Вы тут

Архітэктура «ромба»


За пахмурную вокладку новай кнігі Віктара Сямашкі з супрэматычнай назвай «Ромб» зазіраеш з пэўнай асцярогай: адчуваеш сябе персанажам фантастычнага рамана, які трапіў у іншы свет. Неабавязкова нават верыць у тое, што кожны напісаны твор стварае свой прасторава-часавы пласт і ўсе літаратурныя героі блукаюць дзесьці ў асаблівым свеце, як у братоў Стругацкіх у аповесці «Панядзелак пачынаецца ў суботу». Аўтар сам выдае чытачу версію рэчаіснасці, версію горада, які мы штодня бачым з вокнаў кватэр і грамадскага транспарту (цытаты прыводзяцца паводле правапісу арыгінала).


Між велічэзных збудаў няпэўнага часу й прызначэньня

сярод гурбаў пяску, друзу й мэталаканструкцыяў

вяртлявыя трубаходы крыжуюцца з мастамі ў нікуды

за дратаванымі плытамі з чырвонымі пэнтаграмамі

паліцца смала, ліецца ў каналы бітум

уздоўж разграфітчаных гаражоў, скрозь пусткі меж бэтонных плітаў

па прыдушанай глебе, пустыя скрыні й дамы на зьбітым асфальце...

Індустрыяльны пейзаж. Гэты горад — наскрозь металічны, няроўны, як кардыяграма, такога ж змрочнага колеру, як вокладка «Ромба», але галоўная асаблівасць у ім — жыхары. Алкаголікі, бамжы ў бамбасховішчах, жанчыны, якія вераць у дрэнныя прыкметы, выпадковыя мінакі — усе аднолькавыя часткі пейзажу, жывыя клеткі аднаго арганізма.

Анатамічныя матывы даволі часта паўтараюцца ў тэкстах і выкарыстоўваюцца для апісання чаго заўгодна — таго ж пейзажу ці ўнутранага стану героя. У межах дадзенай падборкі гэтыя паняцці можна лічыць у пэўнай ступені тоеснымі, бо кожны тэкст — агорнутае ў тры слаі метафар становішча, адчуванне ці аскепак аўтарскай карціны сусвету. Фізіялагічнасць вобразаў успрымаецца па-рознаму: часам выглядае абсалютна натуральна, часам вытыркаецца з тэксту як наўмысная дэманстрацыя лексічнай смеласці. Зразумела, авангард і правакацыя адно без аднаго не існуюць. Пытанне толькі ў тым, ці можна сучаснага чытача выклікаць на эмоцыі такім чынам:

З-за сьпёкі

кісьне натурморт у станіку

цурчыць вульва

вынесла на бераг чэлес

сьляза з асмуглае смочкі

Успрыняцце сябе ў комплексе з асяроддзем, быццам погляд на сябе звонку, у нечым нагадвае схему будавання метафары Вольгі Гапеевай. Але вершы пры гэтым атрымліваюцца абсалютна палярныя. Вольга Гапеева — простыя словы пра складаныя рэчы. Віктар Сямашка — складана пра простае. Нават назвамі вершаў час ад часу служаць звычайныя словы, і ў гэтым бачыцца тлумачэнне: цяжкія жалезныя перакрыцці вобразаў — гэта прызма, праз якую аўтар (або лірычны герой) глядзіць на жыццё. Ён не імкнецца да паразумення з сусветам, ён стварае новы з таго, што дадзена.

Нагрувашчаныя цагліны метафар, счэпленыя паміж сабой гукапісам, упрыгожаныя слоўнымі гульнямі, — часам бывае няпроста ўтрымліваць у галаве зладжаны вобразны шэраг і складаць яго ў агульную карціну. Але ў аўтарскім сусвеце ёсць, хай і не заўсёды заўважны простаму чытачу, своеасаблівы парадак. Пацвярджэнне — перыядычнае паўтарэнне касмічных матываў, вечныя Сонца і Поўня з’яўляюцца зноў і зноў, якое б вар’яцтва знізу ні адбывалася. Калі ж уся гэтая фантасмагарычная будова разваліцца, думкі рызыкуюць быць пахаванымі ў руінах. Да таго ж у гэтым неверагодна арыгінальным архітэктурным творы ўваход знаходзіцца так высока, што не кожны здолее да яго дабрацца.

паўзу паўз паўзу,

прыціснуты мармурам шатаў —

трансцэндэнтны супраціў

бадзёра перабірае рэбры

зорны хлопчык насустрач

сылюэтам бяз твару вонкі

Структура верша, адсутнасць рыфмы і рытму, схема стварэння вобразаў, праца з лексікай ды фанетыкай тэкстаў — тэхнічнае аздабленне вершаў нагадвае адначасова англамоўную традыцыю і рускі авангард. Здаецца, нічога, прынцыпова новага тут не знойдзеш, акрамя толькі рэдкай для сённяшніх аўтараў працы над мовай.

Для таго каб разабраць усе сэнсавыя пласты, заяўленыя ў анатацыі да кнігі, абмежаванай газетнай прасторы відавочна не хапае. Таму каротка (і павярхоўна): гэтыя вершы — аўтарская дэманстрацыя свайго, безумоўна, адрознага ад звычайнага, спосабу глядзець на свет і ўспрымаць яго. Нядзіўна, што такі спосаб не ўсім падыходзіць. Падыходзіць, калі: неабходна змяніць пункт гледжання на наваколле, хочацца адшукаць незвычайнае ў штодзённых справах. Хаця насамрэч чытач знойдзе тое, што захоча знайсці. А тут шукаць ёсць дзе.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.