Вы тут

Еўрадэпутат: Не думаю, што беларусы будавалі б сабе небяспечную АЭС


Па выніках сустрэчы с Прэзідэнтам дэпутат Еўрапейскага парламента Раландас Паксас падзяліўся падрабязнасцямі з журналістамі. 


Яшчэ ў час размовы з кіраўніком дзяржавы ён адзначыў, што прыехаў у Беларусь за марай. Паводле слоў дэпутата, яна даволі сур’ёзная і яе рэалізацыя можа працягнуцца даўжэй чалавечага жыцця.

«Аснова — дэмілітарызаваць Калінінград і Літву, вось гэты рэгіён. Мяне турбуе сітуацыя ў гэтым рэгіёне, я бачу, што ваенныя ястрабы — не важна, з якога боку — хацелі б пачаць вайну паміж ЗША і Расіяй менавіта ў гэтым рэгіёне. Я выступаю канкрэтна з іншага пункту гледжання: трэба пачаць будаваць адносіны зусім па-іншаму, супрацоўнічаць у культурнай сферы, эканамічнай, паміж універсітэтамі», — сказаў Раландас Паксас.

Такім чынам, дэпутат хоча, каб бяспека дадзенага рэгіёну была гарантаваная дыпламатычнай сілай, а не ваеннай. На яго думку, заступніцтва над рэгіёнам маглі б узяць і Папа Рымскі, і Рускі Патрыярх, каб краіны, якія знаходзяцца вакол гэтай тэрыторыі, прыйшлі да згоды.

Гэта ўжо другая сустрэча Раландаса Паксаса з кіраўнікамі дзяржаў — раней ён ўздымаў гэтую тэму на перамовах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і вышэйшым кіраўніцтвам гэтай краіны. Паводле яго слоў, расійскаму лідару такая ідэя спадабалася. «Я рады, што гэтую ідэю пачуў і Прэзідэнт Лукашэнка. Яму таксама яна спадабалася», — сказаў ён.

Экс-прэзідэнт Літвы праінфармаваў, што у яго запланаваныя сустрэчы з кіраўнікамі Германіі, ЗША і іншых краін. Ён дадаў, што калі кіраўнікі дзяржаў і людзі падтрымаюць такую задумку, то тады можна будзе казаць аб рэалізацыі дэкларацыі або мемарандума.

Іншая прычына візіту дэпутата Еўрапейскага парламента — Беларуская АЭС. Роландас Паксас прызнаў, што пэўныя сілы ў Літве — і не толькі Літве — выкарыстоўваюць будаўніцтва атамнай станцыі для дасягнення палітычных мэтаў.

«Я не думаю, што беларусы будавалі б сабе небяспечную электрастанцыю», — адзначыў экс-прэзідэнт Літвы.

Сябе ён назваў прыхільнікам атамнай энергетыкі і распавёў, як у бытнасць прэм’ер-міністрам Літвы яму давялося прымаць цяжкае рашэнне — зачыніць першы блок атамнай станцыі. Такое жорсткае патрабаванне было агучана Еўрапейскім саюзам.

«Сюды я прыехаў, каб таксама паспрабаваць спыніць недавер — бяспечная гэтая станцыя або небяспечная. Я прапанаваў Прэзідэнту Лукашэнку стварыць самую магутную міжнародную экспертную групу з усіх краін, якія маюць вопыт (па гэтай тэме — „Звязда“), можа быць, мелі і няшчасце», — распавёў Раландас Паксас.

Такая група, упэўнены дэпутат, дапаможа пераканаць людзей у бяспецы гэтага праекта. Ён таксама прызнаў, што станцыя будзе пабудавана і будзе працаваць. «Трэба ўсім зараз жа ісці насустрач, быць вельмі празрыстымі, каб як мага больш ўкласці ў бяспеку гэтай станцыі», — дадаў экс-прэзідэнт Літвы.

Раландас Паксас нагадаў, што пэўны час таму Літва мела тры прыярытэту замежнай палітыкі — стаць членам НАТА, стаць членам ЕС, а таксама мець добрыя адносіны з суседзямі.

«На жаль, з трэцім прыярытэтам не вельмі атрымалася. З-за многіх прычын, можа, з-за кіраўніцтва. Гэта трэба папраўляць», — падкрэсліў дэпутат.

Ён таксама адзначыў, што калі бог дае суседа, з ім трэба жыць у міры і згодзе. Ёсць і іншы пункт гледжання: добрымі суседзямі робіць высокі плот паміж імі. Але дэпутат кіруецца менавіта першым прынцыпам.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.