Вы тут

Віртуальнае падарожжа па краінах і кантынентах


Нацыянальны гістарычны музей запрашае на праект GEAGRAFIJA


Раман Коршунаў «У Арменіі». 2018 г.

Яркі каларыт Усходу і ўтульная атмасфера балканскіх краін... У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі працуе выстаўка з шырокай геаграфіяй. Сем мастакоў-рэалістаў з Беларусі прадставілі свае жывапісныя палотны. Усе аўтары — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сябры Беларускага саюза мастакоў: Антон Вырва, Васіль Пяшкун, Віталь Гуназа, Міхаіл Крот, Павел Хадаровіч, Раман Коршунаў, Уладзіслаў Пятручык.

Калі звычайныя турысты робяць фота на памяць, то мастакі ўзбройваюцца эцюднікамі. Амаль паўтары сотні палотнаў былі напісаны імі менавіта ў дарозе — на пленэрах і асабістых падарожжах па Аўстраліі, Чэхіі, Узбекістане, Кыргызстане, Чарнагорыі, Арменіі, Венгрыі, Танзаніі, Расіі і іншых краінах.

Мэта праекта GEAGRAFIJA — пазнаёміць гледача з культурай, традыцыямі, архітэктурай і прыродай розных краін. Мастакі прадставілі на выстаўцы творы, напісаныя непасрэдна з натуры, і творы, выкананыя ў майстэрнях па ўражаннях ад паездак. Яркі і сакавіты каларыт Усходу, вытрыманыя вытанчаныя фарбы Поўначы, звілістыя вулачкі старадаўніх гарадоў, халоднае дымчатае срэбра гор, капрызны і зменлівы настрой мора — усё гэта адлюстравана на палотнах.

— Пленэр як традыцыйная мастацкая класічная форма заўсёды выклікаў вялікую цікавасць, таму мы часта праводзім выстаўкі менавіта мастацкага характару, — падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Павел Сапоцька. — Выдатна, што ў кожным палатне пэўны погляд беларускага аўтара, нашага мастака. І выдатна, што ўсе майстры, якія прадставілі свае работы, ужо асобы ў нацыянальным беларускім мастацтве.

Так, мастак Павел Хадаровіч прапаноўвае творы розных гадоў. Аснову экспазіцыі складаюць нацюрморты з бытавымі прадметамі традыцыйнай беларускай культуры. Тэму нацыянальнай спадчыны Павел раскрывае праз прадметны сімвалізм. Мастак працягвае традыцыю свайго бацькі — вядомага мастака Уладзіміра Хадаровіча. Асаблівасць нацюрмортаў малодшага прадстаўніка дынастыі — вастрыня кампазіцыі, нечаканыя ракурсы прадметаў і лакальнасці фонаў. Такім чынам увага канцэнтруецца на прадмеце.

Таксама гледача могуць зацікавіць экспрэсіўныя, амаль абстрактныя, эцюды. Мастак вядзе дыялог адразу з рознымі пакаленнямі. Усе выстаўленыя работы Паўла Хадаровіча напісаны ў тэхніцы «Палатно. Алей». Для манеры аўтара характэрны шматколерны мазок, актыўнае ўжыванне фактур, мастыхіну і іншых тэхнічных сродкаў.

Малады мастак Антон Вырва фарміруе сваю індывідуальнасць у рэчышчы рэалістычных традыцый. Ён любіць пейзаж, шукае сваё бачанне прыроды. Яснасць, дакладнасць адбору выяўленчых сродкаў спрыяе перадачы на палотнах гармоніі беларускай душы, якая не заўсёды светлая і радасная, як не заўсёды светлае і радаснае наша амаль паўночнае неба. На выстаўцы аўтар прадствіў у асноўным пейзажы. Імі раскрыў прыгажосць Беларусі, паказаў, наколькі наша краіна багатая на колеры, вобразы і сюжэты.

Работы мастака Рамана Коршунава чапляюць з першага погляду. Цікава падабранае спалучэнне адценняў, запамінальная светлавая гама. Мастак паглыбляе ў прастору, дзе можна пафантазіраваць.

Працуючы ў станковым жывапісе, пераважна ў жанры пейзажу і нацюрморта, мастак прызнае, што найлепшыя яго творы — пра родны край, асабліва ў прамежкавы перыяд: ранняя вясна, позняя восень. Ён бачыць прыгожае ў простых матывах і рэчах. Менавіта ў гэтым яго асаблівасць як мастака.

А Уладзіслаў Пятручык, як бы далёка ні ад’язджаў ад родных краёў, дэманструе ў работах беларускую школу жывапісу — каларыстыку, цягу да класічных рэалістычных традыцый айчыннай мастацкай культуры, што па-майстэрску спалучае з імпрэсіянісцкімі прыёмамі. Незвычайна цяжка сказаць новае слова ў жывапісе, асабліва цяжка — у пейзажы. Зрэшты, Улад Пятручык да гэтага і не імкнецца.

Ён не перастае захапляцца навакольным светам, шчодра дзелячыся з гледачом непаўторнымі імгненнямі адчування радасці быцця. Для яго першачаргова перадаць уражанне, свежасць эмоцый. Прадстаўленыя на выстаўцы пейзажы — жывы сінтэз рэчаіснасці, успамінаў і натуры. Яны напоўнены святлом і ледзьве адчувальнай зменай настрою, што надае асаблівую паэтычнасць. Яго карціны здаюцца простымі і зразумелымі, але знаўцы знаходзяць у іх глыбіню і шматзначнасць.

Каларыстычнага цэлага Улад Пятручык дамагаецца не толькі лакальным колерам або маляўнічым святлаценем, але і суадносінамі каляровых плям. Аўтар асэнсоўвае і перапрацоўвае своеасаблівы дыялог з навакольным светам.

Прадстаўленую выстаўку, безумоўна, можна аднесці да інтэрактыўнай альбо шматжанравай, але ж галоўная яе функцыя адукацыйная. Тут кожны наведвальнік зможа знайсці шмат цікавых фактаў пра іншыя краіны, адкрыць новыя месцы, здзейсніць віртуальнае падарожжа па кантынентах. Адправіцца ў займальную экспедыцыю па экспазіцыі Нацыянальны гістарычны музей запрашае да 10 лютага.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.