Дваццацідвухгадовая Карына ЯРАШЭВІЧ і дзевятнаццацігадовая Караліна ЮХНІК са школьных гадоў ведалі, з чым хочуць звязаць сваю будучыню. Цяпер яны — маладыя спецыялісты ў раённым аддзеле ўнутраных спраў гарадскога пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці. Як ім на першым рабочым месцы?
Карына родам з Рагачова. Скончыла Акадэмію МУС па спецыяльнасці «Правазнаўства», з лета гэтага года працуе па размеркаванні ў РАУС на пасадзе інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
— З чацвёртага класа вызначылася, што хачу насіць пагоны на плячах. Пры выбары прафесіі не абапіралася ні на заробак, ні на прэстыжнасць, арыентавалася толькі на ўнутранае прадчуванне. Пасля восьмага класа паступіла ў Мінскае абласное кадэцкае вучылішча ў Слуцку на факультэт міліцыі. Лічу, што атрымала там добры вопыт для далейшай кар'еры. Да таго ж там сустрэла свайго будучага мужа Антона. Цяпер у мае абавязкі ўваходзіць прафілактычнае назіранне і кантроль за асуджанымі: пошук тых, хто мае судзімасць, праверка іх па месцы жыхарства, вынясенне пакаранняў у выглядзе грамадскіх работ і іншае. Акрамя таго, нямала часу займае афармленне дакументаў, — дзеліцца дзяўчына.
Наваспечаны спецыяліст кажа, што спачатку ўключыцца ў працэс было нялёгка, але дапамагла падтрымка родных і сяброў. Карына прызнаецца, што цяпер нават на выхадных цяжка пазбавіцца ад думак пра работу, бо прафесія вымушае быць заўсёды на сувязі.
— Перажывала, што да мяне будуць ставіцца несур'ёзна з-за ўзросту. Але ў большасці выпадкаў тыя, хто стаіць на ўліку ў РАУС, не ігнаруюць мае патрабаванні. У залежнасці ад планаў на дзень мне трэба або знаходзіцца на сваім месцы ў аддзеле, або выязджаць у вёскі на праверку асуджаных. Мяне такія абавязкі не палохаюць. Канешне, бывае, што сутыкаюся з хамаватымі людзьмі, якія даюць волю эмоцыям, не кантралююць сябе. Таму важна быць псіхалагічна падрыхтаваным, дзесьці прамаўчаць, а дзесьці павысіць голас, — працягвае Карына. — Фізічная падрыхтоўка таксама павінна быць добрай. У вольны час імкнуся ёй займацца. Удзяляць увагу хочацца і ўнутранаму свету, самаразвіццю. Таму ў планах — атрымаць дадатковую адукацыю псіхолага. Гэта дапаможа як у службовай дзейнасці падчас работы з людзьмі, так і ў побыце.
Карына ўспамінае: да размеркавання знаёмыя жартавалі, што яна не вытрымае на новым месцы і некалькіх тыдняў, маўляў, стане вельмі сумна.
— Але я знайшла сабе заняткі па душы: спорт на свежым паветры, прыгатаванне дамашніх страў для знаёмых. Шчыра кажучы, для мяне не так важна, дзе я жыву. Галоўнае — каб побач былі добрыя людзі, — упэўнена суразмоўніца.
А для Караліны размеркаванне ў Акцябрскі не было сюрпрызам, бо дзяўчына сама адсюль родам. Пасля дзявятага класа паступіла ў Мінск у каледж бізнесу і права, адвучылася па спецыяльнасці «Правазнаўства», атрымала дыплом юрыста. З ліпеня гэтага года — на пасадзе інспектара групы кадраў у РАУС.
— Больш працую з дакументамі, чым з людзьмі, але мне гэта вельмі падабаецца! Кожны новы рабочы дзень для мяне праходзіць насычана. Бываюць цяжкасці, але без іх ніяк, гэта карысны вопыт. Старэйшыя калегі заўсёды дапамагаюць і словам, і справай, а я імкнуся зрабіць усё правільна, — расказвае Караліна.
— Што было вырашальным падчас вызначэння з прафесіяй? — пытаюся ў гераіні.
— З малодшых класаў была ўпэўнена, што стану міліцыянерам. Глядзела серыял «Вяртанне Мухтара» і ўяўляла сябе на месцы галоўных герояў. Пазней мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення ў каледж. Дарэчы, мне заўсёды хацелася быць падобнай да старэйшай сястры, якая цяпер служыць у сталіцы ў адным з падраздзяленняў органаў унутраных спраў, — адказвае дзяўчына. — У міліцыі працаваць змогуць, напэўна, не ўсе. Тут патрэбны цвёрды, стрыманы характар, упартасць і працавітасць. У мяне гэта ёсць, што дапамагае ў многіх сітуацыях. Зразумела, што, калі прыходзіш на першае рабочае месца, прысутнічаюць страх і перажыванні. Але я паставіла сабе мэту і рушу да яе.
Да размеркавання дзяўчына тры гады пражыла ў Мінску.
— Пасля навучання ў каледжы зразумела, што мне не хапала той цішыні, якая ёсць на малой радзіме. А цяпер яна са мною, як і мае сваякі, сябры, — кажа суразмоўніца.
Караліна прызнаецца, што быць прыкладам для іншых — гэта тое, да чаго яна імкнецца ў прафесіі: «Спадзяюся, што буду выдатным супрацоўнікам».
Дар'я ШЛАПАКОВА
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».