Ён пачаў займацца спортам у дзяцінстве, бо яго крыўдзілі старшакласнікі. Тады хлапчук не мог сабе нават уявіць, што стане чэмпіёнам свету па шматразовым жыме штангі лежачы, майстрам спорту міжнароднага класа і двухразовым рэкардсменам Беларусі па шматпаўторным жыме. Аднак з кожным кілаграмам «жалеза» станавіўся больш загартаваным і дужым. Цяпер, у свае трыццаць, Павел Клындзюк не толькі выступае на элітных спаборніцтвах, але і перадае досвед і энергію іншым як трэнер клуба «Сілавыя віды спорту» ў Чэрвені.
У дзяцінстве Паша займаўся адзінаборствамі. У юнацтве — тайскім боксам. Але ўвесь час цягнула да «жалеза» — гір ды штангаў. У дваццаць чатыры гады ён нарэшце знайшоў сябе ў сілавых відах спорту, калі працаваў у Мінску. «Грошай на трэнажорную залу ў мяне не было, — успамінае ён. — Таму дамовіўся з былым трэнерам Ігарам Барысавічам Вайцяхоўскім займацца там бясплатна. А за гэта я павінен быў прасоўваць клуб, выступаючы на спаборніцтвах».
З цягам часу Павел атрымаў усе магчымыя разрады ў класічным шматпаўторным (альбо рускім) жыме, у тым ліку і самы высокі — «эліту». Але на гэтым не спыніўся: пачаў устанаўліваць рэкорды. А колькі чэмпіянатаў прайшоў: Расіі, Усходняй Еўропы, Еўропы, свету! І ўсюды — бясспрэчны лідар.
— Больш за ўсё мне запомніліся спаборніцтвы на чэмпіянаце свету, — успамінае суразмоўнік. — Калі ехаў туды, марыў пазнаёміцца з акцёрам, прафесійным спартсменам Сяргеем Бадзюком, за якім назіраў яшчэ ў юнацтве. Якое шчасце было паціснуць яму руку, пагутарыць! Ды і атмасфера там асаблівая, а арганізацыя — на найвышэйшым узроўні. Адна з самых прыгожых узнагарод — адтуль жа... Аднак складаней за ўсё даўся чэмпіянат Расіі. Здавалася б, не было чаго баяцца — у мяне добрая падрыхтоўка. Але, калі ўбачыў, што з 15 удзельнікаў у маёй намінацыі шэсць ці сем з «эліты»... Думаў, што абавязаны «зламаць» штангу, адціснуць максімальную колькасць разоў, якую яшчэ ніколі не рабіў. Інакш прайграю. А прайграць я не мог, не за гэтым ехаў. Помню, сціскаў штангу так, што косці трашчалі. Усе былі ў шоку...
«Жалезнага» чалавека не абмінулі траўмы і праблемы са здароўем. Але які спорт без іх? Самай шакуючай для яго ў дваццаць сем гадоў стала навіна пра прыроджаны парок сэрца. «Каб ведаў раней, дык можа і не займаўся б, а піў ці курыў, — жартуе Павел. — А так сілавыя трэніроўкі дапамаглі, хутчэй за ўсё, трымаць сэрца ў тонусе, умацоўваць яго...»
Па-за летась Павел стаў трэнерам. Прыехаўшы з жонкай на яе радзіму ў Чэрвень, зразумеў: «жалезныя» віды спорту тут зусім не развітыя. Давялося самому ўсё наладжваць. Ідэю адкрыць бясплатную трэнажорную залу падтрымала Ларыса Асановіч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Набылі ўсё неабходнае, далі аб'яву. Пачалі набіраць групу дзяцей ад 12 гадоў, дарослым таксама былі рады. «У пятнаццаць гадоў ужо можна рыхтавацца ў майстры спорту, — упэўнены трэнер. — У мяне ёсць такі здольны хлопец, Лёша Суша. У яго ідэальная тэхніка, хуткасць выканання. Яму гэта дадзена ад нараджэння, не інакш! Плюс — неверагодная працавітасць і ўпартасць. За год ён прапусціў хіба адну трэніроўку, ды і тую па стане здароўя».
Чэрвеньскі трэнер займаецца з выхаванцамі не за грошы. Для яго галоўнае — вынікі на спаборніцтвах, удзячнасць у вачах і шчырае захапленне. «Я ніколі не забуду, як мне патэлефанавала жанчына з суседняга Беразіна, і сказала, што хоча трэніравацца, — расказвае ён. — Падумаў: «Жарты нейкія. Пры чым тут іх раён да нашага?!» Аказалася, што Вікторыя Антаневіч усё жыццё марыла займацца «жалезам», але не мела магчымасцяў. Аднойчы, гледзячы прамую трансляцыю з чэмпіянату Расіі, заўважыла мяне ў майцы з надпісам «Чэрвень». Зразумела, што вось, побач жыве і працуе чэмпіён па рускім жыме... Цяпер я не магу ўявіць свой клуб без яе».
Пасля адкрыцця залы Павел вырашыў скарыць новыя вяршыні і арганізаваў свае рэспубліканскія спаборніцтвы «Першы сярод роўных». Яны прайшлі настолькі ўдала, што праз паўгода заснавалі новы, ужо міжнародны турнір «Сіла народа» ў памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў.
— З таго часу заручыўся фінансавай падтрымкай Алега Купіча, старшыні саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Бярэзінскага раёна, — расказвае Павел. — Ён неаднаразова спансіраваў трэнажоры, аплачваў турніры, даваў грошы на дабрачыннасць, падарункі дзецям. З ім мы арганізоўваем розныя акцыі, мерапрыемствы.
Акрамя трэнерскай работы, у Паўла ёсць і асноўная: інжынер-будаўнік ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама. Як усё паспець?
— Ніяк, — адказвае ён. — Калі б паспяваў, мог бы і больш зрабіць. Мала хто дапамагае, даводзіцца самому... Людзей, якім я ўдзячны за падтрымку, не так і многа. Гэта Слава Клімковіч, былы першы сакратар райкама БРСМ. Ездзіў з намі на спаборніцтвы, хварэў, купляў сувеніры... Віка Антаневіч — мая правая рука. На яе магу разлічваць у любой сітуацыі. Ларыса Асановіч і Алег Купіч — без іх не было б нашага клуба і маштабных спаборніцтваў. Аднак і з падтрымкай, бывае, не хапае сіл і цярпення. Часам вельмі хочацца ўсё кінуць і жыць для сябе...
Найбольш цяжка, мяркуе Павел, яго жонцы. Яна як ніхто стараецца ўсё зразумець і падтрымаць. Хоць даход сваёй спартыўнай справай ён у сям'ю не прыносіць.
Спыняе Паўла не кінуць спартыўныя справы толькі ўдзячнасць людзей, поспех яго выхаванцаў. Ды і аднаклубнікі кажуць: «Калі не будзе цябе, Паша, то не будзе нічога».
Юлія АДАМОВЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?