Вы тут

Што турбуе абанентаў тэлефона даверу?


Крыху больш за 10 гадоў таму ў Гродне пачаў дзейнічаць адзіны нумар псіхалагічнай дапамогі 170. Аб тым, што ён запатрабаваны, сведчыць і колькасць тэлефонных званкоў — прыкладна 4-5 тысяч у год. Звяртаюцца па розных нагодах — ад сямейных да праблем з алкаголем. І спадзяюцца, што спецыяліст на тым канцы провада адкажа на пытанне: што з імі не так?


Выбар — за абанентам

У службе тэлефона даверу працуе восем чалавек, з іх палова мужчыны. Як заўважыла кіраўнік службы псіхалагічнай дапамогі Таццяна Вазнюк, гэта «залаты фонд» службы. Многія абаненты выказваюць жаданне расказаць аб сваёй праблеме менавіта мужчынам, і гэта іх жаданне абавязкова ўлічваецца. Маўляў, мужчынская энергетыка адрозніваецца ад жаночай, што ўплывае на канчатковы вынік.

Людзі сталага ўзросту больш давяраюць жанчынам-псіхолагам. Ім і самі жанчыны часцей раскажуць пра свае сямейныя і асабістыя праблемы. Дарэчы, слабы пол — галоўны кантынгент абанентаў тэлефона даверу. Але паступова сітуацыя змяняецца. Напрыклад, летась разрыў паміж колькасцю званкоў мужчын і жанчын значна скараціўся. Дужы пол часцей звяртаецца з праблемамі алкагольнай залежнасці.

А вось пенсіянеры не так актыўна шукаюць дапамогі па тэлефоне даверу. Хаця некалькі гадоў таму іх было столькі, колькі і прадстаўнікоў працаздольнага ўзросту, — паўтары тысячы. У мінулым — менш чым паўтысячы. Колькасць маладзейшых абанентаў, між тым, значна павялічылася.

Бывае, што тэлефануюць дзеці. Нямала і такіх, што зблыталі кароткі нумар. Часцей за ўсё прымаюць яго за выклік таксі. І такіх званкоў летась набралася каля паўтары тысячы. Ёсць і такая катэгорыя, як «маўклівы званок». Чалавек на тым канцы провада проста маўчыць і не рэагуе на пытанні. Іх таксама даволі шмат — каля сямісот. Такім чынам, калі адкінуць такія «выпадковыя» званкі, застаецца 2-3 тысячы выклікаў, абаненты якіх чакаюць адказу на сваю праблему.

Ці проста пагаварыць?

І такіх званкоў нямала. Іх нават можна аднесці да ліку актуальных. Па колькасці тэлефонныя размовы з мэтай «адвесці душу» саступаюць толькі званкам ад залежных ад алкаголю. Чалавеку часам не патрэбна асаблівая парада, яму дастаткова выгаварыцца. Тым не менш псіхолаг і ў такой сітуацыі паводзіць сябе як спецыяліст, а не проста слухач.

— Тое, што чалавек звоніць па тэлефоне даверу, гэта першы паказчык таго, што яму ў прынцыпе няма з кім пагаварыць у штодзённым жыцці, — кажа Таццяна Вазнюк. — Таму ён знайшоў самы бяспечны для сябе канал, каб расказаць, што з ім адбываецца. Нярэдка ён пачынае плакаць. Трэба даць яму такую магчымасць. І ў некаторых выпадках яны пасля адразу кажуць: «Дзякуй, гэта тое, што мне было патрэбна». Можна не сумнявацца, што чалавек будзе адчуваць сябе больш упэўнена.

Кожны год павялічваецца катэгорыя званкоў «па асабістых праблемах», чалавек скардзіцца на адзіноту. Нярэдка тэлефануюць ноччу. Аляксей — адзін з тых, хто выслухаў не адну сотню такіх званкоў. На яго думку, гэта сігнал аб тым, што чалавек згубіў сувязь сам з сабой, ён перастаў разумець рэальны свет, бо шмат увагі аддае віртуальнаму.

— У месенджарах чалавек не атрымлівае той шчырасці, на якую разлічвае. І гэта эмацыянальная частка яго асобы не працуе, чалавек быццам не развіваецца. І трэба дапамагчы яму разабрацца, у якім рытме ён жыве, чаму яму некамфортна і што яго палохае. Потым паступова вывесці са стану страху, дапамагчы разблытаць клубок, каб падказаць мадэль паводзін з іншымі людзьмі ці з супрацьлеглым полам, — тлумачыць Аляксей.

У асобны раздзел сабраны «сямейныя» званкі. Іх колькасць увесь час стабільная — 300—400 выклікаў. Фіксуюцца і званкі ад ахвяр хатняга гвалту. За мінулы год іх набралася не шмат — каля 30. Праўда, годам раней падобных званкоў паступіла каля сотні. На думку псіхолагаў, такі шквал абумоўлены, хутчэй за ўсё, увагай, якая стала аддавацца гэтай праблеме ў грамадстве. Яшчэ гадоў 30—40 таму выпадкаў гвалту ў сям'і было значна больш, проста аб ім мала гаварылі, а зараз гэта тэма больш на слыху, канстатуе Аляксей.

Захаваюць канфідэнцыяльнасць

Размова па тэлефоне для людзей з алкагольнай залежнасцю ці ВІЧ-інфекцыяй наўрад ці стане панацэяй. Гэта праблема, якая патрабуе больш радыкальнага рашэння. Падчас гутаркі даюцца тэлефоны адпаведнай службы і рэкамендацыі абавязкова наведаць спецыяліста. Для псіхолагаў галоўная задача — пераканаць абанента звярнуцца да нарколага ці інфекцыяніста.

— Многія тэлефануюць са страхам, што яны хворыя на ВІЧ ці СНІД, — расказвае Таццяна Вазнюк. — Калі чалавек ужо ведае аб гэтым, ён не тэлефануе, бо ён атрымлівае дапамогу, з ім працуюць псіхолагі, дактары. Варта дапамагчы тым, хто сумняваецца наконт хваробы. У такіх выпадках я кажу: можаце прыйсці да мяне, я з вамі разам пайду на аналізы, за руку вас патрымаю, дамоўлюся аб ананімнай кансультацыі. Таксама і з нарколагам. Ніхто чалавеку не будзе вешаць ярлык, а захаваюць канфідэнцыяльнасць максімальна.

У мінулым годзе паступіла 750 званкоў ад тых, хто мае праблемы з алкаголем і ўвогуле са станам здароўя. Гэта ў два разы больш, чым гадоў пяць таму.

Не трапіць у «чорныя дзіркі»

Летась упершыню з'явіліся званкі ад тых, хто мае залежнасць ад азартных гульняў. Іх было каля чатырох дзясяткаў. Асаблівая ўвага аддаецца сігналам, якія нясуць небяспеку іншым альбо маюць суіцыдальную рызыку. І хаця свае пагрозы абаненты не здзейснілі, колькасць такіх званкоў павялічваецца. Напрыклад, у 2018 годзе іх было прынята 70. Калі абанент называў адрас, выязджала хуткая дапамога, але звычайна хапала гутаркі па тэлефоне.

Звяртаюцца з панічнымі атакамі ці ў неўратычным стане, які ўзнікае з-за стрэсу ці моцнай эмацыянальнай нагрузкі. Часта чалавек становіцца заложнікам агрэсіі, якая доўгі час падаўлялася. Ён не можа атрымаць таго, што хоча, і заходзіць у тупік.

Псіхолагі лічаць, што сітуацыя не безнадзейная. І тое, што чалавек набраў нумар тэлефона даверу, сведчыць аб тым, што ён згодны на дыялог са спецыялістам. Дарэчы, кожны званок доўжыцца 40—50 хвілін.

— Трэба, каб абанент быў гатовы прыняць дапамогу, і гэта адчуваецца, — заўважае Аляксей. — Мы бачым, што часта тупіковыя сітуацыі ўзнікаюць ад недахопу энергіі. Яна быццам кудысьці знікае. І трэба разабрацца, у чым прычына. Ці гэта адносіны, ці думкі, якія абкрадваюць чалавека. «Чорнымі дзіркамі» могуць быць алкаголь, курэнне, не кажучы пра наркотыкі. Раім спецыяліста, які працуе ў гэтым напрамку.

Яшчэ Аляксей звяртае ўвагу на такую акалічнасць: многія жывуць мінулым. Кажуць, што раней яны былі лепшымі, больш умелі, лепш рабілі. Але чаму? Гэта ад чалавека нікуды не сышло, і гэта рэсурс, які можна прыстасаваць да сённяшняй сітуацыі. Перш чым загаварыць аб гэтым, псіхолаг імкнецца «зазямліць» чалавека, звярнуць яго ўвагу на простыя, штодзённыя рэчы, каб ён адчуў апору.

У сувязі з гэтым Таццяна прыгадала званок ад жанчыны, якую кінуў муж. І вось яна тэлефануе: што мне рабіць? Маўляў, жыццё не мае сэнсу. Падчас размовы высветлілася, што жанчына, якая лічыла сябе моцнай, занадта кантралявала свайго мужа. Але тое, што ён пайшоў, — гэта яшчэ не канец адносінам, гэта новыя адносіны, якія неабходна прайсці, кажа Таццяна. І жанчына павінна вызначыць для сябе, ці здольна яна прыняць мужа, калі той захоча вярнуцца. На працягу гутаркі жанчына пачынае будаваць новы алгарытм паводзін, у яе з'явіўся іншы сэнс.

— Мы лечым душой, тэрапію трэба разумець як спробу навучыцца нечаму новаму: паводзінам, погляду на наваколле, — расказвае Таццяна. — І чалавеку важна данесці, што, нават калі ён зрабіў нейкую недарэчнасць, памылку, гэта ў дадзеным выпадку быў для яго канкрэтны выбар, які дапамог пераадолець сітуацыю. Магчыма, менавіта гэты выбар і выратаваў яго ў той момант, нават калі ён і цяжкі.

Работнікі службы тэлефона даверу адзначаюць высокую актыўнасць мужчын. Гэта значыць, што яны не выкрэсліваюць такую магчымасць, а гатовы абгаварыць свае праблемы. У далейшых планах — пашырыць службу, дадаць яшчэ некалькі ліній, накіраваных на дапамогу тым, каму неабходна справіцца са стрэсам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Залежнасць і адзінота

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.