На гэтым тыдні ў Савеце Абу-Дабі па спорце адбылася рабочая сустрэча з удзелам кіраўніцтва арганізацыі і прадстаўнікоў беларускага боку. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел генеральны сакратар Савета Абу-Дабі па спорце Арэф аль-Авані, тэхнічны дырэктар Савета Абу-Дабі па спорце Талаль Мастафа аль-Хашэмі, генеральны Сакратар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Анастасія Марыніна і Пасол Рэспублікі Беларусь у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах Андрэй Лучанок.
Бакі абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва і магчымасці абмену вопытам у рамках распрацоўкі і рэалізацыі сумесных баскетбольных праектаў, а таксама арганізацыю візіту ў адказ у Беларусь. Плануецца, што ўдзел у сумесных кэмпах у Мінску возьмуць найлепшыя каманды юнакоў і дзяўчат з Абу-Дабі. Таксама асобна абмяркоўвалася тэма развіцця алімпійскага віду 3х3, правядзенне турніраў і таварыскіх гульняў.
Арэф аль-Авані заўважыў, што неаднаразова бываў у беларускай сталіцы. Напрыклад, у чэрвені 2019 года генеральны сакратар наведаў цырымонію адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. Ён адзначыў высокі ўзровень арганізацыі і правядзення маштабных спаборніцтваў у нашай краіне.
— Мы рады, што супрацоўніцтва развіваецца ў першую чаргу дзякуючы асабістым кантактам і ўзаемадзеянню паміж кіраўнікамі нашых краін, — падкрэсліла Анастасія Марыніна. — Асаблівым складнікам супрацоўніцтва паміж краінамі з'яўляецца спартыўная сфера, а каля вытокаў сумесных праектаў стаіць Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Мы спадзяёмся на тое, што работа па развіцці баскетбола ў абедзвюх краінах будзе працягнутая, каманды Абу-Дабі наведаюць з візітам у адказ Мінск і рэалізуюцца ўсе намечаныя праекты.
Візіт беларускай баскетбольнай дэлегацыі ў Абу-Дабі праходзіць з 15 да 22 кастрычніка, ён рэалізуецца ў рамках Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Прэзідэнцкім спартыўным клубам і Саветам Абу-Дабі па спорце. Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы спартыўнага клуба «Бані Яс» і пасольства Рэспублікі Беларусь у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Плануецца, што фарм-каманда «Цмокі-Мінск» згуляе таварыскія матчы з баскетбольнымі клубамі Абу-Дабі.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.