторыя дваровыя тэрыторыі і зроблена некалькі пешаходных развязак.

У працяг леташняй ідэі па стварэнні алеі ліхтароў, на якой кожнае прадпрыемства ўстанавіла сваю тэматычную свяцільню, а сама алея ўжо стала сапраўднай візітнай карткай, сёлета мы хочам рэалізаваць не менш цікавую задумку: з дапамогай усіх прадпрыемстваў і арганізацый горада на праспекце Леніна ўладкаваць алею крэатыўных лавак.

Нельга не сказаць аб жывым упрыгажэнні горада: у гэтым годзе яго вуліцы аздобіць рэкордная колькасць кветак — больш за 50 тысяч! Упершыню парадуюць вока гараджан каля 18 тысяч ружавых кустоў, падораных Навукова-практычным цэнтрам па земляробстве Нацыянальнай акадэміі навук, якім кіруе Фёдар Прывалаў. Яны высаджаны на цэнтральных вуліцах горада, перакрыжаваннях і ў скверах.

Мы разумеем, што за прыгожымі фасадамі, роўнымі дарогамі, новымі дамамі нельга забываць і аб духоўным. На ўездзе ў горад з боку Мінска будзе ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя Божай Маці, а прылеглую да яе тэрыторыю добраўпарадкуюць. Гэтая скульптура павінна стаць своеасаблівым сімвалам Жодзіна, а галоўнае — духоўным абярэгам для яго жыхароў.

— Юрый Аляксандравіч, а якімі мерапрыемствамі парадуюць жыхароў Жодзіна?

— Іх будзе шмат, і ўсе яны будуць розныя. Гэта спартыўныя спаборніцтвы, конкурс прыгажосці «Міс Жодзіна», урачыстае адкрыццё новай капліцы на месцы разбуранага храма. Каля будынка гарвыканкама будзе працаваць пляцоўка гарадоў-пабрацімаў. Адкрыецца парк культуры і адпачынку пасля рэканструкцыі. У горадзе ў гэтыя дні пройдзе фестываль вулічных тэатраў і кулінарна-кандытарскі фэст. Трэцяга ліпеня адбудзецца маштабнае па відовішчнасці і колькасці ўдзельнікаў тэатралізаванае шэсце арганізацый горада «Табе, любімы горад, прысвячаецца!». Падчас урачыстага сходу ўшануем найлепшых з найлепшых. У вялікім канцэрце прымуць удзел зоркі беларускай і расійскай эстрады. Завяршыцца святкаванне рэспубліканскай акцыяй «Спяём гімн разам» і салютам. Запрашаем усіх жыхароў Жодзіна і навакольных гарадоў на гэтыя маляўнічыя мерапрыемствы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Ад Багуслаў Поля да сучаснасці

Жодзінскі краязнаўчы музей размешчаны ў старой частцы горада ў будынку, які быў пабудаваны для Савета дэпутатаў у 50-х гадах мінулага стагоддзя. Музей, мабыць, самы малады на Міншчыне. Афіцыйна ён адкрыты ў 2008 годзе. Аднак яго гісторыя пачалася значна раней, калі жодзінскія гісторыкі Алесь Каралёў і Галіна Аніскевіч прыадчынілі заслону таямніцы над гістарычным мінулым роднага горада. Тады атрымалася, што яго гісторыя пачынаецца значна раней 1963 года, калі Жодзіна атрымала статус горада абласнога падпарадкавання. Мала таго, Жодзіна — адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, якія могуць ганарыцца тым, што іх заснавальнікамі быў магутны род князёў Радзівілаў. Нездарма на цяперашнім гербе горада намаляваны сімвал Радзівілаў — тры паляўнічыя ражкі.

У зале музея.

Пачалася гісторыя Жодзіна ў 1643 годзе, калі князем Багуславам Радзівілам быў пабудаваны горад паміж Смалявічамі і Барысавам, у месцы ўпадзення рэчкі Жодзінкі ў раку Плісу, на бойкім гандлёвым шляху, які злучаў Расію з Еўропай. І новы населены пункт атрымаў назву Багуслаў Поле — ад імя свайго заснавальніка.

Ён ствараўся як Mіаstо — горад рамеснікаў, якія былі вызвалены ад падаткаў на 25 гадоў. Ужо ў 1669 годзе тут было 97 двароў і 92 гандлёвыя лаўкі, што сведчыла аб яго росквіце. Аднак Паўночная вайна са шведамі прывяла да заняпаду. Вайна 1812 года з Напалеонам таксама закранула населены пункт. Стала забывацца нават назва Багуслаў Поле, і з 1781 года новая назва Жодзіна (ад ракі Жодзінкі) афіцыйна і назаўжды замацоўваецца за ім. Аб гэтым можна даведацца ў раздзеле адпаведнай экспазіцыі, якая распавядае пра рамесную дзейнасць, заснаванне і развіццё горада ў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях.

Падарожжа па музеі пачынаецца з глыбокай даўніны, ад засялення гэтай мясцовасці першабытным чалавекам. Экспазіцыя прадстаўлена археалагічнымі знаходкамі на тэрыторыі сучаснага Жодзіна і суседніх мясцін.

У 1871 годзе праз Жодзіна была пракладзена чыгунка, якая дала штуршок для эканамічнага развіцця мястэчка. У экспазіцыі таксама адноўлены сялянскі куток ХІХ стагоддзя і куток простага жыхара міжваеннага перыяду 1920—1930-х гадоў.

Асноўны музейны фонд налічвае больш за 10 тысяч прадметаў. Па крупінцы ў музеі сабрана гісторыя станаўлення і развіцця горада — ад старажытнейшых часоў да сённяшняга дня. Усе асноўныя вехі і падзеі, якія прайшлі праз Жодзіна. Зацікавяць наведвальнікаў матэрыялы і ўспаміны пра знакамітых землякоў. Надзвычай цікавы «Кабінет вучонага». Экспазіцыя распавядае пра жыццё і дзейнасць доктара ветэрынарных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі БССР Сяргея Пляшчанкі.

— Доўгі час Сяргей Іванавіч працаваў у Жодзінскім навукова-даследчым інстытуце жывёлагадоўлі, быў заснавальнікам такой галіны навукі, як гігіена свойскіх жывёл, — распавядае галоўны захавальнік фондаў музея Сяргей Візнер. — Пачатак яго работы супаў з пераходам на прамысловую аснову галіны жывёлагадоўлі. Ставілася задача павышаць надоі, павялічваць агульную колькасць сельскагаспадарчай жывёлы. Шматлікія вынаходніцтвы Сяргея Пляшчанкі ў галіне жывёлагадоўлі запатэнтаваны і імі карыстаюцца да гэтага часу. Пасля яго смерці сын Аляксандр Сяргеевіч Пляшчанка перадаў музею асабістыя рэчы бацькі: узнагароды, дыпломы, навуковыя працы, мантыю, працоўны стол, мэблю, партрэты прафесара і яго жонкі Галіны. Гэты шыкоўны падарунак дазволіў стварыць абстаноўку савецкага часу, у якой працаваў вучоны.

Адна з музейных экспазіцый расказвае пра знакамітага і бясстрашнага беларускага альпініста Віктара Кульбачэнку.

— Ён нарадзіўся 27 красавіка 1962 года ў Светлагорску. Затым яго бацькі пераехалі ў Жодзіна. Тут прайшлі яго дзяцінства, школьныя гады, — расказаў Сяргей Аляксеевіч. — Кульбачэнку называлі «снежным барсам», паколькі ён пакарыў пяць горных сямітысячнікаў: Пік Леніна, Пік Перамогі, Пік Камунізму, Пік Каржанеўскай, Пік Хан-Тэнгры.

Калекцыю старажытных самавараў прадстаўляе дырэктар музея Алена Нацяжка.

Ён быў першым у гісторыі беларусам, які 18 мая 1998 года падняўся на самую высокую гару планеты — Эверэст, за што атрымаў падзяку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У 2006 годзе спартсмен прыняў удзел у падняцці на гару Чагары — другую вяршыню свету. Але яна засталася непакоранай з-за сходу снежнай лавіны, якая пахавала пад сабой чатырох альпіністаў. Віктар Кульбачэнка цудам выжыў. Альпініст трагічна загінуў у 2007 годзе на падводнай рыбалцы ў Падмаскоўі.

Цэлая зала прысвечана прыродзе Жодзіна і яго ваколіц. У экспазіцыі прадстаўлены больш за сотню таксідэрмічных скульптур работы Генадзя Пузанкевіча — сапраўднага майстра сваёй справы. У межах экскурсіі наведвальнікі могуць даведацца пра малавядомыя факты з жыцця братоў нашых меншых.

Музей мае як гістарычную, так і мастацкую накіраванасць. З верасня 2014 года ён аб'яднаў пад сваім крылом Гарадскую выставачную залу. У Вялікай выставачнай зале дэманструюцца работы прафесійных мастакоў, у Малой — дзіцячыя і аматарскія творы. Штомесяц выстаўкі абнаўляюцца. Яшчэ раней, у 2008 годзе, у склад краязнаўчага музея ўвайшоў Дом-музей Настассі Фамінічны Купрыянавай — адзіны мемарыяльны музей у Беларусі, прысвечаны канкрэтнай маці як асобе. Тут можна даведацца аб трагічным лёсе простай беларускай жанчыны, якая праводзіла на фронт чатырох сыноў. Тры з іх загінулі, чацвёрты памёр ад ран пасля вайны. Самы малодшы з іх, Пётр Купрыянаў, падчас баёў у Латвіі ў 1944 годзе закрыў сваім целам амбразуру нямецкага дзота. За гэта ён пасмяротна ўдастоены найвышэйшай узнагароды СССР — звання Героя Савецкага Саюза. Ён адзіны жодзінец, якому было прысвоена гэта званне.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА


«Гаючае чытанне» як сродак ад стрэсаў

Цэнтральная гарадская бібліятэка горада Жодзіна сёлета святкуе 50-гадовы юбілей. Установа прыняла першых чытачоў у 1968-м, а ў 1983-м пераехала ў новае памяшканне на праспекце Міру. У цэнтральнай бібліятэцы налічваецца больш за 160 тыс. экзэмпляраў кніг, можна пачытаць артыкулы ў больш як 100 часопісах і 40 газетах. Бібліятэка цалкам аўтаматызаваная, мае 40 камп'ютараў. Інфармацыю можна атрымаць на электронных носьбітах, дысках, флэшках, аўдыякасетах.

У галоўнай зале гарадской бібліятэкі.

Сёння бібліятэка — гэта асноўны інфармацыйны цэнтр адукацыйнай, асветніцкай дзейнасці, месца правядзення вольнага часу, дзе ўкараняюцца бібліяграфічныя распрацоўкі і інавацыйныя формы работы з насельніцтвам. Ва ўстанове пастаянна прыдумваюць нешта новае, літаральна фантануюць ідэямі. Вечары паэзіі, сустрэчы з пісьменнікамі, кніжныя кастынгі, краязнаўчыя віктарыны, літаратурныя квэсты, конкурсы бук-трэйлераў, летнія пляцоўкі, майстар-класы — пастаянныя формы работы з чытачамі. Актуальная для бібліятэкі і праектная дзейнасць. Цяпер ажыццяўляецца праект па прапагандзе творчасці беларускіх пісьменнікаў «Ведай нашых, чытай нашых!». У яго фармаце арганізавана некалькі выставак. «Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі», дзе прадстаўлены творы, за якія аўтары яе атрымалі. «Мая беларуская кніжка», дзе канцэнтруецца ўвага чытача на жанравым шматгранні сучаснай беларускай літаратуры: раманы, аповесці, апавяданні, п'есы і вершы. На выстаўку «Залатое зерне творчай спадчыны» запрашаюць творы беларускіх класікаў-юбіляраў. Акрамя таго, арганізуюцца сустрэчы як са знакамітымі пісьменнікамі і паэтамі, так і з мясцовымі творчымі людзьмі.

У праекце «Гаючае чытанне» класіка паказана як універсальны сродак ад стрэсаў, неўрозаў, дэтэктывы і прыгодніцкая літаратура — ад псіхозаў, філасофская і духоўная літаратура — ад хранічных дэпрэсій. Казкі дапамагаюць пры гіперактыўнасці ў дзяцей, а гумар павышае настрой у рэабілітацыйны перыяд.

Даспадобы чытачам і праект «Чытаем каля каміна». Каля самаробнага каміна са звычайнага стэлажа стварылі ўтульны куточак з мяккім крэслам і падборкай літаратуры для чытання ў розныя поры года. Цяпер прапаноўваецца «Летняе чытанне», дзе шмат кніг пра шчаслівае каханне. Бо якое ж лета без кахання! Акрамя таго, прадстаўленая тут літаратура дазваляе павысіць інтэлектуальны ўзровень, выбраць шляхі далейшай адукацыі.

Цікавяць чытачоў кнігі пра выжыванне ў экстрэмальных абставінах, бо менавіта летам часцей за ўсё людзі падчас адпачынку за мяжой, на прыродзе аказваюцца ў няпростых сітуацыях. А кнігі паспяховых айчынных пісьменнікаў даюць магчымасць у любую пару года знаёміцца з літаратурнымі навінкамі.

Бібліятэкар першай катэгорыі Ірына Хілюціч.

Апошнія інавацыйныя распрацоўкі бібліятэкараў — гэта тэатр ценяў «Святло і цені» і «Лесвіца ведаў». Абсталяванне для тэатра ценяў зроблена супрацоўнікамі бібліятэкі са старога стэлажа, героі пастановак выразаны з чорнай паперы, замацавана лямпа. Калі ў зале знікае святло, на экране пачынаецца чароўнае дзейства.

Праект «Лесвіца ведаў» атрымаўся дзякуючы крэатыўнаму падыходу з выкарыстаннем вінтавой лесвіцы, што існуе ў бібліятэцы. Штомесяц тут папулярызуецца якаясьці галіна ведаў: псіхалогія, этыка, медыцына, педагогіка, культура ды іншыя.

Летась галоўная артэрыя горада — праспект Міру — стала яшчэ і алеяй ліхтароў, дзе бібліятэкары таксама арганізавалі свае летнія інфармацыйныя пляцоўкі. Тут яны прапануюць гараджанам майстар-класы па вырабе паштовак, вясёлыя загадкі на лагічнае мысленне, краязнаўчыя віктарыны, складанне пазлаў з краявідамі знакамітых жодзінскіх мясцін, аквагрым і шмат чаго іншага.

Бібліятэка нямала ўвагі ўдзяляе выпуску бібліяграфічнай прадукцыі. Толькі за апошні час падрыхтавана і выдадзена пяць бібліяграфічных спісаў: «І застаўся ты ў нашых душах» да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. «Мастак адкрытага свету» — да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. «Сын Палесся» — да 95-годдзя з дня нараджэння Івана Мележа. «Пісьменнік-сатырык» — да 120-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы. «Чарнобыль: не гасне памяці свечка» — да 30-годдзя катастрофы на станцыі.

Бібліяграфічныя спісы дапаўняюць выпускі шматлікіх інфармацыйных буклетаў, лістовак, закладак і іншае.

Нядаўна на базе ўстановы прайшло выязное пасяджэнне V Форуму бібліятэкараў Беларусі. Гэта сведчыць аб тым, што вопыт работы Цэнтральнай гарадской бібліятэкі горада Жодзіна багаты і на сённяшні дзень запатрабаваны ў калег.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Школа, якая стала гісторыяй, або Пераемнасць пакаленняў, асаблівасці навучання і выхавання

Кажуць, у гісторыю можна трапіць, у гісторыю можна ўліпнуць, а можна стаць гісторыяй. Сапраўды, гісторыя дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячы сад — сярэдняя школа № 1 імя П. І. Купрыянава» арганічна пераплялася з гісторыяй горада Жодзіна. Ёй 87 гадоў. За час свайго існавання яна зазнала шмат змен і пераўтварэнняў: школа-сямігодка, няпоўная сярэдняя школа, поўная сярэдняя школа, школа з класамі завочнага навучання. А з 2003-га стала комплекснай установай адукацыі.

Сярод найлепшых сёлетніх выпускнікоў — адзінаццацікласнікі Паліна Герасімава і Аляксандр Бачышча.

— Больш як пяць тысяч юнакоў і дзяўчат яе выпускнікі. Больш за 130 вучняў закончылі школу з залатымі і сярэбранымі медалямі. Многія выхаванцы сталі паспяховымі людзьмі. У іх ліку Герой Савецкага Саюза Пётр Купрыянаў, доктар сельскагаспадарчых навук Уладзімір Іофэ, прафесар, кандыдат эканамічных навук Эдуард Пятровіч, акадэмік фізіка-матэматычных навук, вучоны ў галіне галаграфіі і біямедыцынскай оптыкі, акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі Леанід Танін, доктар геаграфічных навук, дацэнт БДУ Барыс Уласаў, актрыса рускага драматычнага тэатра, кінаактрыса Вераніка Пляшкевіч і шмат іншых, — з гордасцю за сваіх землякоў паведаміла дырэктар навучальнай установы Святлана Шарая.

Установа адукацыі мае не толькі даўнішнія традыцыі, пераемнасць і повязь пакаленняў. З цягам часу з'яўляюцца новыя асаблівасці ў навучальным і выхаваўчым працэсах. Тут вучні атрымліваюць не толькі агульную сярэднюю адукацыю. Ёсць дзве групы дашкольнікаў. Заканамерна, што дзеці больш падрыхтаваныя да школы. Яны менш балюча ўспрымаюць перамены, больш лёгка ўліваюцца ў навучальны працэс у новых для іх умовах у адрозненне ад тых, хто прыходзіць з дзіцячых садкоў.

— Школьнае навучанне ніколі не пачынаецца з пустога месца, а заўсёды абапіраецца на пэўную стадыю развіцця, якую прайшло дзіця. І тут вельмі важна правільна арганізаваць навучанне і выхаванне малых у дашкольнай установе. Ад таго, што будзе адчуваць дзіця, паднімаючыся на першую прыступку лесвіцы пазнання, залежыць яго далейшы шлях да ведаў. Школа не павінна ўносіць рэзкага пералому ў жыццё малых. Няхай, стаўшы вучнем, яны працягваюць рабіць сёння тое, што рабілі ўчора. Няхай новае з'яўляецца ў іх жыцці паступова і не ашаламляе лавінай уражанняў, — лічыць Святлана Яўгенаўна.

Заняткі па англійскай мове ў лінгафонным кабінеце.

У 1957 годзе школе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава, а ў 1977-м тут створаны музей баявой славы, у якім, дарэчы, экскурсіі праводзяць самі вучні. Гэтыя абставіны і вызначылі прыярытэт патрыятычнага выхавання. Дзеці займаюцца пошукавай работай, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах: акцыях, вахтах памяці, турыстычных паходах і падарожжах па гістарычных і культурных мясцінах Беларусі. Школьнікі дапамагаюць ветэранам вайны і працы, наведваюць іх дома, віншуюць са святамі, выконваюць гаспадарчыя справы. Усё гэта ў сукупнасці выхоўвае сапраўднае пачуццё патрыятызму на канкрэтных прыкладах, дае станоўчы эфект.

— Наша ўстанова невялікая. Кожнае дзіця навідавоку, кожнаму педагогі могуць удзяліць максімум увагі, знайсці індывідуальны падыход. Па паводзінах, настроі можна ўбачыць, што хвалюе выхаванца, разгаварыць яго, супакоіць. Акрамя таго, калі ў школе менш вучняў, то практычна ўсе яны ахоплены рознымі гурткамі па інтарэсах, секцыямі, развіваюцца і маральна, і фізічна, і эстэтычна. Адносна невялікая колькасць выхаванцаў дазваляе таксама часцей сустракацца з іх бацькамі. З мамамі і татамі наладжана вельмі цесная сувязь, — кажа дырэктар.

Побач з будынкам школы — помнік Герою Савецкага Саюза Пятру Купрыянаву.

Нягледзячы на тое, што ўстанове 87 гадоў, па вонкавым выглядзе не скажаш: выдатны рамонт, у кожным класе лакальная сетка, тэлевізар, камп'ютары, кабінеты ўладкаваны па апошнім слове тэхнікі.

Адзін з філосафаў сказаў: «Пасрэдны настаўнік выкладае. Добры настаўнік тлумачыць. Выдатны настаўнік паказвае. Вялікі настаўнік натхняе». У школе пачыналі педагагічную дзейнасць больш як 130 настаўнікаў. Тут беражліва захоўваюць іх фотаздымкі, успаміны пра іх. Ва ўстанове цяпер працуюць 29 педагогаў, у тым ліку 24 з вышэйшай адукацыяй. Дастаткова высокі іх кваліфікацыйны ўзровень: 24 % з вышэйшай катэгорыяй, 31 % з першай, 7 % з другой, а ў маладых спецыялістаў усё яшчэ наперадзе.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Кафэ добрага настрою

28 верасня 2016 года, напярэдадні Дня машынабудаўніка, у Жодзіне адкрылася кафэ-піцэрыя «Pіzza Smіle». Для жыхароў горада гэта стала значнай
і сімвалічнай падзеяй.

 — Мы прапануем нашым наведвальнікам шырокі выбар піцы, — зазначыла афіцыянт Марыя Коршунава.

— Перш чым адкрыць піцэрыю, мы доўга аналізавалі, што трэба нашым будучым гасцям, улічвалі менталітэт жыхароў. І, зыходзячы з гэтага, выкрышталізавалі сукупнасць фактараў, якія павінны адыграць станоўчую ролю ў справе. Вызначылі, што ў новай установе харчавання павінны быць прадстаўлены ў комплексе інтэр'ер, сэрвіс і кухня. Літаральна праз паўгода мы атрымалі чаканы эфект. Але разам з тым убачылі і тое, над чым яшчэ трэба працаваць, што ўдасканальваць, — кажа дырэктар кафэ-піцэрыі «Pіzza Smіle» Павел Тужылкін.

Тым не менш на сённяшні дзень наведвальнікі задаволеныя тым, як падыходзіць да абслугоўвання персанал. А тут абслугоўваць імкнуцца так, як і неабходна ўстанове падобнага ўзроўню.

— Нам важныя не толькі станоўчыя водгукі гасцей, але і адмоўныя. Ёсць такія, што падмацаваныя аргументамі, але сустракаюцца і неабгрунтаваныя. Мы аналізуем усе заўвагі і імкнёмся зрабіць так, каб наведвальнік атрымаў максімум сэрвісу, увагі, станоўчых эмоцый, — кажа Павел Анатолевіч. — Для нас важны стан і настрой людзей, якія наведваюць кафэ-піцэрыю. Жодзіна — горад адносна невялікі. І мы разумеем, што гэта — нашы патэнцыйныя госці. Калі чалавек прыйшоў другі раз, значыць, яму спадабалася. У гэтым выпадку наша задача — зрабіць так, каб ён завітаў яшчэ раз і стаў у нас частым госцем.

Смачную прыгожую піцу гатуе Аксана Кузняцова.

Для гэтага рэгулярна абнаўляецца меню, з'яўляюцца кулінарныя навінкі. Толькі піц тут прапаноўваюць 26 найменняў. Госць можа пакаштаваць найсмачнейшыя стравы ад шэф-повара: салаты, гарачыя і халодныя закускі, сушы, шашлык, стравы японскай кухні, пасту, дранікі, блінцы з рознымі начынкамі. Летам вельмі добра асвяжаюць халодная кава, гарбата, прахаладжальныя напоі, а зімой саграваюць гарачыя напоі на травах, з дабаўленнем розных ягад і пладоў. Можна пакаштаваць таксама лекавыя настоі і гарбату.

Спажыўцы могуць заказаць столік загадзя, каб пасядзець сям'ёй, кампаніяй. На стравы, якія госці бяруць з сабой, дзейнічае зніжка 20 %. У кафэ-піцэрыі перыядычна ладзяцца акцыі.

— Хочацца, каб кожны госць разумеў, што мы на ім не імкнёмся зарабіць, а праяўляем лаяльнасць, стараемся, каб і людзі з невялікім дастаткам мелі магчымасць пакаштаваць і ацаніць меню, — кажа суразмоўнік.

У кафэ ніколі не выкарыстоўвалі паўфабрыкатаў, замарожанай прадукцыі. Гэта прынцыповая пазіцыя ўстановы, якой будуць прытрымлівацца і надалей. Усё, што прадстаўлена ў меню, робіцца пад заказ. У сувязі з чым павялічваецца час прыгатавання страў і іх выдачы. Не ўсе гэта разумеюць, многім хочацца атрымаць заказ як найхутчэй. А непаўторны смак піцы надае тое, што яна гатуецца ў печы на подавых камянях.

Інтэр'ер аформлены ў бэзавых тонах, што стварае спакойную атмасферу, падштурхоўвае да шчырай сяброўскай размовы. Настрою дадаюць жывыя кветкі, музыка. Да паслуг гасцей зручныя канапы, зона з крэсламі і барныя крэслы, тры тэлеэкраны.

Дзеці дашкольнага і школьнага ўзросту, падлеткі прыходзяць з бацькамі, дзядулямі і бабулямі. Так што кафэ набывае статус сямейнага.

У зале піцэрыі.

У піцэрыі працуюць прафесійныя піцары, кухары, афіцыянты і бармены, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку. Цяпер яны і самі могуць навучаць тых, каго бяруць на работу.

— Пры падборы кадраў мы заўсёды робім стаўку не толькі на прафесіяналізм, але і на жаданне працаваць, — выказвае пазіцыю Павел Тужылкін. — Таму што ў грамадскім харчаванні такія спецыфіка і атмасфера, якія патрабуюць ад кожнага ўстойлівасці супраць стрэсаў. Наведвальнікі прыходзяць з розным настроем, здараецца, што і з негатыўным. Але работнік павінен праявіць разуменне і вытрымку, абслужыць чалавека найлепшым чынам. З улікам гэтых характарыстык і падбіраем кадры. Калектыў у асноўным малады. На сённяшні дзень ён стаў сапраўднай дружнай камандай.

Працуе кафэ-піцэрыя «Pіzza Smіle» штодня з 11.00 да 23.00 па адрасе: г. Жодзіна, вул. 50 гадоў Кастрычніка,18, гіпермаркет «Еўраопт». Смачна есці!

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Алена ДАЎЖАНОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.