Вы тут

Ніводзін зварот жыхароў Міншчыны на прамую лінію не застанецца без увагі


Самыя розныя пытанні хвалявалі жыхароў цэнтральнага рэгіёна, якія звярнуліся на прамую тэлефонную лінію, што правяла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Гэта ўладкаванне дарог, атрыманне сямейнага капіталу, павышэнне пенсій, паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання і шмат іншага. Адных заяўнікаў Наталля Віктараўна пракансультавала, запыты іншых накіравала ў адпаведныя службы і органы мясцовай улады. У азначаныя заканадаўствам тэрміны яны атрымаюць адказы. А ў некаторых выпадках спецыялісты выедуць на месца, каб разабрацца ў абставінах.


Любоў Сцяпанаўна са Слуцкага раёна хадайнічала за сям'ю свайго сына, дзе выхоўваюцца чацвёра непаўналетніх дзяцей. Апошні хлопчык нарадзіўся нядаўна — яму сем месяцаў. Калі бацькі звярнуліся па сямейны капітал, высветлілася, што яны не маюць на яго права. Дакументы неабходна было падаць у адпаведныя службы, пакуль немаўляці не споўнілася шэсць месяцаў. Куды толькі не звярталіся сужэнцы — адказ адзін: прапушчаны ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны. Бацькам парэкамендавалі звярнуцца ў суд. Калі ён палічыць, што пратэрміноўка адбылася па аб'ектыўных прычынах, то пытанне можа вырашыцца станоўча.

Наталля Якубіцкая паабяцала разабрацца ў сітуацыі.

Віктар Анатолевіч з вёскі Бабоўня Капыльскага раёна паскардзіўся, што жыхары населенага пункта засталіся без урача, якая на два месяцы з'ехала на курсы павышэння кваліфікацыі, пасля сышла ў водпуск. А дабірацца да раённай паліклінікі старым людзям, інвалідам далекавата — дваццаць кіламетраў.

Наталля Віктараўна патэлефанавала старшыні Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірыне Кісляк.

— Дайце даручэнне галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы, каб накіроўваў на ўчастак медыка хоць раз на тыдзень, а пра час яго прыезду папярэджвалі жыхароў.

У няпростай сітуацыі аказалася Марына Фёдараўна з вёскі Андросаўшчына, зноў жа Капыльскага раёна. Яна ў разводзе з мужам, але жыве з ім пад адным дахам. Мужчына не плаціць аліменты, выносіць з кватэры і прадае яе рэчы. Жанчына звярталася ў міліцыю. Дэбашыра забіралі, а праз некалькі гадзін адпускалі, і ўсё паўтаралася нанова.

Наталля Якубіцкая даручыла Ірыне Кісляк узяць пытанне на асабісты кантроль, а таксама сабраць пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы парадку з запрашэннем на яго ўчастковага міліцыянера.

— Нельга дапускаць, каб дзеці былі сведкамі сямейных сцэн, якія траўмуюць іх псіхіку, — рэзюмавала яна.

Складаныя жыццёвыя абставіны прымусілі жыхара вёскі Яневічы Мядзельскага раёна Уладзіміра Віктаравіча папрасіць дапамогі. Ён, як і яго грамадзянская жонка, атрымлівае зусім невялікую пенсію. Грошай, вядома, не хапае.

— У вас ёсць дзеці? — пацікавілася Наталля Якубіцкая.

— У жонкі ёсць сын, які даводзіцца мне пасынкам. Яму пяцьдзясят гадоў, лайдачыць, нідзе не працуе. І чакаць ад яго дапамогі не выпадае.

— А ці наведвае вас сацыяльны работнік? — спытала Наталля Віктараўна і атрымала адмоўны адказ.

Наталля Якубіцкая звязалася са старшынёй Мядзельскага раённага Савета дэпутатаў Алегам Бароўкам:

— Вы, калі ласка, разбярыцеся ў сітуацыі. Неабходна, каб сацыяльныя службы наведаліся на месца. Магчыма, сям'і неабходна матэрыяльная дапамога. А можа, варта замацаваць за ёй сацыяльнага работніка.

Усяго ж Наталля Якубіцкая выслухала 27 заяўнікаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв'ю: donskih.ru

Загаловак у газеце: Дапамога будзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Грамадства

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба. 

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.