Вы тут

У Мінску стартавала спецыялізаваная выстаўка «Будпрагрэс-2019»


Учора ў Мінску стартаваў штогадовы міжнародны будаўнічы форум — 27-я спецыялізаваная выстаўка «Будпрагрэс-2019».


Футбольны манеж на мінскім праспекце Пераможцаў ужо даўно стаў аб'ектам «двайнога» прызначэння. Тут рэгулярна праводзяцца і знакавыя спаборніцтвы, і буйныя міжнародныя выставачныя форумы. Вось і цяпер пад дахам манежа і тэрыторыі вакол яго працуе «Будпрагрэс-2019».

Намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Кухараў, які ва ўрадзе адказвае за пытанні развіцця будаўнічага комплексу, транспарту і камунікацый, жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, у час цырымоніі адкрыцця выстаўкі назваў яе правядзенне добрай традыцыяй. Ён адзначыў, што яго радуе пастаянны рост удзельнікаў «Будпрагрэса». Уладзімір Кухараў вітаў удзел у выстаўцы замежных фірмаў і кампаній, якія дэманструюць свае сучасныя напрацоўкі і дасягненні. Паводле яго слоў, правядзенне такіх мерапрыемстваў садзейнічае развіццю будаўнічай галіны, з'яўляецца пляцоўкай для знаёмства з яе новымі кірункамі і тэхналогіямі, у тым ліку БІМ-тэхналогіямі, падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.

Па словах Уладзіміра Кухарава, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва правяло вялікую работу па пераводзе праектаў жылых дамоў на выкарыстанне электрычнай энергіі. З Міністэрствам энергетыкі вырашаецца пытанне забеспячэння аб'ектаў неабходнай колькасцю электраэнергіі, уводу ў эксплуатацыю дадатковых падстанцый.

«Сёння ў частцы будаўніцтва ніякіх праблем няма», — адзначыў віцэ-прэм'ер.

Урад разлічвае, што электрычнае ацяпленне будзе шырэй выкарыстоўвацца і пры індывідуальным жыллёвым будаўніцтве. «Думаю, у найбліжэйшы час убачым значны ўсплёск будаўніцтва такога жылля», — адзначыў Уладзімір Кухараў.

І сапраўды, свае навінкі тут прадставілі больш за 150 вядучых будаўнічых кампаній з Беларусі, Кітая, Літвы, Бельгіі, Расіі, Украіны і іншых краін. Калектыўныя экспазіцыі сфарміравалі кампаніі-вытворцы з Польшчы, якія традыцыйна праяўляюць дзелавы інтарэс і зразумелую цікавасць да гэтай выстаўкі, а праз яе і да беларускага рынку будаўнічых матэрыялаў. Напрыклад, 15 польскіх вытворцаў прадставілі шырокі асартымент матэрыялаў і абсталявання: герметыкі, сучасныя ацяпляльныя прылады, грылі і каміны, сантэхніку, кантрольна-вымяральнае абсталяванне для выпрабаванняў бетону, асвятляльныя прыборы і дэкаратыўнае асвятленне, дахавыя аксесуары і плёнкі, а таксама канструкцыі зборных драўляных каркасных дамоў і іншае.

Дарэчы, «Будпрагрэс» уяўляе інтарэс не толькі для прафесіяналаў, але і ўсіх тых, хто будуе дом, дачу, робіць рамонт, займаецца дызайнам і добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол новай пабудовы. У ходзе семінараў і канферэнцый, майстар-класаў, на якія багатая праграма выстаўкі, можна атрымаць адказы на пытанні, якія хвалююць прыватнага забудоўшчыка.

Новыя шматабяцальныя кантакты паміж удзельнікамі мерапрыемства і наведвальнікамі ўжо наладжваюцца на стэндах выстаўкі. Ці перарастуць яны ва ўзаемавыгадныя для бакоў кантракты? Хутчэй за ўсё так. У прыватнасці, у дзелавой частцы праграмы выстаўкі запланавана абмеркаванне праблемных пытанняў павышэння эфектыўнасці экспарту будаўнічага комплексу Беларусі.

Леанід Тугарын

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Для прафесіяналаў і аматараў будаўніцтва

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.