Вы тут

Аляксандр Карлюкевіч: Кніжная прастора Беларусі застаецца па-ранейшаму прывабнай


З 5 па 9 лютага ў сталіцы нашай краіны пройдзе XXVII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Традыцыйна свята беларускай кнігі — і падсумоўванне таго, што адбылося ў кніжнай галіне ў мінулым годзе, і вызначэнне перспектыў на найбліжэйшы час, а можа быць, — і на найбліжэйшыя гады. Таму наша размова з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам КАРЛЮКЕВІЧАМ — пра выстаўку і не толькі.


— Скажыце, чым выстаўка-кірмаш у лютым 2020 года будзе адрознівацца ад сваіх папярэдніц?

— Ведаеце, рыхтуючыся да выстаўкі-кірмашу, і  Міністэрства інфармацыі, і «Макбел» (выстаўка носіць дзяржаўна-прыватны характар), і, спадзяюся, уся кніжная супольнасць краіны чакаюць нечага новага, адмысловага, адпаведна — плануюць здзейсніць нешта адметнае. Так што, пачынаючы з сярэдзіны лютага 2019 года, прааналізаваўшы вынікі папярэдняй выстаўкі, мы пачалі рыхтавацца да новага кніжнага свята. Вось і атрымліваецца, што падзея, якой нарэшце мы дачакаліся, — адлюстраванне нашай штодзённай шматпланавай працы ў галіне кнігавыдавецкай дзейнасці, у галіне кнігараспаўсюджвання і нават у галіне паліграфіі. Таму прывяду некалькі лічбаў, якія характарызуюць 2019 як год кніжны. За дванаццаць месяцаў у краіне выйшла 9619 назваў кніг і брашур агульным тыражом 26,0 млн экзэмпляраў.

— А калі параўноўваць з 2018 годам?..

— Па назвах на 0,5 працэнта меней. А па тыражы — на 1,7 працэнта болей. Што дрэнна, скарацілася выданне кніг на беларускай мове — на 4,0 працэнта па назвах, на 13,7 працэнта па тыражы. Увогуле, літаратура на беларускай мове займае 13,2 працэнта па назвах, 14,2 працэнта па тыражы ад агульнай колькасці выдадзеных кніг.

— Выходзіць, што беларускамоўная кніга страчвае свае пазіцыі?

— Ды не зусім так. Напрыклад, у 2010 годзе беларуская кніга займала 8,6 працэнта па назвах, 9,3 працэнта па тыражы. Але аб працэнтах і колькасных паказчыках трэба гаварыць асобна. Хіба што падкрэслю, што кнігі ў краіне выходзяць не толькі на беларускай і рускай мовах. На англійскай пабачыла свет 559 назваў. Па тыражы — 10,1 працэнта ад агульнага накладу і ў колькасці 2,64 млн асобнікаў. Гэта не можа не ўражваць. Гэта варта аналізаваць, разглядаць з пункту гледжання новых тэндэнцый. На нямецкай выдалі 64 назвы кніг, брашур, на французскай — 44, на іспанскай — 26, на іншых замежных мовах — 129 назваў. Не магу ўтрымацца яшчэ ад адной статыстычнай характарыстыкі. 9,1 працэнта складаюць — па назвах — перакладныя кнігі. Гэта 879 назваў. А ў 2018 годзе было 857 назваў, у 2015-м — 545 назваў. Пагадзіцеся, Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ: «Кніжная прастора Беларусі застаецца па-ранейшаму прывабнай» цікавыя параўнанні. Перакладчыкі перастваралі з  рускай, польскай, нямецкай, англійскай, шведскай, украінскай, дацкай, італьянскай, французскай, кітайскай і іншых моў.

— І ўсё ж аб праграме выстаўкі-кірмашу…

— Сваю пячатку на фармат кніжнага свята накладвае і тое, што сёлета краінай — ганаровым госцем з’яўляецца Расійскай Федэрацыя. А цэнтральным экспанентам — Злучаныя Штаты Амерыкі. Несумненна, гэтыя дзве акалічнасці паўплывалі на фарміраванне праграмы, на тыя мерапрыемствы, да ўдзелу ў якіх мы запрашаем мінчан і гасцей сталіцы. Расіяне прывезлі шмат літаратараў, чые кнігі прадаюцца, добра вядомыя ў Беларусі. Гэта — і Леанід Млечын, і Мікалай Далгаполаў, і Дзяніс Драгунскі, і Аляксандра Марыніна, Мікалай Чаркашын, Мікалай Іваноў, дзіцячыя пісьменніцы Ганна Ганчарова, Наста Томская… Вельмі шмат плануецца мерапрыемстваў, якія пазнаёмяць з кнігамі «Молодой гвардии» — найперш з серыяй «Жыццё знакамітых людзей». Прыходзьце па кнігі «Ракасоўскі», «Конеў», «Жукаў», «Героі бітвы за Каўказ», «Героі абароны Масквы-1941». На выстаўцы-кірмашы яны будуць каштаваць танней, чым звычайна ў кнігагандлі. Між іншым, удзел у расійскіх імпрэзах прымуць і беларускія пісьменнікі. Напрыклад, Вячаслаў Бандарэнка прэзентуе, лічы, сваю бібліятэчку з кніг, выдадзеных у прэстыжнай «маладагвардзейскай» серыі «Жыццё знакамітых людзей». Так што будзе магчымасць не толькі набыць біяграфічныя кнігі В. Бандарэнкі, але і атрымаць яго аўтограф.

Ваенна-марскі пісьменнік Мікалай Чаркашын (ён, між іншым, нарадзіўся ў Ваўкавыску), якога чытач і ў Расіі, і ў Беларусі ведае на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, прэзентуе раман «Брэсцкія вароты».

Дарэчы, калі гаварыць пра агульную лічбу мерапрыемстваў у межах выстаўкі, то іх колькасць недзе каля 500... І 70 розных імпрэз, прэзентацый, аўтограф-сесій пройдзе на пляцоўках па-за межамі асноўнай экспазіцыі — у літаратурных музеях, кнігарнях, бібліятэках Мінска. Дарэчы, гэтым вызначаецца практыка і найболей аўтарытэтных кніжных выставак у свеце. Напрыклад, у Санкт-Пецярбургу ці Львове. Нацыянальны гістарычны музей Беларусі пазнаёміць наведвальнікаў з выстаўкай краязнаўчай літаратуры. У кнігарні «Светач» літаральна кожны дзень з 5 па 9 лютага будуць праходзіць прэзентацыі.

— Відаць, не толькі гэтым адзначаны Год малой радзімы?..

— Калі мы пачыналі падсумоўваць вынікі папярэдняга, 2019-га, кніжнага года, то гаварылі пра лічбы. Але ж за той сухой статыстыкай — цікавыя, адметныя выданні. У тым ліку — і серыя кніг выдавецтва «Беларусь» «Па роднаму краю», у якой выйшлі «жыццяпісы» тых ці іншых мясцін Беларусі. Размова — пра кнігі Юрыя Кур’яновіча, Ігара Пракаповіча, Алеся Марціновіча… А літаральна днямі з друкарні прыйшла, уляцела ў чытацкую прастору фотакніга Леаніда Дранько-Майсюка і Анатоля Клешчука «Кветкавы край Беларусі». Паэт, празаік, публіцыст і фотамастак, журналіст газеты «Звязда» здолелі настолькі рэльефна, выразна распавесці пра Давыд-Гарадок, што ўжо пасля знаёмства з першымі старонкамі ўзнікае жаданне выправіцца на Берасцейшчыну, сесці ў човен і паплыць па Гарыні. Зазірнуць у кветнікі старажытнага паселішча, залезці ў агароды, сады гарадчукоў, пазнаёміцца з кожным куточкам горада, які наўздзіў прыгожа паказвае праз мясціны і людзей беларускае Палессе. Захопленасць аўтараў перадаецца і чытачу, і гледачу. А яшчэ кніга пра Дражна Старадарожскага раёна, якую напісаў краязнаўца, гістарычны публіцыст, палітычны і дзяржаўны дзеяч, дыпламат Уладзімір Дражын. Выданне ўнікальнае, напоўненае цеплынёй, пяшчотай і разам з тым багатае на размову пра перспектывы вёскі і краіны.

— А мастацкія кнігі… Якія мастацкія кнігі запомніліся з 2019 года?

— Самыя сімпатычныя ўражанні — ад нечаканай кнігі таленавітага, яркага паэта Алеся Бадака «Развітанне з вечнасцю»... «У мае вершы часта залятаюць матылькі», — сцвярджае Алесь Бадак. У кнізе — і вершы, і расповед пра тое, як, у якіх варунках яны нараджаліся. Такая кніга — як сур’ёзнае мастацкае адкрыццё…

Спадзяюся, што дыскусійнай пляцоўкай для пісьменніка і чытача стане прэзентацыя гістарычных раманаў Людмілы Рублеўскай, якую ладзіць Выдавецкі дом «Звязда». Серыя кніг пра Пранціша Вырвіча ўжо добра вядомая чытачу, і, відавочна, размова атрымаецца досыць цікавая. Запрашаем да ўдзелу ў ёй літаратурную моладзь, тых, каму цікавыя не толькі класічныя традыцыі ў беларускай літаратуры, але і сённяшнія мастацкія пошукі. Будуць на выстаўцы падведзены і вынікі рэспубліканскага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет». «Мастацкая літаратура» ўжо ці не чацвёрты раз выпускае альманах твораў маладых аўтараў «Першацвет». Ужо шмат хто з яго старонак пачынае свой шлях у літаратуру.

— Асобнае месца ў праграме, пэўна, зойме і  Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час»…

— Так, гэтая сустрэча пісьменнікаў з розных краін ладзіцца ўжо шосты год запар. Пачатак — у 2015 годзе. І сёлета як ніколі для правядзення сімпозіума падыходзіць сама ідэя кніжнай выстаўкікірмашу: «Беларусь — адкрытая кніга». На форум пісьменнікаў, які ладзяць супольна з Міністэрствам інфармацыі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», прыедуць паэты, празаікі, літаратуразнаўцы амаль з 30 краін свету: з Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Польшчы, Пакістана, Туркменістана… Расію прадставяць літаратары розных рэгіёнаў гэтай шматнацыянальнай краіны. Дарэчы, адмысловай пляцоўкай, дзе яны змогуць пачытаць вершы на сваіх мовах і па-за межамі сімпозіума, стане кнігарня «Дружба», якая размешчана таксама на праспекце Пераможцаў.

— Сапраўды, праграма XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу досыць насычаная…

— І мы згадалі толькі асноўныя яе аспекты. Каб убачыць, адчуць усе адметнасці развіцця кнігавыдання, сучаснай беларускай літаратуры за апошні год, проста прыходзьце на Пераможцаў, 14 і знаёмцеся з усімі адметнасцямі. А калі знойдзеце час, то зазірніце і ў іншыя адрасы кніжнага свята!.. Усім жадаю сустрэч і адкрыццяў у знаёмстве з новымі кнігамі!.. Да сустрэчы на выстаўцы!

Гутарыў Максім ВЕЯНІС

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.