Вы тут

Прэзідэнт: Беларусь разлічвае на развіццё кантактаў з Саветам Еўропы


Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы на сустрэчы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы Андэрсам Кнапэ.


Беларускі лідар адзначыў, што яму прыемна ў чарговы раз (раней гэтая тэма агаворвалася з папярэднікам цяперашняга старшыні) абмеркаваць пытанні развіцця мясцовага самакіравання і перш за ўсё — вопыт Еўропы ў гэтым напрамку.

«Ды ў вас, я паглядзеў, і асабісты вопыт мясцовага самакіравання вельмі салідны», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён дадаў, што ў Беларусі ёсць сваё бачанне развіцця мясцовага самакіравання і наша краіна будзе рухацца ў кірунку большай самастойнасці мясцовага самакіравання.

«Я не скажу, што мы ўражаныя той формай развіцця і існавання мясцовага самакіравання, рэгіянальнага самакіравання ў Еўрапейскім саюзе, але шмат добрага — тое, што створана ў вас, — падлягае запазычанню ў Беларусі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Думаю, добрай дапамогай у рэалізацыі сказанага мною былі б больш цесныя кантакты органаў мясцовага самакіравання адпаведнымі структурамі Еўрапейскага саюза».

На думку кіраўніка дзяржавы, візіт старшыні Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы ў Беларусь надасць новы імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву з еўрапейскім рэгіёнам у плане развіцця мясцовага і рэгіянальнага самакіравання.

У адказ Андэрс Кнапэ адзначыў, што Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы вельмі прыемна бачыць прыхільнасць Беларусі і ўладаў, якую яны праяўляюць да пытанняў мясцовага самакіравання.

Ён таксама распавёў, што гэта яго першы візіт у нашу краіну. "Беларусь заўсёды ўяўляла і ўяўляе цікавасць для Савета Еўропы і нашага кангрэса ў плане супрацоўніцтва. За гэтыя два дні [візіту —"Звязда"] я ўжо атрымаў добрыя ўражанні і ад абстаноўкі, і ад тых абмеркаванняў, якія адбыліся ў нас з прадстаўнікамі ўрада, мясцовых і рэгіянальных уладаў, бізнесу«, — дадаў старшыня Кангрэсу.

Візіт Андэрса Кнапэ пачаўся 27 красавіка і працягнецца да 1 мая. Ён ужо пабываў у Жодзіна, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам мясцовага гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў, наведаў ААТ «БелАЗ». Акрамя таго, у яго адбыліся перамовы са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам.

Запланавана сустрэча ў Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў, удзел у круглым стале па актуальных пытаннях мясцовага самакіравання ў рамках работы Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі. Акрамя таго, плануецца, што Андэрс Кнапэ прыме ўдзел у пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі з удзелам членаў Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад.


Па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам старшыня Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы Андэрс Кнапэ пагутарыў з журналістамі.

Ён адзначыў, што ўражаны Мінскам, яго зелянінай і чысцінёй. Акрамя таго, старшыня Кангрэса пабываў і за межамі сталіцы - па яго словах, там ён убачыў добры настрой уладаў, накіраваны на развіццё невялікіх гарадоў.

Андэрс Кнапэ назваў сустрэчу з кіраўніком дзяржавы вельмі плённай, паколькі на ёй была гранічна ясна пазначана важнасць паглыблення супрацоўніцтва паміж Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы і беларускімі ўладамі. Таксама на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што думае аб змяненні заканадаўства ў гэтай сферы. Па словах Андэрса Кнапэ, гэта звязана з тым, што Беларусь актыўна цікавіцца еўрапейскімі стандартамі, вывучае вопыт Еўропы ў гэтай сферы.

Ён таксама звярнуў увагу, што развіццё і паглыбленне дыялогу - гэта не хуткі працэс, аднак бакі могуць даць пэўныя веды адзін аднаму. У завяршэнні Андэрс Кнапэ заявіў, што, па яго перакананні, добрае грамадства будуецца на моцнай мясцовай уладзе. «Гэта краевугольны камень добрага грамадства», - сказаў ён.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.