Вы тут

На «Мотавелаэкспа-2019» панавалі ровары


Крос-кантры веламарафон, кастам-драг на эксклюзіўнай тэхніцы і вынікі спаборніцтваў у яздзе, аэраграфіі і яскравасці. Другі дзень VI спецыялізаванай выстаўкі “Мотавелаэкспа-2019” быў багаты на падарункі, прызы і відовішчы.


44 кіламетры па шышках і купінах

Бадай што самай галоўнай з’явай мотаршоу ў нядзелю стаў крос-кантры веламарафон, удзел у якім узялі 150 аматараў і прафесіяналаў язды на ровары. Аматарам было дастаткова праехаць адзін круг даўжынёй 22 кіламетры. Прычым праходзіла траса па перасечанай мясцовасці: праз лес, поле, купіны, мост… Прафесіяналам трэба было прайсці такую дыстанцыю двойчы.

Хоць першыя спартсмены з’явіліся на фінішы толькі амаль праз гадзіну, балельшчыкі чакалі іх ледзьве не з першых хвілін. Некаторыя спецыяльна прыехалі, каб паўдзельнічаць, з іншых гарадоў:

— Андрэй удзельнічае ў спаборніцтвах упершыню. Для яго гэта першы ровар і першая гонка, — кажа Вольга СУПРАНОВІЧ з Барысава, муж якой нядаўна стартаваў на 22 кіламетры. — Перажываю, каб хоць даехаў. Галоўнае, праверыць, ці зможа адолець дыстанцыю ўвогуле. Ён проста марыў прайсці менавіта крос-дыстанцыю, па шышках і лесе, а не асфальце. Уся экіпіроўка набывалася на хаду, і мы ехалі мэтанакіравана на гонку.

Праз 53 хвіліны першы круг скончыў Максім СКУР’ЯТ, час якога, як высветліцца пазней, дазволіў яму заняць першае месца сярод мужчын-аматараў у групе Open:

— Гэта мая першая гонка, таму паехаў любіцелем. Калі старацца ехаць за самымі моцнымі, было цяжка, прадыхаўся вельмі моцна. Мне не хапіла тэхнікі на спуск, на пад’ёмах я даганяў лідараў. Пры гэтым апошні тыдзень былі праблемы са здароўем, і на ровар я не сядаў пяць дзён, таму мне цяпер добра і тое, што да фінішу даехаў. Мэта была максімальна доўга пратрымацца з першымі, а пасля вытрываць.

Адкрыем невялікую таямніцу. Максім у мінулым майстар спорту па гонках на шасэ, які перастаў катацца ў 2014-м. Пасля такога перапынку гонка ў межах выстаўкі “Мотавелаэкспа” стала для яго першай.

Кожнага ўдзельніка на фінішы, дарэчы, чакала гарачая каша з мясам, салодкая гарбата і вада, якую арганізаваў партнёр выстаўкі Мінскаблнафтапрадукт.

Таймінг-кантроль і ровар “Турба”

Пераможцаў узнагароджвалі ў канцы дня, а сачыць за іх паказчыкамі падчас руху дапамагала спецыяльная сістэма ад “Першай таймінг кампаніі 42195.BY”. Дзіўная назва для тых, хто ў тэме, тлумачыцца вельмі проста: 42 195 метраў — даўжыня марафонскай дыстанцыі.

— Сістэма дазваляе бачыць агульны вынік на кожным кіламетры, вылічвае сярэдні час. Можна задаць ёй розныя ўмовы: рабіць метку на кожным кіламетры ці ў сярэдзіне дыстанцыі. Для гэтага там трэба дадатковае абсталяванне паставіць. Аднак, як правіла, такія меткі ставяцца ў дальніх месцах, каб было бачна, што ўдзельнікі не “зрэзалі” шлях на аддаленых участках, — расказаў Сяргей ВЯНГЕРСКІ, кіраўнік “Першай таймінг кампаніі 42195.BY”. — Сёння нам нават гэтага не прыйшлося рабіць, бо шлях велагоншчыкаў пралягаў так, што паўсюдна была вада, і інакш як па ўсёй трасе яны б праехаць не змаглі.

Для дакладных звестак галоўнае, падаць пра сябе правільна ўсю інфармацыю, каб сістэма ўлічыла ваш узрост, навыкі і іншае пры падліку асабістых вынікаў. Літаральна праз пяць хвілін пасля фінішу апошняга ўдзельніка сістэма ўжо ведала, хто за колькі і як праехаў. Госці ж выстаўкі даведаліся пра гэта толькі а пятай гадзіне вечара.

Галоўны прыз велазабегу — ровар “Аіст Турба” мадэль фітнес-класа ад мотавелазавода — атрымаў Цімафей БУЯНАЎ, хлопец, які стаў таксама пераможцам у намінацыі юніёры катэгорыі прафесіяналаў.

— Мотавелазавод заўжды выступае як мінімум за здаровы лад жыцця, пра што сведчыць і яго прадукцыя: ад велабегаў да шасэйных ровараў. А як максімум, прадпрыемства падтрымлівае веласпорт. А спорт — гэта заўжды сур’ёзна, таму і прыз сур’ёзны, — заўважыў Валянцін СЛАБАДЗЯНЮК, маркетолаг мотавелазавода, уручаючы сертыфікат на ровар.

“Будзем працягваць катацца далей”, сціпла паабяцаў юнак-пераможца, якому напрыканцы красавіка споўніцца 18.

— Мы вельмі задаволены перамогай і прызам. Цімафей удзельнічае практычна ва ўсіх спаборніцтвах. А пачалося ўсё гадоў сем таму, калі мы першы раз паехалі на фэст “Суседзі”, дзе сын заняў трэцяе месца. Пасля гэтага пайшло-паехала, — кажа бацька Цімафея Алег Альбертавіч.

“Аіст” ды “Гусь”

Пакуль ішоў веламарафон, гледачоў забаўлялі дрыфт-трайк заездамі на картах і стантрайдынгам ад юных байкераў з моташколы MotoKids. Хуткасць, рэзкасць, майстэрства кіравання, пераадоленне перашкод і нечаканыя выкрутасы — усяго было ўдосталь.

Непадалёк праходзілі спаборніцтвы самых маленькіх гасцей выстаўкі, якія арганізавала для дзетак радыё “Мір”. Галоўны прыз — велабег “Аіст” ад Мотавелазавода дастаўся маленькаму мінчаніну, якому і пяці гадоў няма. Яго тата, Андрэй Шашкоў, вядома, быў бязмежна задаволены такім вынікам.

А яшчэ айчынны завод паказаў і дазволіў пратэсціраваць на выстаўцы сёлетнюю навінку — матацыкл TRX 400 “Гусь”. Вясёлая мянушка ўжо стала пазнавальнай, кажуць супрацоўнікі завода. Яны ўпэўнены, што такі прывабны і цікавы матацыкл заслугоўвае ўласнае імя. Як “Гуся” гэтую мадэль, дарэчы, ужо ведаюць і пытаюць не толькі ў нас, а і ў Расіі.

Як кажуць стваральнікі матацыкла, гэта гарадскі варыянт для штодзённага карыстання з магчымасцю выезду на перасечаную мясцовасць. Добры варыянт для паездак на работу і падарожжаў на дачу.

— Ён мае рэсурсны рухавік, які дазваляе доўгі час не праводзіць ніякага рэгламентнага абслугоўвання. У матацыкла цікавая сістэма заправачных ёмістасцяў для масла — заліваецца протса ў раму. Матор чатырохтактны ўжо з еўрапейскімі допускамі, аднак пры гэтым пакінута сістэма сілкавання карбюратарнага тыпу, — падзяліўся тэхнічнымі характарыстыкамі навінкі Валянцін Слабадзянюк.

Дадаткова матацыкл можна ўзброіць кофрамі для перавозу багажу, для чаго завод прапануе спецыяльныя кранштэйны.

У Беларусі пакуль толькі дзве машыны “Гусь”, і абедзьве яны неўзабаве ў складзе калоны байкераў рушаць у эстафету “Полымя міру” за алімпійскім агнём для II Еўрапейскіх гульняў.

— Для нас такое падарожжа цікава як тэст-драйв, бо адзін з кіроўцаў — Юрый Гладчук, журналіст спецыялізаванага выдання АБВ, які мяркуе весці прамы рэпартаж падчас паездкі. Такім чынам мы атрымаем поўную інфармацыю пра яго паводзіны на дарозе і ў побыце, — разлічвае маркетолаг.

На “Мотавелаэкспа” велазавод не толькі ўручаў падарункі, а і сам атрымаў каштоўнасці ў выглядзе дзяўчат — пераможцаў конкурсу “Umbrella Girl Belarus-2019”, які праводзіўся ў межах выстаўкі.

Тварамі будучых рэкламных кампаній мотавелазавода стануць Марыя САКАЛОВА і Алена ЯНОВІЧ, якія атрымалі ад прадпрыемства дыпломы “Міс фотаграцыя”. Яшчэ дзвюх дзяўчат, якія будуць прадстаўляць завод: Наталлю БАБІЦКУЮ і Настассю САНКОВІЧ выбралі па выніках заездаў.

Найлепшыя кастам-цікавінкі і заезд-шоу

На другі дзень выстаўкі ўзнагароджвалі таксама гаспадароў самых яскравых і эксклюзіўных мадэляў. Прадстаўнік DH Studio Юрый МАРОЗ са сваім “Цыркулем” стаў найлепшым у катэгорыі “Кастам мота”. Кастам — азначае літаральна адзіны і непаўторны, другога такога матацыкла ў свеце больш не знойдзеш.

Непаўторны Suzuki Hayabusa (Сузукі Хаябуса), уладарыць над якім Rambo з майстэрні Free Rider, стаў найлепшым матацыклам у катэгорыі “Аэраграфія”. Бакі “жалезнага каня” ўпрыгожвалі выявы чарапоў, а аэраграфічная кампазіцыя называлася “Чэрап і косці — найлепшыя госці”.

Дзмітрый ГРАЧОЎ з санкт-пецярбургскага велаклубу Iron Wheels са сваім незвычайным роварам Black Flag стаў пераможцам намінацыі “Вела кастам”.

Уручаючы дыпломы найлепшым, арганізатары выстаўкі, дарэчы, асобна адзначылі невялікую, аднак вельмі каларытную выстаўку “Беларускі ровар” з рэтра-велатэхнікай айчыннай вытворчасці.

Паказаць свае эксклюзіўныя мадэлі ва ўсёй красе гаспадары чатырох незвычайных ровараў, дзесяці цюнінгаваных матацыклаў і рэтра-аўтамабіля накшталт таго, што Яўгеній Маргуноў у фільме “Аперацыя Ы і іншыя прыгоды Шурыка” разварочваў голымі рукамі, змаглі падчас шоу-заезду. На жаль, эксклюзіўны кастам драг на 402 метры прайшоў досыць сціпла і малалюдна, бо дакладнае месца выезду мала хто ведаў. Затое журналісты налюбаваліся выездам удосталь і абяцалі, што налета таксама прыйдуць.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.