Вы тут

Тры жанчыны пад акном шылi маскi вечарком. Іх абурылі кошты на маскі «за бясцэнак» — 4 рублi 50 капеек


Ала сядзела за сталом i ўважлiва разглядала свой палец. Суседка часам заходзiць да мяне, каб пагаварыць i адцягнуцца ад хатнiх спраў. Я падала каву i запытальна на яе паглядзела.


— Палец балiць, — пацiскаючы плячыма, сказала яна. — Шыць не ўмею, вось i выразаю. З нязвычкi да такой работы палец разбалеўся. Валя з чацвёртага пад'езда з пляменнiцай маскi шыюць — трэба дапамагчы.

Аляксандра Шчолакава, Валянцiна Макарчык i Ала Русаковiч рыхтуюцца шыць другую партыю масак.

Я не здзiвiлася. Тысячы людзей хочуць быць карыснымi падчас пандэмii. Гэтае жаданне дапамагаць нармальнае для псiхiчна здаровых людзей. Я ўжо стала прывыкаць да таго, што беларусы аб'ядналiся, каб аказаць дапамогу медыкам i сталым людзям, але для мяне стала поўнай нечаканасцю паведамленне ў вайбер-групе ад той самай суседкi Валянцiны. Яна прапаноўвала ўсiм суседзям разабраць маскi, якiя ветлiва пакiнула ў сваiм пад'ездзе на першым паверсе. Яна не вылучала бедных, багатых, маладых цi пажылых — любы мог прыйсцi i ўзяць маску для сябе i сваiх дзяцей.

— На самай справе мяне проста абурыла паведамленне маiх суседзяў пра тое, што хтосьцi з iх знайшоў маскi «за бясцэнак» у адной з крам — за 4 рублi 50 капеек, — расказвае, з чаго пачыналася яе iнiцыятыва, Валянцiна Макарчык. — Я ведала iх рэальны кошт i разумела, што многiя сем'i ў нашым доме шматдзетныя i лiшнiх грошай на куплю такiх дарагiх масак у iх проста няма. А шматразовыя маскi трэба мяняць кожныя 2-3 гадзiны. Дзе ж столькi грошай узяць людзям? Да таго ж у той час нi ў крамах, нi ў аптэках iх часта проста не было.

Як толькi Мiнiстэрства аховы здароўя забiла трывогу, а ў свеце абвясцiлi пандэмiю, Валянцiна таксама пажадала быць карыснай i дапамагчы медыкам. Жанчына ўмее шыць i хацела прымянiць свае навыкi, таму вырашыла далучыцца да валанцёраў, якiя гэтым ужо займалiся i ў якiх былi пэўныя дамоўленасцi. Лiтаральна за пяць хвiлiн у «Iнстаграме» Валянцiна знайшла патрэбных людзей, а менавiта Кацярыну Гардзееву, якая арганiзавала шыццё масак у сваiм атэлье i развозiла iх па бальнiцах. Валанцёры змянялi адно аднаго, каб забяспечыць нашых дактароў неабходнымi сродкамi аховы. Сярод iх была i Валя. У дзень шылi па 300—500 масак. Працавала яна старанна. Потым выявiла, што масачны дэфiцыт дабраўся i да простых людзей. Валя тады абышла восем аптэк, i нi ў адной з iх не было масак, а ў крамах яны сталi толькi-толькi з'яўляцца за вялiкiя грошы, хоць на самай справе метр тканiны, з якой iх шыюць, каштуе прыкладна 4 рублi. Як валанцёр Валя шыла маскi з марлi, бо праз больш шчыльную тканiну дактарам цяжка дыхаць. Адправiлася ў краму менавiта па марлю, але там яе чакала расчараванне — марлi не было, ужо даўно раскупiлi! Тады жанчына прыняла рашэнне набыць вафельную тканiну, якая ёй здалася найбольш прыдатнай для гэтых мэт. Каштавала тая 3,50 за метр. Купiла на 25 рублёў: для дарослых з нейтральным малюнкам, а для дзiцячых масак — весялейшую. Работы аказалася шмат, таму на дапамогу прыйшлi яе пляменнiца Аляксандра i сяброўка-суседка Ала, якой, дарэчы, давялося не шыць, а выразаць будучыя маскi з тканiны. Валя перажывала: а што, як людзям не спадабаюцца маскi, што, як яны ўжо закупiлi iх сабе i iм больш не трэба? Але справа была зроблена, i таму яна сабрала пакеты з маскамi, паставiла iх у сваiм пад'ездзе на першым паверсе i напiсала аб'яву ў чаце. Праз пару гадзiн у пакетах не засталося нiводнай маскi.

— Разумееце, калi я ўбачыла пустыя пакеты, то была проста шчаслiвая, — кажа Валянцiна. — Наша з дзяўчатамi праца была карысная для людзей! Цяпер мы шыем ужо новую партыю масак. Разумееце, такiя iнiцыятывы аб'ядноўваюць нас i робяць трошачкi дабрэйшымi. Я чытаю прэсу i бачу, як дактары дзякуюць грамадству за падтрымку. Мне здаецца, так мы становiмся сапраўднай супольнасцю i зможам разам перажыць любыя цяжкасцi.

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.