Вы тут

«Дзікае паляванне караля Стаха» плануецца перакласці на кітайскую мову


Гістарычны дэтэктыў Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» плануецца перакласці на кітайскую мову. Гэты маштабны міждзяржаўны праект, прымеркаваны да 90-гадовага юбілею беларускага класіка, беларуская дэлегацыя абмяркоўвала з кітайскімі выдаўцамі ў межах 26-й Пекінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі.


Як адзначыў кіраўнік дэлегацыі, намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі, супрацоўніцтва нашых краін у галіне кнігавыдання доўжыцца не адзін год і мае канкрэтныя вынікі. Так, у Мінску ў перакладзе на беларускую і рускую мовы выдадзеныя ўжо больш за 30 кітайскіх аўтараў, ад класікаў Лі Бо, Ван Вэя, Ду Фу да сучасных літаратараў паэта Ван Гочжэня і славіста Ван Цзянчжаа. Пры фінансавай падтрымцы кітайскага боку ў Беларусі выйшлі тэматычныя нумары часопісаў «Нёман», «Маладосць», «Бярозка» і «Вясёлка». У Кітаі, у сваю чаргу, сёлета ўбачылі свет «беларускі» нумар аўтарытэтнага часопіса «Захад» і адмысловае выданне «10 выдатных людзей Беларусі» (яно ўключае, у прыватнасці, літаратурныя біяграфіі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і балетмайстра Валянціна Елізар'ева, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч і першадрукара Францыска Скарыны) а ў хуткім часе выйдзе з друку кніга Сі Цзіньпіна пра дзяржаўнае кіраванне — на беларускай мове.

Наступным крокам мусіць стаць пераклад і распаўсюджванне на тэрыторыі Кітайскай народнай рэспублікі твораў беларускіх аўтараў. У якасці пілотнага праекта абраная кніга Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». І хоць адзін толькі высакаякасны прафесійны пераклад твора на кітайскую мову, паводле ацэнак спецыялістаў, абыдзецца ў 15—17 тысяч долараў, але гэтую работу абодва бакі лічаць важнай і перспектыўнай. Сярод іншых праектаў, якія выклікалі цікавасць у кітайскіх выдаўцоў, — пераклад беларускіх народных казак і кніг для дзяцей і падлеткаў, сумесны выпуск вучэбнай літаратуры, дапаможнікаў і мультымедыйных дадаткаў да яе.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Іерогліфы для Караткевіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.