07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Прэзідэнт адзначыў уклад Нацбанка ў фінстабільнасць краіны (дапоўнена)


Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Паўлам Калаурам.


«Павел Уладзіміравіч, што тычыцца бягучага моманту, я баюся казаць вам дзякуй, але, паколькі ў краіне спакой, людзі быццам бы спакойныя — я маю на ўвазе фінансавы рынак, — адзначыў беларускі лідар. — Як бы ў нас хто не падкрытыкоўвал тое, што было, і тое, што ёсць, — гэта неба і зямля. Можа, камусьці не падабаецца занадта жорсткая фінансавая палітыка ў дзяржаве, але яна накіравана на захаванне стабільнасці».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, работнікі Нацыянальнага банка заслугоўваюць падзякі. Ён нагадаў Паўлу Калауру, што той нясе за гэта персанальную адказнасць, і заклікаў знаходзіць агульную мову з кіраўнікамі камерцыйных банкаў, выбудаваць бяспечную работу ў сферы фінансаў.

«У апошні час мы менш гаворым пра грошы, пра фінансы, але яны не любяць шуміхі. Кажуць, грошы любяць цішыню, мы прытрымліваемся гэтых прынцыпаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму некалькі слоў, вядома, вам (Павел Калаур — «Звязда») трэба сказаць аб бягучай сітуацыі, можа, нейкія ёсць насцярожанасці на перспектыву. Карацей, што спецыялістаў Нацбанка больш за ўсё турбуе. Калі патрэбны мае ўмяшальніцтва — скажаце».

Яшчэ адно пытанне нарады — 25 гадоў існавання нацыянальнай валюты нашай краіны — беларускага рубля.

«Хто як яе там называў — зайчыкамі і гэтак далей і да таго падобнае. Але я ўспамінаю тыя часы, калі ўраду, Вярхоўнаму Савету даводзілася дзейнічаць у жорсткіх умовах. Вы (Павел Калаур — «Звязда») тады працавалі буйным спецыялістам, адным з кіраўнікоў, які вызначае спецыялістаў нашай фінансавай сістэмы, — нагадаў беларускі лідар. — Вы гэта ўсё бачылі, з чаго нам даводзілася пачынаць, таму, можа быць, і з зайчыкаў там, з мядзведзяў ці ласёў, не важна. Але мы паступова выбудоўвалі сваю грашовую сістэму, стваралі сваю грашовую адзінку. Сёння ўжо ніхто не кажа, што яна такая-сякая і не такая».

Прэзідэнт раіў унесці прапановы з нагоды 25-годдзя існавання грашовай сістэмы. Вяртаючыся да персанальнай адказнасці кіраўніка Нацыянальнага банка за сітуацыю ў сферы ў цэлым, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Нацыянальны банк на дадзеным этапе, праз пэўны час, бачыць неабходнасць узмацнення ў рамках сусветнай практыкі. «Мы не павінны выйсці з сусветнай практыкі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Каб узмацніць гэтую фінансавую стабільнасць, патрэбныя нейкія дадатковыя змены ў нашым заканадаўстве. Якія — я хацеў бы пачуць для таго, каб прадстаўляць сабе, перш за ўсё, што мы будзем рабіць, прымаем мы прапановы Нацыянальнага банка або не, але тое, што даложана мне, я абсалютна падтрымліваю».

У адказ старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур не стаў падрабязна спыняцца на выніках мінулага года і адзначыў толькі тое, што ў краіне забяспечана і коштавая, і фінансавая стабільнасць як базавыя ўмовы для таго, каб у Беларусі забяспечваўся эканамічны рост і павышэнне дабрабыту грамадзян.


Па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Павел Калаур пагутарыў з журналістамі.

Ён адзначыў, што перад Нацыянальным банкам і ўрадам на бягучы год стаяць больш амбіцыйныя задачы ў цэлым па забеспячэнні макраэканамічнай збалансаванасці. І гэта асабліва важна ва ўмовах тых выклікаў і геапалітычных нявызначанасцяў, якія назіраюцца ў свеце.

«Вяртаючыся да пытання аб фінансавай стабільнасці, хочацца адзначыць, што гэта вельмі важны элемент у цэлым макраэканамічнай палітыкі, і, вядома, гэтаму пытанню была нададзена сёння асаблівая ўвага, — распавёў старшыня праўлення Нацбанка. — Нам важна разумець, што фінансавая стабільнасць — гэта не проста ўстойлівасць на бягучым моманце банкаўскай сістэмы, іншых фінансавых пасярэднікаў, фінансавых рынкаў, аплатнай сістэмы, але гэта такі стан усіх гэтых кампанентаў, які дазваляе заставацца ўстойлівым, нават калі будуць нейкія знешнія шокі».

Кіраўнік галоўнай фінансавай установы падкрэсліў: сістэма павінна ўмець адказваць на выклікі, каб захаваць устойлівы эканамічны рост. Паводле яго слоў, кіраўнік дзяржавы падтрымаў ініцыятыву Нацыянальнага банка ў гэтым кірунку, паколькі ўжо на сённяшні дзень па заканадаўстве ён, как кіраўнік Нацбанка, нясе персанальную адказнасць за забеспячэнне фінансавай стабільнасці.

За Нацбанкам ужо сёння замацавана функцыя маніторынгу фінансавай стабільнасці — гэта аналіз. «Мы прапанавалі, каб быў не проста маніторынг, а адказнасць Нацыянальнага банка за забеспячэнне фінансавай стабільнасці, — адзначыў Павел Калаур. — Безумоўна, для гэтага патрэбныя і інструменты. Гаворка ідзе пра макрапрудэнцыяльнае рэгуляванне, палітыку і адпаведныя інструменты, якія б падтрымлівалі гэтую палітыку».

Міжнародная практыка ведае цэлы шэраг такіх інструментаў, некаторыя ў Беларусі ўжо задзейнічаны. У прыклад старшыня праўлення Нацбанка прывёў абмежаванне пазыковай нагрузкі на фізічную асобу, калі яна бярэ крэдыты. Гэта накіравана на тое, каб засцерагчы насельніцтва ад залішняй закрэдытаванасці.

Могуць быць і іншыя інструменты, напрыклад, велічыня стандартнай рызыкі. «Ён будзе выкарыстаны літаральна з першага сакавіка, таксама закліканы абмежаваць рынкі ад залішняй валацільнасці, абмежаваць ад звышрызыковых бізнес-мадэляў банкаў для таго, каб не спараджаць сістэмныя рызыкі», — патлумачыў Калаур.

Што тычыцца пераходу Нацбанка на таргетаванне інфляцыі, то гэта таксама робіцца ў рамках забеспячэння мэты па цэнавай стабільнасці.

Такім чынам, у гэтым кірунку Нацбанк адпрацуе разам з урадам усе падыходы і ўнясе адпаведныя дакументы для прыняцця рашэння кіраўніком дзяржавы.

25-годдзе беларускага рубля — па гэтай тэме Павел Калаур звярнуў увагу на ўпэўненасць Нацбанка ў тым, што зараз прыйшоў той перыяд, калі трэба некалькі шырэй і глыбей пагаварыць пра давер да сваёй нацыянальнай валюты.

«У нас былі розныя перыяды. Гістарычная памяць, безумоўна, у насельніцтва прысутнічае, але мы апошнія чатыры гады разам з урадам дэманстравалі, што пастаўленыя мэты па забеспячэнні цэнавай стабільнасці выконваюцца. Мы ў стане гэта ўсё забяспечваць, — падкрэсліў ён. — І, безумоўна, гэта дазваляе захаваць пакупніцкую здольнасць нацыянальнай валюты. У гэтым кантэксце вельмі важна заўважыць тое, што неабходна, каб было паважлівае стаўленне да сваёй нацыянальнай валюты, каб пашырылася сфера прымянення нацыянальнай валюты».

Па словах старшыня праўлення Нацбанка, не павінна быць выкарыстання замежнай валюты ў разліках унутры краіны, таму што ёсць свой законны аплатны сродак — гэта беларускі рубль. «Мы павінны, як я калісьці заўважыў, адыходзіць ад гэтых рудыментаў, якія так ужо гістарычна ў нас склаліся, быў такі няпросты перыяд», — дадаў ён.

Кіраўнік галоўнай фінансавай установы Беларусі таксама распавёў, што Нацбанк падрыхтаваў праект закона аб валютным рэгуляванні, які адлюстроўвае ліберальныя падыходы ў гэтай частцы. «Мы ад забароннай сістэмы павінны перайсці да сістэмы валютнага маніторынгу, дазвольнай сістэме. З іншага боку, у гэтым законе як раз і прадугледжаны пытанні забароны выкарыстання замежнай валюты для разліку ўнутры краіны, — адзначыў спецыяліст. — Мы разлічваем, што ўжо дзесьці ў наступным годзе гэты закон будзе прыняты і пачынаючы з першага студзеня 2021 года ў нас будзе сучасная сістэма валютнага рэгулявання, якая адпавядае лепшай міжнароднай практыцы".

Гэты закон цяпер знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе.

Там жа знаходзіцца праект указа па працы з праблемнымі актывамі, праводзіцца абмеркаванне з зацікаўленымі ведамствамі. «Мы разлічваем, што ўжо ў першай палове гэтага года мы маглі б па гэтым пытанні вызначыцца», — сказаў ён.

На яго думку, гэты ўказ закранае шэраг аспектаў — гэта пытанні пашырэння даступнасці да фінансавання якраз, у першую чаргу, малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Гаворка ідзе пра выкарыстанне ў беларускім заканадаўстве міжнароднай практыцы, якая завязана на забеспячальніцкіх здзелках, калі прыярытэт пры спрэчках — у тым ліку, пры банкруцтве — аддаецца абавязацельствам, якія забяспечаны закладамі, акцыямі. Такая практыка сведчыць аб тым, што краіны, якія адважыліся на такія змены, атрымалі магчымасць для фінансавання малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Павел Калаур звярнуў увагу, што неабходна раскрыць больш інфармацыі пра тое, якія ў нас былі этапы станаўлення нацыянальнай валюты, Нацыянальнага банка як інстытута ў незалежнай дзяржаве. Такія мерапрыемствы будуць праводзіцца. Акрамя таго, у бягучым годзе ў Беларусі з'явяцца абноўленыя банкноты пяць і дзесяць рублёў, манеты наміналам у адну і дзве капейкі, два рублі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.